нядзеля, 22.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Адзін з герояў рамана Караткевіча. Што вядома пра Людвіка Звяждоўскага, які кіраваў паўстаннем у Горках?

10.01.2020 – 20:46 | 555

11 студзеня спаўняецца 190 гадоў з дня нараджэння Людвіка Звяждоўскага, кіраўніка паўстання супраць царызму на тэрыторыі Магілёўшчыны. Ён мог зрабіць бліскучую кар'еру ў расійскай арміі, але выбраў шлях змагання за лепшае жыццё сваіх землякоў.

"Сущий мученик четырнадцатого класса"

Людвік Звяждоўскі нарадзiўся 11 студзеня ў 1830 годзе ў Віленскай губерні ў сям'i чыноўніка, калежскага рэгiстратара. Гэта быў ніжэйшы грамадзянскі чын XIV класа ў Табелі аб рангах у Расіі XVIII-ХIХ стагоддзяў. Пра такiх чыноўнiкаў А.С.Пушкiн у апавяданнi "Станционный смотритель" пiсаў: "Сущий мученик четырнадцатого класса, огражденный своим чином токмо от побоев, и то не всегда".

Сярод некаторых гiсторыкаў ёсць меркаванне, што паўстанне 1863-1864 гг. было акцыяй польскіх дваран і каталіцкага духавенства. Аднак абсалютная большасць (амаль 70%) гэтых дваран мела толькі саслоўнае званне, а па сацыяльна-маёмасным становішчы гэта былі дробныя чыноўнікі, прадстаўнікі інтэлігенцкіх прафесій, малазямельная і беззямельная шляхта. Да такiх належаў і Звяждоўскi.

Прапанаваў праект падводнай лодкі

Скончыўшы школу ў 1845 г., Людвік паступіў на ваенную службу. Пачынаў у званнi кандуктара (курсанта, слухача навучальнай установы) у Мiкалаеўскiм iнжынерным вучылiшчы, а ў 1850 годзе атрымаў чын прапаршчыка, быў пераведзены ў вышэйшыя афiцэрскiя класы. Вучылішча скончыў у 1852.

У 1853-1856 гг. удзельнічаў у Крымскай вайне. Ваяваў добра, быў узнагароджаны двума баявымi ордэнамi.

Цікава, што 4 студзеня 1856 года Звяждоўскі прапанаваў Марскому вучонаму камітэту праект падводнай лодкі, аднак ён не быў падтрыманы.

Як сведчыць гiсторык У.А.Дзякаў, у 1859 годзе Людвік скончыў ваенную акадэмію Генштаба i атрымаў чын капітана.

А.Б.Косцiн у кнiзе "Мы, на смерть идущие, вам клянемся..." пiша, што ў час навучання ў акадэмii Звяждоўскі сустракаўся i сябраваў з удзельнікамі санкт-пецярбургскiх рэвалюцыйных гурткоў. Вядома, што гэта таемная афіцэрская арганізацыя ў сталіцы імперыі называлася з канспіратыўных меркаванняў "Литературное общество". У яе уваходзiлi: Яраслаў Дамброўскі (пасля генерал Парыжскай камуны), Жыгімонт Серакоўскі, Валерый Урублеўскі (пазней генерал Парыжскай камуны і сябра Генсавета Першага Інтэрнацыяналу), а таксама Людвік Звяждоўскі.

Яны былi прадстаўнiкамi чырвонага рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла ў паўстанцкім руху, выступалi супраць саслоўных прывілеяў, былi прыхільнікамi адмены цэнзуры, падтрымлівалі ўвядзенне галоснага суда і iншыя дэмакратычныя патрабаваннi.

У канцы 1859 г. Звяждоўскі ў час замежнага адпачынку наведаў Парыж, а таксама Познань ды iншыя польскiя гарады. Можна меркаваць, што ў час гэтых вандровак Людвік сустракаўся i вёў размовы з прадстаўнiкамi рэвалюцыйнага руху.

Даследчыкі лічаць, што Звяждоўскі меў сувязь з афіцэрамі Казанскай ваеннай акругі і таму "…начиная борьбу в Могилевской губернии, он связывал большие надежды с крестьянским восстанием на восточных территориях и собирался двигаться в глубь России в направлении Казанской губернии".

