нядзеля, 22.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Халакост у вёсцы Напраснаўцы

27.01.2020 – 18:55 | 864

Штогод 27 студзеня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста. У гэты дзень у 1945-ым савецкія войскі вызвалілі вязняў нацысцкага канцлагера. Дата была зацверджана ў 2005 годзе рашэннем Генеральнай Асамблеі ААН у памяць пра больш за 6 мільёнаў яўрэяў, знішчаных у гады Другой сусветнай вайны. У Горацкім раёне яўрэяў забівалі ў Горках, Леніна, Гарах, Рудкоўшчыне і Верашчаках. Пра тое, як гэта адбывалася ў Напраснаўцы, – наш матэрыял.

Тут была яўрэйская калонія

Першая згадка пра вёску Напраснаўку датуецца 1777 годам. Цікава, што было яшчэ два найменні – Краснаўка і Нова-Напраснаўка.

У сярэдзіне 19 стагоддзя царскі ўрад, каб прыцягнуць яўрэяў да сельскагаспадарчай працы, вырашыў арганізаваць на тэрыторыі Расійскай імперыі некалькі яўрэйскіх калоній. Толькі ў Магілёўскай губерні было створана 20 такіх паселішчаў. Першыя з іх у Горацкім павеце з'явіліся ў 1849 годзе ў вёсках Сава і Рудкаўшчына. Праз два гады была створана калонія ў вёсцы Напраснаўка.

У пачатку гэта паселішча, як і іншыя падобныя, працавала не вельмі эфектыўна – не хапала інвентару і грошай. Вядомы факт, што калі царскі чыноўнік прыехаў у Напраснаўку пракантраляваць працу земляробаў, то, каб падмануць яго, адзін плуг перадавалі з адной гаспадаркі ў іншы праз платы.

У 1928 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас "Новае жыццё", куды ўваходзілі беларусы і яўрэі. Працавала і пачатковая школа, дзе вучыліся ўсе разам. Да вайны ў вёсцы жыло 137 жыхароў.

Многія гублялі прытомнасць і падалі, прадчуваючы блізкі канец

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, жыхары Напраснаўкі прызыўнога веку пайшлі на фронт. У кнізе "Памяць" указана, што загінулі: Ісаак Бекераў, 1921 года нараджэння, – пры абароне Масквы; Філімон Кулькоў, 1916 г.н., – у 1941 г.; Канстанцін Мігачоў, 1922 г.н., – у 1943 г. пад Харкавам; Фёдар Мігачоў прапаў без вестак у 1944 г.; Зелік Салавей, 1920 г.н., прапаў без вестак ў 1941 годзе; Міхаіл Салавей, 1918 г. н., ваяваў на Ленінградскім фронце, памёр ад ран у 1941-ым; Рувім Салавей, 1920 г.н., прапаў без вестак ў 1942 годзе; Ізраіль Салавей, 1892 г.н., загінуў пад Вязьмай у 1942 г.; Арцём Свісеў, 1901 г.н., памёр ад ран у 1945 г.; Іосіф Эфрас, 1922 г.н., прапаў без вестак у 1944-ым.

Пасля акупацыі фашыстамі Горацкага раёна да яўрэяў Напраснаўкі прыйшло шмат сваякоў з Мінска, Оршы, іншых гарадоў Беларусі. Хутка да іх дайшлі весткі, што фашысты расстралялі яўрэяў Горак, Гор і Леніна. Аднак людзі ўсё адно спадзяваліся, што фашысты іх чапаць не будуць.

Безумоўна, гэта была памылка. 22 сакавіка 1942 года карнікі вырашылі расстраляць яўрэйскае насельніцтва вёскі.

Людміла Шылава, былая загадчыца Маслакоўскага філіяла Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, на падставе ўспамінаў жыхароў мясцовых вёсак аднавіла тыя трагічныя падзеі: "У гэты дзень прыехалі немцы. Адна частка акружыла вёску. Другая – пайшла па хатах, выганяючы людзей на вуліцу. Не пакідалі нікога: ні дзяцей, ні старых. Спачатку ўсіх сагналі ў дзве хаты і пратрымалі да абеду. Потым выгналі на вуліцу і пабудавалі ў вялікую калону. Па баках расставілі 12 аўтаматчыкаў і па бальшаку пагналі да лесу.

