"Мне вельмі захацелася прайсціся па нашай любай акадэміі. На яе цесных вулачках і тратуарах успамінаецца далёкае мінулае, юнацтва, вучоба, каханне і закаханасць, сяброўства. Гады вучобы не жадаюць сцірацца з памяці. І чым становішся старэйшым, тым часцей і часцей перад вачыма тыя шчаслівыя дні", – напісаў на сваёй старонцы ў "Аднакласніках" мясцовы жыхар Міхаіл. Ягоныя словы і фотаздымкі настолькі шчырыя і кранальныя, што мы не змаглі прайсці міма – публікуем іх на horki.info.
"Хацелася б сказаць словы падзякі нашым выкладчыкам, якія нас навучылі разумець нашу спецыяльнасць інжынера-гідратэхніка. Якія нас адправілі на абшары народнай гаспадаркі. Вельмі сумна, што многія сышлі ад нас – і выкладчыкі, і мае аднакурснікі. Мы іх памятаем!
Многія супрацоўнікі і студэнты прысвячалі нашай акадэміі вершы. Асабіста мне блізкія радкі Лідзіі Мініч (Андрэевай), для якой наш горад стаў другім домам: "Горкі – асаблівы куток Радзімы, які спалучае ў сабе лепшае: прыгажосць, інтэлект, духоўнасць".
Вечна сонцу свяціць
І зямлі вечна жыць!
Нам любіць яе, ёй ганарыцца.
Акадэмія, вечна красуй,
Ты імя сваё ў свеце шануй,
Жыватворная наша крыніца!
Лідзія Мініч (Андрэева)