У 1860-1862 гг. Звяждоўскі праходзiў службу на пасадзе  старшага ад'ютанта ў штабе войскаў Вiленскай ваеннай акругi.

Узначаліў "чырвоны" камітэт

У кнiзе "З думай пра Беларусь" вядомы гiсторык Г.Кісялёў пiсаў, што ў Беларусі і Літве падрыхтоўка паўстання пачалася ўвосень 1861 г., калі ў Вільні ўтварыўся "чырвоны" Камітэт руху на чале з капітанам Людвікам Звяждоўскім".

З лета 1862 г. гэты камітэт стаў называцца Літоўскім правінцыйным камітэтам.

Калi пра дзейнасць Звяждоўскага даведалася начальства ваеннай акругі, у вераснi 1862 года за "нядобранадзейнасць" яго перавялі ў Маскву ў штаб грэнадзёрскага корпуса пры Генштабе царскай армii. Корпус кватараваў у Маскве, але прама падпарадкоўваўся Пецярбургу.

Раптоўнае знікненне

Прайшоў год. І ў Генштабе была заведзена справа №86 "О неявке капитана генерального штаба Звеждовского в срок из 28-ми дневного отпуска и о дознании места его пребывания".

У ёй пад грыфам "Сакрэтна" ёсць інфармацыя аб тым, што "…Звеждовский просил разрешения на отпуск в г.Вильно. Но, основываясь на секретном письме от 17 октября 1862 г., ему было отказано. В марте 1863 года он попросил дать ему отпуск для поездки в Санкт-Петербург. И 22 марта был отпущен… Но, так как Звеждовский "вверен особому моему надзору с обязательством немедленного донесения", то просим начать дознание – где он и в Санкт-Петербурге ли?"

Што ён рабіў у Санкт-Пецярбургу, вядома з кнігі У.Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім". Там Звяждоўскi сустракаўся з будучым кіраўніком паўстання 1863-1864 гг. Кастусём Каліноўскім і іншымі актыўнымі арганізатарамі. І хаця гэта кніга мастацкая, вядома, што Караткевіч, калi яе пiсаў, глыбока вывучаў гісторыю паўстання і біяграфіі многіх яго ўдзельнікаў.

У архiве захаваўся дакумент, якi сведчыць што на запыт Генштаба Санкт-Пецярбургскі палiцмейстар паведамляў: "Сообщаю, что Звеждовский проживал в Литейной части 3 квартала, дом №110 по Невскому проспекту и 5 апреля выбыл в Москву…"

На наступных лістах архіўнай справы маецца паведамленне: "…обнаружено, что Звеждовский прибыл в Москву 4 апреля, пробыл два дня. Известно, что он спрашивал дорогу у извозчика на Смоленск и, взяв с собой свои вещи, выехал неизвестно куда…"

Але нам вядома куды Звяждоўскi паехаў: разам са сваімі баявымі сябрамі адправіўся ў Горкі…

Ад Горак планаваў дайсці да Паволжа

Літоўскі правінцыйны камітэт прызначыў Людвіка Звяждоўскага ваенным начальнікам (ваяводам) Магілёўскага ваяводства. 15 красавіка 1863 г. Звяждоўскі разам са сваімі баявымі паплечнікамі – афіцэрамі царскай арміі Жукоўскім, Будзіловічам, Дзержаноўскім, Міткевічам – прыбылі ў маёнтак Літвінавічы Аршанскага павета. Потым – у маёнтак Зарубы, які належаў Любамiрскаму. Там, непадалёк ад Дуброўны, змагары рыхтаваліся да выступлення.

Вядома, што ў Звяждоўскага быў план спачатку падняць паўстанне ў Горках, а потым аб'яднацца з іншымі шасцю паўстанцкімi атрадамi Магілёўскай і часткі паветаў Віцебскай губерняў.

Пасля гэтага Людвік меў намер злучыцца ў калону колькасцю да пятнаццаці тысяч чалавек і рушыць праз цэнтральныя рускія губерні, абыходзячы Маскву з поўначы і падымаючы ўсіх незадаволеных урадам, а далей – у Паволжа.

