У 2019 годзе 2 прафесары Масачусацкага інстытуту тэхналогій (MIT) выявілі моцную ўзаемасувязь паміж якасцю сну студэнтаў і іх адзнакамі. Чым менш студэнты спалі на працягу семестру, тым ніжэйшыя адзнакі яны атрымоўвалі. Можа падацца, што нічога дзіўнага тут няма і студэнты проста атрымоўваюць лепшыя адзнакі, калі яны не адчуваюць стому. Але ж сапраўднае тлумачэнне гэтаму нашмат больш цікавае і шматграннае. Нажаль у акадэмічным асяроддзі сон часта успрымаецца, як нешта непрадуктыўнае, нешта, што выкрадае каштоўныя гадзіны вучобы ці працы. Піша ed-tech.by.
На сур'ёзны недахоп сну пакутуюць і вучні, і настаўнікі.
Па статыстыцы сусветнай арганізацыі аховы здароўя 2/3 дарослага насельніцтва свету не атрымоўвае дастаткова сну.
Сітуацыя з дзецьмі і падлеткамі можа быць яшчэ горш. Па апытанні, праведзеным нацыянальным фондам сну ЗША, больш за 75% дзяцей ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў не спяць дастаткова.Праблема глабальнага недахопа сну – выклік, які не ў поўнай меры ўсвядомлены грамадствам, але гэта не робіць яе менш разбуральнай, у тым ліку для адукацыі.
Якасны сон не толькі надае сілы вучыцца і працаваць на працягу дня. Сон павышае саму здольнасць чалавека да навучання, спрыяе больш якаснаму запамінанню інфармацыі і робіць нас больш крэатыўнымі.
Калі скласці разам усе спрыяльныя моманты, якія дарыць нам сон, можна без сумнення сказаць, што якасны сон робіць нас разумнейшымі.
Як сон уплывае на памяць?
Дзеля таго каб зразумець, якім чынам сон уплывае на здольнасць чалавека вучыцца неабходна ўзгадаць, як увогуле працуе памяць.
Спачатку інфармацыя ў выглядзе гукавых, візуальных ці іншых стымулаў праз "фільтр" увагі трапляе ў працоўную памяць. Працоўная памяць выконвае функцыю сваеасаблівага працоўнага стала, у межах якога мы можам актыўна працаваць з інфармацыяй. Як і сапраўдны працоўны стол, працоўная памяць мае абмежаваны аб'ём і з'яўляецца тэрміновым сховішчам.
Дзеля таго каб захаваць веды і ўспаміны на больш доўгі час, іх неабходна перамясціць у больш надзейная сховішча – доўгатэрміновую памяць, дзе інфармацыя можа захоўвацца бясконца доўга.
Сон у значнай меры ўплывае на кожны з гэтых працэсаў: здольнасць трымаць увагу, магчымасць захоўваць інфармацыю ў працоўнай памяці і на працэс яе перамяшчэння ў доўгатэрміновую памяць.
У кнізе "Навошта мы спім?" прафесар неўралогіі і псіхалогіі Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Бёрклі Мэтью Уокер, які займаецца вывучэннем сну, распавядае, якім чынам сон і навучанне ўзаемазвязаны. Каб навучанне было найбольш эфектыўным неабходны якасны сон як перад, так і пасля навучання.
Сон перад навучаннем
На працягу дня ўся інфармацыя, якую мы ўспрымаем назапашваецца ў працоўнай памяці. Калі месца ў працоўнай памяці заканчваецца, новыя дадзеныя проста перастаюць захоўвацца ў ёй ці пачынаюць змешвацца ў выніку інтарферэнцыі, што можа прывесці да фарміравання некарэктных успамінаў. Змагацца з гэтым выклікам і аднаўляць рэсурсы мозгу дапамагае звычайны сон.
У адным з эксперыментаў, праведзеных самім Уокерам і яго калегамі, групу здаровых маладых людзей падзялілі на 2 часткі і папрасілі іх паспрабаваць запомніць як мага больш са ста параў імя-твар. Абедзве групы паказалі аднолькавыя вынікі. Пасля гэтага адной з групаў прапанавалі паспаць паўтары гадзіны, а іншая група засталася займацца нескладанымі заняткамі, такімі як настольныя гульні і прагляд сацсетак. У той жа дзень абедзьвум групам зноў далі заданне запамінаць пары імя-твар. Нягледзячы на тое, што па выніках тэстаў абедзве групы захавалі магчымасць канцэнтрацыі на заданні, группа, якой давялося паспаць, выканала заданне на 20% лепей, чым група, якая не спала.
Такім чынам сон аднаўляе магчымасць мозгу захоўваць інфармацыю ў працоўнай памяці і паляпшае памяць. Добры сон перад урокамі неабходны, каб даць магчымасць мозгу назапашваць і аналізаваць новы матэрыял.