Наперадзе калоны з ланцугамі на руках ішоў вялікі мужчына Ара, так клікалі аднаго з жыхароў вёскі за гіганцкі рост. Па баках ішлі маладыя хлопцы, таксама скаваныя ланцугамі.

Жудасны крык і плач нёсся з калоны па ваколіцах. Многія гублялі прытомнасць і падалі, прадчуваючы блізкі канец. Больш моцныя і ўстойлівыя іх паднімалі і вялі…

Падышоўшы да месца расстрэлу, немцы загадалі выходзіць з калоны па некалькі чалавек і станавіцца тварам да ямы. Калі ў каго была добрая вопратка, яе здымалі і затым расстрэльвалі – у спіну, у патыліцу. Многія падалі ў яму самі, іх дастрэльвалі там. Расстраляўшы ўсіх, фашысты засыпалі яму зямлёй, але яна "дыхала" яшчэ тры дні.

Толькі аднаму ўдалося пазбегнуць смерці, гэта быў Есель Стамблер, хлопец 20 гадоў. Калі калону гналі праз лес, ён ірвануў у бок вёскі Шэпелеўка. Пятляючы паміж дрэвамі, прыбег у вёску, у дом Мікалая Казлова. Там была бабуля Матрона. Ён папрасіў, каб яго схавалі. Бабуля прапанавала стаць за дзверы, пад вешалку з армяком. За хлопцам у вёску прыбеглі два немцы. Яны заходзілі ў кожны дом, шукалі, але яго не знайшлі.

Некалькі дзён Есель пражыў у хляве, а потым сышоў у партызаны. Пасля вайны жыў у Оршы, працаваў у райпо. Кожны год прыязджаў у вёску і прывозіў бабулі падарункі.

Зрабіў спробу ўцячы і хлопчык васьмі гадоў, але яго адразу ж напаткала куля.

Атрымалася схавацца маладой жанчыне з двума дзецьмі ў доме пад падлогай. Але назаўтра яе выдаў немцам мясцовы стараста".

Кацярына Данілаўна Бліндарава, распавяла журналістцы газеты "Горацкі веснік" Кацярыне Карпіцкай, што падчас тых падзей яшчэ аднаму яўрэю удалося збегчы. Бліжэй да канца вайны ён вярнуўся і заявіўся ў дом да паліцая, які заняў жытло расстралянай яўрэйскай сям'і, і сілай кудысьці звёз калабаранта. Кажуць, адпомсціў і забіў. Ці было гэта на самой справе, меркаваць цяжка. Але ў час вайны такое здаралася.

Дзяцей у яму кідалі жывымі

Пра гэтыя падзеі сведчыць Акт Горацкай раённай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні нямецкіх злачынстваў у гады Вялікай Айчыннай вайны ад 10 снежня 1944 года.

"Масавае забойства яўрэйскага насельніцтва нямецкія жыхары зрабілі ў вёсцы Напраснаўка Маслакоўскага с/с, там засталося 8 ям, дзе закапаны расстраляныя. Масавы расстрэл немцы арганізавалі 22 сакавіка 1942 г., расстралялі 250 яўрэяў. Перад смерцю іх жорстка збілі, патрабуючы ад іх водкупу золатам. Потым іх усіх павялі на ўзлесак у 200 м. на захад ад в.Напраснаўкі і там над імі ўчынілі масавы расстрэл. Дзяцей у яму кідалі жывымі, а наверх кідалі расстраляных дарослых" (Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 306., воп. 1., спр.10, л.43).

Пахаваных пазнавалі па абутку, грабенчыках

Жыхарка вёскі Надзея Маркаўна Пішчыкава, 1923 года нараджэння, успамінала: "Я памятаю імёны некаторых людзей. Быў Мендэль з вялікай сям'ёй. У яго было 16 дзяцей і перад вайной дзеці з унукамі прыехалі да яго з розных гарадоў.