Тым часам у Горках у навучальных земляробчых установах і не падазравалі пра будучае паўстанне. Дырэктар інстытута Р.Э.Траўтфетэр на запыт Магілёўскага губернатара напісаў: "ўласна за навучальныя ўстановы турбавацца няма прычыны, і паўстанне ў Горках будзе толькі тады, калі яно адбудзецца ў Магілёве".

Каля гадзіны ночы 24 красавіка атрад паўстанцаў падышоў да фальварка Шыманоўка (зараз раён гарадскiх могiлак). На яўрэйскіх могілках змагароў сустрэла кіраўніцтва горацкага студэнцкага падпольнага камітэта. Далей каліноўцы рушылі да царквы на Слабадзе, дзе да іх далучылася група, якая прыбыла з Магілёва.

Частка паўстанцаў засталася ў Шыманоўцы, другая – на Слабадзе, каля царквы. На ўсіх выхадах з горада каліноўцы выставілі варту, якая нікога не выпускала і не ўпускала.

Далей паўстанцы перайшлi на Гасцінічную плошчу, дзе да iх далучыліся астатнiя студэнты. Там жа кіраўніку Горацкага падпольнага камітэта Станіславу Вiскоўскаму была ўручана пастанова ад 13 сакавіка 1863 г. аб тым, што "Нацыянальны ўрад прызначае грамадзяніна Станіслава Віскоўскага начальнікам горада Горы-Горкі".

Вядома, што гэта пастанова мела сiмвалiчны характар, бо нiякага гарнiзона ў Горках паўстанцы пасля сябе не пакiнулi, а без гэтага ўлада Нацыянальнага ўраду пратрымацца не магла.

Каліноўцы раздзяліліся на пяць груп. Першы атрад накіраваўся на кватэру начальніка мясцовай каманды ўнутранай аховы. Другі – заняў цэйхгаўз – вайсковую камору для зброі або амуніцыі. Трэці – напаў на казарму. Чацвёрты – захапіў скарбоўню. Пяты адправіўся ў інстытут для яго абароны і рэкрутацыі прыхільнікаў.

У час бою 12 салдат загiнулі. Іх целы пахавалі на могiлках, што знаходзяцца па Дрыбiнскай дарозе. Полымя вымусіла астатніх салдат здацца.

Загінулі і студэнты – Войцэх Дамарацкі (ягоная магіла да сёння знаходзіцца на тэрыторыі акадэмічнага дэндрапарка) і К.Пржэбольскі, двое паўстанцаў (Гiснiцкi і Чарвiнскi) атрымалі раненні.

Захоп горада суправаджаўся вялікім пажарам. Усяго да раніцы згарэла каля 60 дамоў. На пажар сталі збірацца п'яныя мясцовыя сяляне i рабаваць пакінутае жытло.

"Хопіць жыць пад бізуном!"

А сёмай гадзіне раніцы 24 красавіка паўстанцы сабраліся на плошчы ў цэнтры Горак, прыйшлі сюды і мясцовыя жыхары. Людвік Звяждоўскі выступіў з прамовай, у якой пераконваў, што каліноўцы ваююць за мужыкоў і хочуць даць народу свабоду.

Звяждоўскі заклікаў сялян не плаціць падаткі царскай уладзе і ўступаць у паўстанцкі атрад. Пацярпелым ад пажару была выдзелена грашовая дапамога.

Мітынг прайшоў таксама на вучэбнай ферме. Звяртаючыся да рабочых і навучэнцаў, Д.Кілдыш сказаў: "хопіць жыць пад бізуном, …навучэнцаў і работнікаў збіваюць, абыходзяцца з імі, як са скацінай …паўстанцы ідуць за справу справядлівасці".

Каля васьмі гадзін раніцы на тэрыторыю інстытута ўступіла галоўная частка каліноўцаў з абозам. Тут змагары вырашылi рыхтавацца да будучага паходу. Паўстанцы спыніліся ля галоўнага корпуса, які быў адчынены. Занялі частку першага паверха. Там жа размясцілі рэчы, захопленыя ў горадзе.

У касе iнстытута каліноўцы ўзялі 10 тысяч рублёў, пра што Звяждоўскі напiсаў касіру распiску.