Сон пасля навучання
Сон таксама ідзе на карысць памяці пасля навучання. Успаміны і новыя веды перамяшчаюцца з працоўнай памяці ў доўгатэрміновую і замацоўваюцца там у ходзе кансалідацыі. Гэты працэс – сваеасаблівая кнопка "захаваць", якую неабходна націснуць, каб не згубіць новыя файлы. Сон запускае працэс кансалідацыі і дазваляе мозгу бясконца доўга захоўваць інфармацыю.
Гэта было даказана у 1924 годзе, калі 2 нямецкіх даследвацеля Джон Джэнкінс і Карл Даленбах папрасілі 2 группы валанцёраў вывучыць спіс фактаў. Першая група вучыла факты раніцай, а другая ўвечары. Першая група вучыла факты раніцай, а другая ўвечары. Праз 8 гадзін кожная група праходзіла тэст па вывучаным матэрыяле. Першая група не мела магчымасці паспаць да тэсту, другая ж група мела звычайны начны сон.
Другая група прадэманстравала значна лепшыя вынікі, чым група, якая не спала. Пазней гэты эксперымент быў шматразова паўторан іншымі навукоўцамі і вынікі былі аналагічнымі.
Сон на 20-40% паляпшае здольнасць чалавека захоўваць вывучаную інфармацыю, што зусім не дробязь, калі хутка ў вас экзамен.
Пасля таго, як навукоўцы пачалі выкарыстоўваць МРТ-сканаванне ў даследваннях мозга, давялося высветліць, што пад час сну ўспаміны насамрэч перамяшчаюцца з зонаў мозга, якія адказваюць за працоўную памяць, у зоны, якія змяшчаюць доўгатэрміновыя ўспаміны.Нават картокі сон на працягу дня можа дапамагчы якасней запомніць новую інфармацыю. У 2008 годзе было апублікавана даследванне нямецкіх навукоўцаў, якое сцвярджае, што нават 6 хвілін дзённага сну значна павялічваюць магчымасці мозгу запамінаць новы матэрыял. Больш працяглы дзённы сон робіць гэтую працу яшчэ лепш.Часцей за ўсё навукоўцы кажуць, што 20 хвілін дзеннага сну найбольш спрыяльна ўздейнічаюць на эфектыўнасць працы мозгу.Такім чынам відавочна, што сон і эфектыўная адукацыя – неразрыўныя паняцці. Чалавеку неабходна якасна адпачываць перад і пасля вучобы, каб як мага лепш засвойваць новы матэрыял і дэманстраваць добрыя акадэмічныя вынікі.
Нават некалькі хвілін сну ў школе пад час перапынку ці дома перад выкананнем дамашняй работы істотна паляпшаюць вынікі вучняў.
Начныя заняткі. Ці мае сэнс ахвяраваць сном?Не гледзячы на безумоўную карысць сну для навучання, у акадэмічным асяроддзі склаўся сваеасаблівы культ падрыхтоўкі да тэстаў і экзаменаў на працягу ўсёй ночы. Не толькі студэнты, але і вучні сярэдніх школ наўмысна пазбаўляюць сябе сну, каб патраціць больш часу на выкананне задання ці падрыхтоўку да праверачнай работы.Насамрэч даследванні паказваюць, што гэтая стратэгія напэўна горшае, што можа абраць вучань. Эксперэментальна было даказана, што эфектыўнасць падрыхтоўкі да экзамену на працягу ночы на 40% ніжэйшая, чым якасны начны сон.
Гэтая стратэгія дарэчы не заўсёды выбар "безадказных" вучняў. Неінфармаванасць вучняў аб ролі сну ў іх навучанні суседнічае ў гэтым пытанні з вялікай нагрузкай у школе і на пазакласных занятках. Неабходны істотныя змены ў самой культуры навучання, каб ідэя ахвяравання сном дзеля навучання страціла сваю папулярнасць.
Кожны настаўнік можа распавесці сваім вучням пра неверагодную ролю сну ў іх акадэмічных поспехах.
Таксама можа быць карысным пераглядзець план праверачных работ і па магчымасці пазбягаць вялікіх аб'ёмаў матэрыяла ў межах адной праверачнай. Гэта не толькі падаруе вучням некалькі дадатковых гадзін сну, але і з'яўляецца больш эфектыўнай стратэгіяй навучання з пункту гледжання кагнітыўнай псіхалогіі. (Да гэтатага пытання мы абавязкова звернемся ў наступны раз).
Сон і этычнасць настаўніка
Што датычыцца працы настаўніка, якасны сон дазваляе не толькі працаваць больш эфектыўна і крэатыўна, ад якасці сну залежыць на колькі этычныя і сумленныя рашэнні будзе прымаць настаўнік.
Крыстафер Барнс, даследчык з бізнес-школы ў Вашынгтоне высветліў, што чым менш спіць чалавек, тым вышэй верагоднасць таго, што ён здейсніць несумленны ўчынак.
