пят, 27.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Гэтага навукоўца выкінулі з уласнага дома ў Горках на старасці гадоў

20.01.2021 – 07:20 | 1134

"Адданы выключна адной сваёй справе…" Так напiсаў пра сябе ў лютым 1909 года выкладчык Горацкага земляробчага вучылiшча Мiхаiл Васiльевiч Рытаў у заяве ў Дэпартамент земляробства Мiнiстэрства дзяржаўнай маёмасцi. I ў гэтых словах не было перабольшання. За час саракагадовай працы ў Горках гэты чалавек стаў вядомым вучоным у галiне сельскагаспадарчай навукi i аўтарам болей за 1 000 артыкулаў. Педагогам, якi напiсаў шмат падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў. А яшчэ – аўтарам філасофскіх прац і фантастычнага рамана.

Выбраў не Маскву, а Горкі

Мiхаiл Васiльевiч нарадзiўся 17 студзеня 1846 года ў горадзе Навамiргарадзе Херсонскай губернi (зараз Кiраваградскай вобласцi Украіны). Сям'я пераехала ва Уфу, дзе бацька купiў дом з невялiкім зямельным участкам на беразе ракi Белай. Як сведчалі бацькi, у Мiхаiла рана абудзiлася цiкавасць да прыроды. На прысядзiбным участку ён разам з бацькам вырошчваў розную агароднiну. Асаблiвую цiкавасць у яго выклiкалi пладовыя дрэвы, якiя ў той час былi рэдкасцю.

У 1861 годзе Мiхаiл Рытаў заканчвае гiмназiю i па патрабаванні бацькi паступае на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнiверсiтэта, якi заканчвае ў 1871 годзе. Вучоба ва ВНУ цягнулася аж дзесяць гадоў – у сувязi з тым, што памёр бацька, прыходзiлася спыняць заняткi i працаваць – даваць урокi.

Захапленне прыродазнаўчымi навукамi перамагло юрыспрудэнцыю i праз некалькi гадоў прывяло Мiхаiла Васiльевiча на прыродазнаўчае аддзяленне фiзiка-матэматычнага факультэта таго ж Маскоўскага ўнiверсiтэта. Там Рытаў паспяхова вучыцца i пад кіраўніцтвам К.А.Цiмiразева актыўна займаецца даследаваннем фiзiялогii раслiн.

У 1878 годзе вучоба была завершана, i Мiхаiл Васiльевiч апынуўся перад выбарам: працаваць на кафедры батанiкi ва ўнiверсiтэце, выкладаць у Пятроўскай (зараз Цiмiразеўскай) акадэмii цi ў Горацкiх вучэбных установах. Выбраў Горкi.

Патраціў уласныя грошы на развіццё навукі ў нашым горадзе

Прыязджае сюды ў 1879 годзе пасля абароны магiстарскай дысертацыi i тут, на радзiме першай у краiне сельскагаспадарчай вышэйшай установы, працуе больш за сорак гадоў, амаль нiкуды не выязджаючы. Выкладае батанiку, фiзiялогiю раслiн, фiзiку i мiнералогiю, а праз некаторы час – агароднiцтва, пладаводства i метэаралогiю.

Першыя навуковыя доследы Мiхаiл Васiльевiч праводзiў на знакамiтым "Сцебутаўскiм агародзе", а затым з дапамогай навучэнцаў расчысцiў участак зямлi ўздоўж ракi Капылкi, дзе i заклаў батанiчны гадавальнік. Выхаванцы вучылiшча ўспамiналi, што з ранняй вясны да позняй восенi можна было бачыць Мiхаiла Васiльевiча на гадавальніку ў акружэннi студэнтаў.

У 1889 годзе Рытаў на асабiстыя сродкi набывае зямельны ўчастак i стварае на iм яшчэ пладовы гадавальнік для правядзення доследаў з пладовымi культурамi.

Даследаванням вучонага прысвечаны артыкулы, якiя былi апублiкаваныя ў часопiсах "Вестник садоводства, плодоводства и огородничества", "Русское садоводство", "Сад и огород", "Прогрессивное садоводство и огородничество".

Мiхаiл Васiльевiч становiцца шырокавядомым i як аўтар падручнiкаў i кнiг па агароднiцтве i пладаводстве, якiя выйшлi ў Пецярбургу ў 1886-1901 гадах i некалькi разоў перавыдавалiся.

Пра яго медалі і ордэны сарамліва замоўчваюць

Знаходзiў час i для актыўнай асветніцкай дзейнасцi, удзельнiчаў у выставах, навуковых з'ездах i нарадах, у рабоце розных сельскагаспадарчых таварыстваў.

Яго цiкавiлi таксама эканамiчныя праблемы прамысловага садаводства. Працэс развiцця гандлёвых адносiн у гэтай сферы атрымаў добрае асвятленне ў працы Рытава "Обзор русского огородничества", якая была надрукавана ў зборнiку "Производительные силы России" (1886). На гэту працу рабiў спасылку У.I.Ленiн у сваёй кнiзе "Развитие капитализма в России".

У 1896 годзе Рытава абiраюць членам-карэспандэнтам Расiйскага таварыства пладаводства. У тым жа годзе яго "во внимание к заслугам по исследованию климата России" зацвердзiлі карэспандэнтам Галоўнай фiзiчнай абсерваторыi.

Менавiта за працу, навуковыя дасягненнi Мiхаiла Васiльевiча узнагародзілі шматлiкiмi царскiмi медалямi i ордэнамi, пра што сарамлiва замоўчваецца амаль ва ўсiх працах, што прысвечаны гэтаму выдатнаму чалавеку. Свае ўзнагароды ён атрымаў дзякуючы не блiзкасцi да царскага двара (такое можна часта назiраць у гiсторыi), а за сумленную, бездакорную i шматгадовую працу, прычым у якасцi шараговага выкладчыка.