А другой гадзіне дня змагары пачалі рыхтавацца да выхаду з горада. Тое, што яны ненадоўга затрымаліся ў Горках, тлумачыцца неабходнасцю выканання плана паўстання на Магілёўшчыне, для чаго каліноўцам трэба было прайсці яшчэ каля дваццаці вёрст.

Атрад Звяждоўскага сустракалі хлебам і соллю, але рэдка

Паўстанцы выступілі праз Слабаду ў напрамку Дрыбіна. Там, як сведчаць дакументы Дзяржаўнага гiстарычнага архiва Беларусi, іх чакаў памешчык Атон Цехнавецкi, якi ў свой час паставiў горацкiм змагарам ружжа i порах.

Днём 24 красавіка паўстанцы, колькасць якіх даходзіла ўжо да 200 чалавек, спешна накіраваліся ў бок Крычава. Звяждоўскi вырашыў узяць з сабой з Горак палоннага паручніка Мышкоўскaгa, але на наступны дзень загадаў яго адпусціць. У той жа дзень каліноўцы дайшлi да Дрыбiна, дзе зрабiлi перапынак, а потым накiравалiся да Расна, дзе атрад заначаваў.

Атрад спяшаўся да мястэчка Крычаў на злучэнне з людзьмі паручніка Жукоўскага. Ягоныя людзі павінны былі захапіць у Крычаве гарматы, але гэтага зрабіць не ўдалося.

Далейшы рух атрада працягваўся ў неспрыяльных умовах. Звяждоўскаму не ўдалося прыцягнуць шырокія масы беларускага сялянства, якое, паддаўшыся на правакацыю царскіх улад і праваслаўнага духавенства, успрымала паўстанне як барацьбу памешчыкаў за вяртанне прыгонніцтва.

Вядома, што з усіх сялян, якія падтрымалі паўстанне, 33% склалі сяляне Гродзенскай губерні, 27% – Віленскай, 20% – Мінскай, 13% – Магілёўскай і 7% – Віцебскай губерні.

Акрамя таго, за выдачу паўстанцаў былі абвешчаны ўзнагароды. А вось тыя вёскі, якія аказвалі дапамогу каліноўцам, спальваліся, а жыхары накіроўваліся на пасяленне ў Сібір.

Тым не менш, неабходна адзначыць, што як сведчаць паказанні адстаўнога капітана Савіцкага, у дзвюх вёсках Горацкага павета сяляне сустракалі атрад Звяждоўскага хлебам і соллю.

Бачачы, што падняць сялян на Магiлёўшчыне складана, Людвік Звяждоўскi вырашыў, што трэба ісці ў Мінскую губерню, бліжэй да Літвы і Польшчы. Атрад змяніў кірунак, але было ўжо позна.

Не павёў людзей на пагібель

28 красавіка 1863 г. паўстанцаў акружыла пад Прапойскам (раён вёскі Лецягі) рота салдат Смаленскага палка.

Тады, 30 красавіка 1863 г., Звяждоўскі вырашыў распусціць атрад. Сам жа з невялiкай колькасцю людзей (сярод іх былі ў асноўным ваенныя) пачаў спрабаваць прабівацца на Захад.

Пiсьменнiк В.Янкоўскi (яго дзед быў у лiку паўстанцаў) у кнiзе "Нэнуни-четырехглазый" так апiсвае гэты трагiчны момант: "Звеждовский собрал всех уцелевших на лесной поляне. Он был бледен, но держался спокойно.

– Я сам ходил на разведку, друзья, поэтому отвечаю за каждое свое слово. Лес буквально оцеплен пехотными патрулями и кавалерийскими разъездами. Выбраться всем отрядом невозможно. При сложившихся обстоятельствах я не имею права пытаться идти на прорыв, обрекать вас на гибель: силы слишком неравны. Нам, принявшим присягу и перешедшим на сторону восстания кадровым офицерам, пощады ждать не приходится.

Я попытаюсь проскользнуть в одиночку. Бог знает, доведется ли нам еще встретиться в этой жизни...

Топор (баявы псеўданім Звяздоўскага – заўвага рэд.) слегка наклонил голову, но тут, же расправил плечи и обвел всех ободряющим взглядом:

– В первый день Пасхи царь объявил манифест для всех, кто прекратит борьбу добровольно. Вам, молодым, следует воспользоваться этой амнистией, чтобы сохранить себя для будущего. Помните: впереди еще долгая, трудная борьба, но чем мы будем сплоченнее и тверже, – тем ближе победа!

