Андрэй Юркоў не будзе плаціць штраф за сумны смайлік, які паставіў пад паведамленнем у Аднакласніках. Так вырашыў Дрыбінскі суд сёння 25 лютага на сваім новым пасяджэнні.
Суддзя Людміла Новікава спыніла адміністратыўную справу супраць Юркова, якога перад гэтым суд палічыў вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Летась грамадскі лідар паставіў смайлік "сумую" пад пастом у Аднакласніках, дзе параўноўваліся ахвяры нацысцкага і савецкага рэжымаў. Пост змяшчаў сімволіку гэтых рэжымаў. Алгарытм сацыяльнай сеткі працуе так, што пасля выстаўлення любога смайліка пад пастом, ён патрапляе ў стужку карыстальніка і ягоныя сябры бачаць гэты запіс.
23 снежня 2019 года Юркова за гэта пакаралі штрафам у 10 базавых велічынь, на сёння гэта 255 рублёў.
Грамадскі лідар тлумачыў, што не меў намеру распаўсюджваць чужы пост, а з дапамогай "дызлайка" выказаў адмоўнае стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў.
Менавіта таму Юркоў накіраваў скаргу ў абласны суд, пасяджэння якога адбылося 6 лютага. Там было прынята рашэнне накіраваць справу ў Дрыбін на новы разгляд.
Падчас яго высветлілася, што карцінка, пад якой Юркоў паставіў сумны смайлік патрапіла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 27 лістапада 2019 года паводле рашэння Віцебскага суда. А гэта здарылася ўжо пасля таго, як Юркоў паставіў дызлайк у Аднакласніках, таму суддзя Людміла Новікава прыйшла да высновы, што Юркоў не парушыў закон.