Прычына гэтаму – "выключэнне" пры недахопе сну лобнай долі мозга, якая адказвае за кіраванне эмацыйнымі імпульсамі і самакіраванне. У выніку чалавек, які не спаў дастаткова, часцей будзе дзейнічаць імпульсіўна, пад уплывам эмоцый.
Падобныя даследванні праводзіліся ў асноўным з людзьмі, занятымі ў бізнэсе, суддзямі і лекарамі, але можна ўявіць сабе, якія натсупствы можа мець такі эфект у працы настаўніка.
Як і ў выпадку з памяццю, нават вельмі кароткі сон здольны падняць якасць вашай працы на іншы ўзровень.
У сярэдзіне 1990-х NASA пачало актыўна вывучаць уздзеянне сна на іх супрацоўнікаў. Высветлілася, што сон на працягу прыкладна 26 хвілінаў у сярэдзіне працоўнага дня на 34% паляпшае якасць выканання задачы. Таксама супрацоўнікі, якія бралі перпынак на сон адчувалі сябе на 50% больш актыўнымі.
На падставе адкрыццяў, зробленых у галіне навукі пра сон, найбольш паспяховыя кампаніі свету, такія як Google і Nike, не толькі ўвялі больш гнуткі графік працы, але і дазволілі сваім супрацоўнікам рабіць перпынкі на сон на рабоце.
Магчыма калі-небудзь такое стаўленне да сну з'явіцца і ў навучальных установах.
Колькі варта спаць вучням і настаўнікам?
Мы пагутарылі пра некоторыя з прычынаў, чаму варта рабіць якасны сон сваім прыарытэтам у акадэмічным асяроддзі. Але ж колькі неабходна спаць дзецям, падлеткам і дарослым, каб навучанне было максімальна прадуктыўным?
Даросламу чалавеку дзеля добрага самаадчування неабходна атрымоўваць не менш за 7-9 гадзін сну кожную ноч.
Некаторыя людзі сцвярджаюць, што яны навучылі сябе спаць па 5-6 і нават 4 гадзіны і адчуваюць сябе выдатна. Нажаль, гэта не так. Чалавек з недахопам сну, які ўпэўнены, што яго мозг працуе выдатна, не надта адрозніваецца ад п'янага, які сцвярждае, што можа сесці за руль аўтамабіля.
Калі акругліць да цэлага адсотак людзей у свеце, якія сапраўды могуць спаць менш за 7 гадзін без негатыўнага ўплыву на кагнітыўныя функцыі, мы атрымаем 0.
Як бачыце, шанец таго, што гэта вы, даволі невялікі. Таму каб захаваць яснасць розуму і здароўе няма аніякая іншага выйсця акрамя 7-9 гадзін сну кожную ноч.
Падлеткам неабходна ў сярэднім на 2 гадзіны больш сну, чым дарослым.
На першы погляд гэта азначае, што падлеткі павінны ісці спаць раней увечары. Але гэта зусім не так.
Пераходны ўзрост каардынальным вобразам зрушвае цыркадныя рытмы падлеткаў. Цыркадныя рытмы – гэта біялагічны гадзіннік, які кажа чалавеку калі ісці спаць, а калі прачынацца. Даросламу цыркадныя рытмы скажуць ісці спаць каля 10-11 гадзін вечара, у той час як падлетку яны дадуць сігнал да адпачынку на 1-3 гадзіны пазней.
Прасцей кажучы, прымусіць падлетка пайсці спаць у 9 гадзін вечара гэта ўсё роўна, што сказаць даросламу заснуць у 7. Нават самыя пераканаўчыя аргументы не падзейнічаюць. І пытанне тут не ў складаным узросце ці непаслухмянасці, а ў біялогіі мозгу падлетка.
Падобная карціна адбываецца і раніцай. Вымушаць падлеткаў уставаць каля 7 гадзін раніцы, ўлічваючы ўсе асаблівасці сну ў гэтым узросце, усё роўна, што падняць дарослага з ложку ў 4 гадзіны і спадзявацца, што ён зможа актыўна вучыцца. Сітуацыя пагаршаецца яшчэ тым, што пераходны ўзрост – крытычны этап развіцця чалавечага мозгу. Недахоп сну ў гэтым узросце можа прывесці да сур'ёзных псіхічных захворванняў, такіх як біпалярнае растройства, шызафрынія ці схільнасць да самагубству. Такім чынам ранні пачатак заняткаў у школах – выдатнае рашэнне для дарослых і вучняў пачатковай школы, цыркадныя рытмы якіх прыстасаваныя да ранняга пад'ёму, але вельмі негатыўны фактар для здароў'я і навучання падлеткаў.
Гэта варта ўлічваць як настаўнікам сярэдняй і стрэшай школы, так і бацькам.
Не трэба абвінавачваць падлеткаў у неарганізаванасці і ляноце, калі яны не ідуць спаць у 10 гадзін вечара і імкнуцца паспаць да абеду на выходных. Гэта эвалюцыйны механізм, які ўдзельнічае ў развіцці мозгу і не залежыць ад жаданняў падлетка ці яго бацькоў.