Сдавайтесь без оружия. Безоружных по закону судят не так строго..."

Горацкія паўстанцы на судзе трымаліся мужна

Горацкія паўстанцы вырашылі здацца. Вядома, што 145 чалавек былі захоплены і пасаджаны ў магілёўскую турму.

У чэрвені 1863 г. пачалося следства па іх справе. Да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты 61 навучэнец і пяць выкладчыкаў горацкіх навучальных устаноў. Царскі суд, які адбыўся ў сакавіку 1864, жорстка расправіўся з арыштаванымі: 26 студэнтаў былі асуджаны на катаргу, 33 адпраўлены ў ссылку. Выкладчыкаў выслалі за межы Беларусі, ва Усходнія губерні.

Горацкія паўстанцы на судзе трымаліся незалежна і адважна. Так, А.Кушалеўскі не прыняў царскую прысягу і на судзе заявіў: "...Я желаю добра России и Польше как двум соседним народам, в тесной их дружбе…"

Удзел горацкіх студэнтаў у рэвалюцыйным руху 1863 г., як адзначае гісторык С.Г.Цітовіч, быў "…спачувальным водгукам на польскае нацыянальна-вызваленчае паўстанне, выказваннем салідарнасці з рэвалюцыйна-дэмакратычным бокам гэтага руху…, садзейнічаў таксама збліжэнню палякаў, рускіх, беларусаў і іншых навучэнцаў у сумеснай рэвалюцыйна-дэмакратычнай барацьбе".

Царскі ўрад праз выступленне вучняў горацкіх навучальных устаноў адмяніў у 1863 г. прыём ў мясцовы земляробчы інстытут.

Летам 1864 г. пытанне аб лёсе гэтай навучальнай установы абмяркоўвалася ў Міністэрстве дзяржаўных маёмасцяў. 24 ліпеня было вырашана перавесці інстытут у Пецярбург.

"Паведамiце, я – Людвiг Звяждоўскi"

Звяждоўскаму давялося збегчы ў Польшчу, дзе  ён  жыў па падробленых дакументах. У чэрвені 1863 года Людвік прыбыў у Канстанцінопаль, дзе збіраў грошы для падтрымкі паўстання. Затым быў у Парыжы і адтуль адправіўся ў Кракаў. 20 лістапада 1863 года ён быў прызначаны начальнікам Кракаўскай дывізіі паўстанцаў.

У пачатку 1864 г. Звяждоўскі арганiзаваў напад на горад Апатаў, дзе знаходзіўся гвардзейскі Гродненскі гусарскі полк. Ваенная  аперацыя была няўдалай. Больш за 300 паўстанцаў патрапілі ў палон. Звяждоўскаму ўдалося збегчы, ён схаваўся ў вёсцы Горбач, дзе падчас ператрусу быў арыштаваны царскімі салдатамі.

На допыце палонныя паўстанцы пацвердзілі, што Звяждоўскі быў начальнікам Кракаўскай дывізіі і вайсковы суд прысудзіў Людвіка Звяждоўскага да смяротнага пакарання праз павешанне.

12 лютага 1864 года яго падвялi да падрыхтаванай шыбенiцы. Калi афiцэр запытаў, якая ёсць у асуджанага апошняя просьба, той адказаў: "Паведамiце, я – Людвiг Звяждоўскi".

У той жа дзень на імя цара Аляксандра II была накіравана тэлеграма: "Сейчас получено сообщение, что казненный в Опатове "Топор", перед смертью заявил, что он капитан Генштаба Звеждовский…"

Цела Людвіка пахавалі ў канаве грунтавай дарогі, але на наступную ноч сябры і паплечнікі перанеслі яго на могілкі, дзе жыхары горада  схавалі цела ў сямейным склепе.

Памяць

Калі Польшча аднавіла незалежнасць, Людвіку Звяждоўскаму паставілі помнік ў горадзе Апатаве. Матэрыял пра Звяждоўскага змешчаны ў Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі і музеі гісторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Уладзiмiр Лiўшыц, фота: novychas.by

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email