Вось яны, гэтыя ўзнагароды: ордэны Святога Станiслава II ступенi (1895 г.), III ступенi (1887 г.), ордэны Святой Ганны II ступенi (1899 г.), III ступенi (1891 г.), срэбны медаль на Аляксандраўскай стужцы (1896 г.).

Дом забралі пад ваенкамат

Поўныя трагiзму апошнiя гады жыцця гэтага навукоўца. З аднаго боку, ён быў абраны ў 1919 годзе прафесарам адноўленага Горацкага сельскагаспадарчага iнстытута. У архiўных дакументах ёсць сведчанне пра тое, што дырэкцыя просiць Горацкi прадкам, каб Рытаву выдзелiлi "павялiчаны паёк, якiм карыстаюцца прыезджыя прафесары". З другога боку, у яго дом, пабудаваны на сумленна заробленыя грошы, спачатку ўсяляюць павятовы ваенкамат, а вучонага, як тады казалi, "уплотняют".

9 снежня 1919 года Мiхаiлу Васiльевiчу ўручылі лiст, дзе патрабавалі ў двухдзённы тэрмiн вызвалiць дом, бо "асабістая кватэра не можа быць сумясціма з ваеннымі ўстановамі" (Нацыянальны гістарычны  архiў Рэспублiкi Беларусь, Ф. 2260. Воп. 1. Сп. 4233. ЛЛ. 184, 196).

Як вядома, сям'i выдзелiлi невялiкi флiгель, дзе Мiхаiл Васiльевiч i памiрае 17 красавiка 1921 года, як пiша яго жонка, "прыйшлося памерцi не ў сваiм куце".

Аўтар навуковай фантастыкi i сацыяльнай утопii

Ад Міхаіла Васiльевiча Рытава засталася вялiкая спадчына. Яна тычыцца не толькі сельскагаспадарчай навукі. Напрыклад, тэматычная падборка ўрыўкаў з ягоных кнiг увайшла ў "Антологию мировой философии" (Философская и социологическая мысль народов СССР ХIХ в. – М., 1972. Т. 4. С. 534-539). Побач з iм надрукаваны працы яшчэ трох беларускiх мысляроў: К.Калiноўскага, Ф.Багушэвiча i А.Гурыновiча.

Рытаў быў аўтарам адзiнага ў гiсторыi беларускай лiтаратуры вядомага твора, напiсанага ў ХIХ стагоддзi ў форме навуковай фантастыкi i сацыяльнай утопii. Гэта раман "Путевые заметки и воспоминания 1889-1898 гг.", рукапiс якога захоўваецца ў фондах бiблiятэкi Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii. Раскрыем яго старонкi…

"Путевые записки и воспоминания" Рытава – гэта фiласофскi раман, якi аб'яднаў у сваiм жанры навуковую фантастыку i сацыяльную ўтопiю, хрысцiянскую рэлiгiю i паганскi мiстыцызм. Асноўная тэма рамана – шляхi аптымальнай сацыяльнай пабудовы грамадства, праблемы, найбольш актуальнай для Расii канца ХIХ ст., невырашальнасць якой, уласна кажучы, i прывяла да рэвалюцыi пачатку ХХ ст.

Мiхаiл Васiльевiч раскрывае тэму рамана адлюстраваннем пабудовы i жыцця грамадства ва ўяўнай будучынi – у канцы трэцяга тысячагоддзя. Апiсвае асноўныя этапы i праблемы, асноўныя дасягненнi ў сацыяльнай i навукова-тэхналагiчнай галiнах з пазiцый крыху iдэалiзаваных (утапiчных), але яны ўтрымлiваюць магчымасцi для крытыкi з боку аўтара.

Змест рамана раскрывае амаль усе бакi жыцця грамадства: дзяржаўны лад i эканомiку, развiццё прамысловасцi i сельскай гаспадаркi, навукi i тэхнiкi, дасягненнi культуры i адукацыi, сацыяльна-псiхалагiчныя асновы светаразумення чалавека ў будучыні. Вырашэнне праблем сацыяльнага ладу Рытаў бачыў ва ўдасканаленні i трансфармацыi сельскай абшчыны з пазiцый народнiкаў i талстоўцаў, свядомасцi i псiхалогii яе ўдзельнікаў, але ж адной з галоўных умоў магчымасцi такога шляху развiцця грамадства лiчыў высокi ўзровень развiцця эканомiкi, хуткi навукова-тэхнiчны прагрэс i пад'ём культуры ды адукацыi чалавека.

"Путевые записки и воспоминания" Рытава – гэта яркi прыклад аднаго з напрамкаў рускай фiласофска-рэлiгiйнай i ўтапiчнай (а таксама навукова-фантастычнай) лiтаратуры, якая ўвабрала ў сябе гэтыя жанры. Будзем спадзявацца, што "Путевые записки и воспоминания" Міхаіла Васільевіча будуць выдадзены як лiтаратурны твор, і як помнiк беларускай культуры канца ХIХ ст.                                                                                

Памяць

Імем Міхаіла Васільевіча Рытава названа вуліца ў Горках, яму ўсталяваны помнік на тэрыторыі акадэмічнага гарадка. Аб жыццi навукоўца бібліятэка акадэміі падрыхтавала віртуальную выставу, прысвечаную ягонай дзейнасці.

Уладзiмiр Лiўшыц, фота: medherbarium.blogspot.com, библиотека БГСХА

Глядзіце па тэме:

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email