сер, 24.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Арцыбіскуп Кандрусевіч сустрэўся з духавенствам Магілёўскага рэгіёну. Вось як гэта было

08.02.2021 – 12:09 | 293

У нядзелю 7 лютага Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Магілёў, дзе памаліўся з мясцовымі вернікамі і правёў сустрэчу з духавенствам Магілёўскага рэгіёну.

Па запрашэнні Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, у пятую Звычайную нядзелю арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў старажытнай магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў інтэнцыі падзякі Богу за 75 гадоў жыцця і за вяртанне на радзіму.

Сустрэча іерарха з вернікамі Магілёўшчыны стала таксама выразам яго удзячнасці ім за малітоўную падтрымку ў цяжкі час выгнання.

У прамоўленай на Імшы гаміліі арцыпастыр напачатку звярнуў увагу на тое, што літургічныя чытанні пятай Звычайнай нядзелі вучаць таму, як пазбягаць песімістычнага і погляду на жыццё і адчаю. Ён адзначыў, што, на вялікі жаль, гэтыя з’явы у апошні час сталі сустракацца ўсё часцей.

"Грамадска-палітычны і эканамічны крызісы, выкліканыя пандэміяй каранавірусу праблемы, карупцыя, алкагалізм і наркаманія, рост злачыннасці, крызіс сям’і і Божага дару жыцця, як і многае іншае, напаўняюць нашае жыццё песімізмам і мы з вялікай трывогай глядзім у заўтрашні дзень. У такой складанай сітуацыі Касцёл нагадвае нам пра заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова", – падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён дадаў, што праблемы, з якімі заўсёды сутыкаўся чалавек, не зніклі, але Езус паказаў новы, евангельскі падыход у адносінах да іх.

"Дзе шукаць паратунку? Адказ дае Евангелле.

Людзі ідуць да Езуса і просяць Яго дапамогі. Ён не пакідае іх сам-насам са сваімі прабемамі і без надзеі.

Ён лечыць хваробы цела і душы, суцяшае, адпускае грахі, дае надзею. Так было дзве тысячы гадоў таму. Так ёсць і ў наш час. І так будзе да канца часоў", – сцвердзіў арцыпастыр.

"Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Божага слова? Найперш мы павінны быць інструментам у руках Езуса, які дзейнічае і лечыць. Гэта Яго місія таксама і ў наш час.

Нам усім неабходна лячыць нашыя думкі, нашу памяць, нашыя разбітыя ўзаемаадносіны, нашу хворую краіну", – сказаў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, дадаўшы, што варта звяртацца з просьбамі аб гэтым да Езуса і не забывацца дзякаваць Яму за ўсе атрыманыя ласкі.

"У нас таксама павінна з’явіцца жаданне дапамагчы іншым, асабліва церпячым і патрабуючым. Працэс нашага духоўнага аздараўлення можна лічыць паспяховым толькі тады, калі мы гатовыя дапамагаць іншым", – зазначыў арцыпастыр.

З горыччу канстатаваўшы, што сёння беларускае грамадства разбіта ў выніку грамадска-палітычнага крызісу, які працягваецца ўжо паўгады, іерарх прапанаваў задумацца над тым, як яго ацаліць і аб’яднаць. На думку арцыбіскупа Кандрусевіча, для паспяховага лячэння гэтай сацыяльнай хваробы, як і ўсіх іншых хвароб, перадусім неабходна паставіць правільны дыягназ.

"Грэх з’яўляецца першапрычынай нашых праблем. Мы губляем спакой, бо падзяляемся ўнутры.

Але калі мы адварочваемся ад граху і падпарадкоўваемся Божай волі, то здабываем супакой, унутраную гармонію і цэласнасць. Нездарма Езус вучыць, што бласлаўлёныя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога. Быць чыстым сэрцам азначае быць аб’яднаным з Богам. Мір – гэта прысутнасць Бога ў нашым сэрцы", – заўважыў іерарх. Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем:

"Няхай сённяшняе Божае слова заахвоціць нас будаваць мір і адзінства праз еднасць з Езусам, каб узаемная любоў, прабачэнне, законнасць, пашана адзін да аднаго запанавалі ў нашай Бацькаўшчыне".

Увечары ў парафіі святога Антонія адбылася сустрэча Ганаровага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з духавенствам Магілёўскага рэгіёну на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім. Арцыпастыр шчыра падзякаваў святарам і кансэкраваным асобам за служэнне, салідарнасць і малітву.

catholic.by

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email