Стары самотны дзед Бэрка. Сымон з двума сынамі. Адзін сын Сымона працаваў у краме ў Якаўлевічах. Ён вярнуўся да бацькі і яго потым з усімі забралі. Шэйна пякла абаранкі на продаж. Ужо стары Лейба Рак трымаў шэрсціпрадзільню.

Жыў Пінька з дачкой Оляй. У Бэрты была прыгожая дачка Люба. У Янкеля было шмат сыноў.

…калі ў канцы 50-х – пачатку 60-х сталі будаваць дарогу, пахаванне трэба было перанесці. Усе парэшткі выкапалі і склалі ў пяць трунаў і перапахавалі. Калі перазахоўвалі (годзе ў 1958-ым), прыязджала шмат яўрэяў з Ленінграда і іншых гарадоў. Пахаваных пазнавалі па абутку, грабенчыках".

Дзядуля расказаў унуку

Яўген Іткін, дзядуля і бабуля якога жылі ў гэтай вёсцы, успамінаў: "Амаль уся сям'я майго дзядулі загінула там. Загінула і яго першая жонка, яна была цяжарная на той момант. Засталіся некаторыя стрыечныя браты і сёстры пад прозвішчам Салавей, тыя, хто з'ехаў у эвакуацыю, і, вядома, мой дзядуля, які ваяваў на вайне.

Дзядуля распавядаў, каля вёскі быў вялікі роў, ля якога адбываліся масавыя расстрэлы... Брат маёй бабулі быў інжынерам-будаўніком, пасля вайны быў галоўным інжынерам горада Оршы. Ён паставіў першы помнік у Напраснаўцы. Калі мне было прыкладна дзевяць гадоў мой дзядуля вазіў мяне ў вёску, паказваў помнік і гэтае месца".

Пра што сведчаць дакументы музея Яд Вашэм?

У Ізраілі ў Іерусаліме працуе музей-мемарыял Яд Вашэм. У ім знаходзіцца спіс тых, хто быў забіты ў Напраснаўцы.

Вось гэтыя імёны: Каган Аляксей Барысавіч, 1889 г.н., рабочы; Каган Рыва Аляксееўна, 1935 г.н., вучаніца 9 класа; Каган Пейша Аляксеевіч, 1937 г.н., вучань 7 класа; Казінец Бэрл, 1877 г.н.; Казінец Бэла, 1874 г.н.; Краснер Марыя Ураўна, 1920 г.н.; Краснер Ура, 9 дзяцей; Раскін Лейб, 1924 г.н.; Раскіна Маня, 1937 г.н.; Раскін Перл, 1920 г.н.; Раскіна Фрэйда, 1910 г.н.; Раскін Мотл Давідавіч, 1934 г.н., вучань; Раскін Іцік, 1887 г.н.; Салавей Эська, 1912 г.н.; Салавей Шыфра, 1877 г.н.; Салавей Барыс (Беніш), 1903 г.н.; Салавей Эма і двое дзяцей; Салавей Янкель, 1874 г.н.; Салавей Іосіф, 1921 г.н; Салавей Зіна, 1929 г.н., вучаніца; Салавей Эля, 1927 г.н., вучань; Салавей Маша, 1896 г.н., і трое дзяцей; Салавей Арон, 1895 г.н., кузнец і двое дзяцей; Сонкіна Люба, 1912 г.н.; Сонкін Генрых, 1920 г.н.; Сонкін Люба, 1915 г.н.; Стамблер Бася, дзіця; Стамблер Сора-Бэйля і трое дзяцей; Стамблер Мейша-Майрым; Стамблер Залман-Хаім; Трайнін Мэндл; Трайніна Нехама; Фрумкіна Геня, 1924 г.н., вучаніца; Шнейдэрман (Бардо) Сіма, 1886 г.н.; Шнейдэрман Навум, 1927 г.н.; Эфрос Лейба, 1891 г.н.

Такім чынам разам з тымі, якіх памятае Надзея Маркаўна Пішчыкава, мы ведаем імёны больш за 60 чалавек. Даведацца пра астатніх – задача будучых даследаванняў.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email