Ніколі і ў галаву не прыйшло б адсочваць выбары ў далёкім ад сталіцы Мсціслаўскім раёне, але людзі дасведчаныя шматзначна параілі пацікавіцца. Пацікавілася і… не паверыла. Бо ў Беларусі знайшоўся рэгіён, у якім прайшлі амаль дэмакратычныя выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў.
Сенсацыя! Немагчыма! І ўсё ж…
У Мсціслаўскім раёне сапраўды многае было не так, як у іншых.
Па-першае, абсалютна ва ўсіх акругах выбары праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. І гэта ў той час, калі, напрыклад, у Віцебскай вобласці «конкурс» у райсаветы складаў усяго 1,1 кандыдата на месца.
Гэта значыць таго конкурсу ўвогуле не было: дзе-нідзе па гарадах сустракаліся акругі з некалькімі кандыдатамі, але ў цэлым вобласць засталася «стэрыльнай» ад якой-небудзь альтэрнатывы.
Па-другое, як засведчылі вынікі галасавання, у Мсціслаўскім раёне па большасці акруг кандыдаты літаральна дыхалі адзін аднаму ў спіну. Здаралася, што іх раздзялілі проста лічаныя галасы. А гэта ж трэба было тыя галасы лічыць…
Трэцяе. У Мсціславе вызначыць пераможцу, паглядзеўшы толькі на прозвішча і месца працы кандыдатаў, пазначаныя на выбарчых плакатах, было немагчыма. Бо тут не вялася звычайная гульня ў паддаўкі, калі на адной акрузе сустракаюцца сталяр і дырэктар дрэваапрацоўчага прадпрыемства, даярка і старшыня калгаса, беспрацоўны і галоўны пракурор. Хаця шмат гадоў на беларускіх выбарах менавіта так і было заведзена.
Адным словам, падобнага ў Беларусі ўжо даўно не было. Ды вось здарылася. Праўда, з важнай агаворкай.
Сярод кандыдатаў у дэпутаты Мсціслаўскага раённага Савета не аказалася ніводнага апазіцыянера, дый увогуле ніякіх партыйных кандыдатаў не было. Аніводнага!
Нават праўладныя партыі ў выбарах не ўдзельнічалі, хаця ім толькі свісні. У выніку ў Мсціславе «правільныя» кандыдаты змагаліся адзін з адным.
Ды што змагаліся! Рэзаліся, біліся, канкурыравалі!!! Вынікі галасавання часам аказваліся не проста нечаканымі, а сенсацыйнымі!
Ну вось, напрыклад, на каго б вы паставілі, ведаючы, што па адной акрузе балатуюцца намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні і загадчыца дзіцячага садка?
Ясна, што на аднаго з галоўных міліцыянераў раёна. Бо што такое дзіцячы садок? Тым больш што старшыні выбарчых камісій ужо ў тым узросце, калі іхнія дзеці не тое што садкі — школы і інстытуты пазаканчвалі. Зусім іншая справа — адказны за чысціню міліцэйскіх кадраў усяго раёна! Гэта ж не проста важны, а надзвычай патрэбны ў жыцці чалавек, той, каго трэба залагоджваць, з кім трэба сябраваць.
Так разважалі б у любым рэгіёне Беларусі, і з вялікай доляй верагоднасці можна прагназаваць, што на любых іншых выбарах сапраўды менавіта высокапастаўлены ахоўнік правапарадку і перамог бы… Але ў Мсціславе здарыўся цуд. Тут падлічылі галасы!
І аказалася, што вопытны педагог Ганна Самойленка паклала важнага міліцэйскага чына Андрэя Пратасевіча на лапаткі, бо за яе прагаласавалі 167 выбаршчыкаў,а за яго — толькі 102.
Сітуацыя тым больш дзіўная, што разрыў, па беларускіх мерках, зусім невялікі. І будзем шчырымі, досыць лёгка было крыху бюлетэняў за спадарыню Самойленка сапсаваць, а за спадара Пратасевіча – падкінуць. Але ў Мсціславе гэтага не зрабілі. Дзіва дзіўнае!
На яшчэ адной акрузе сышліся прадстаўніца мірнай прафесіі — загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі Таццяна Дамарацкая і начальнік Мсціслаўскага раённага дэпартамента «Ахова» Міністэрства ўнутраны спраў Канстанцін Старавойтаў.
І тут людзі: аддалі свае галасы зусім не міліцэйскаму бажку раённага ўзроўню. Можна нават сказаць — дэманстратыўна яго «пракінулі», аддаўшы 160 галасоў аптэкарцы і толькі 61 міліцыянеру! Сапраўдны разгром!
Ледзь-ледзь прабіўся ў дэпутаты, крыху рэабілітаваўшы гонар міліцэйскага мундзіра, Раман Косік, начальнік аддзела прафілактыкі правапарушэнняў усё таго ж Мсціслаўскага РАУС. Яму канкурэнцыю складаў намеснік дырэктара ААТ «Мсціслаўлён» Уладзімір Піванкоў.
У выніку на гэтай акрузе здарылася даўным-даўно забытая ў Беларусі сітуацыя, калі кожнаму з кандыдатаў сапраўды быў важны кожны выбаршчык і кожны голас. У выніку Раман Косік выйграў з перавагай… усяго ў 9 галасоў!
Проста нейкі азарт бярэ ад такіх лічбаў. Два праўладныя кандыдаты… Не біліся, не размахвалі чамаданамі з кампраматам, не крытыкавалі ўладу, але да апошняга прысутнічала інтрыга — галоўная прыкмета сапраўдных выбараў.
І вось што важна: гэтая нечаканая мсціслаўская палітычная адліга цалкам абвергла завядзёнку беларускіх выбаркамаў, якія раз за разам дружна сведчылі, што беларускі народ заўсёды падтрымлівае начальства. Аказалася — не. Не такі ўжо дурны наш народ. Прынамсі мсціслаўцы на апошніх выбарах дулі з карманаў падаставалі.
Самыя высокія мясцовыя начальнікі, праўда, пад «цуд» не трапілі, іх сапернікі, як і раней, былі відавочна «дзяжурнымі» (напрыклад, з намеснікам старшыні райвыканкама па ідэалогіі «канкурыравала» простая выхавальніца вясковага дзіцячага садка).
Але і без таго ёсць яскравыя прыклады. І па выніках галасавання смела можна рабіць выснову, што словы «раённы выканаўчы камітэт», пазначаныя як месца працы кандыдата ў дэпутаты, перамогі не забяспечваюць. Гэтаксама, як і іншыя высокія пасады, перад уладальнікамі якіх, здавалася б, павінен стаяць па стойцы «Смірна!» увесь раён.
Вось толькі некаторыя прыклады.
На акрузе сышліся намеснік старшыні мясцовага райспажыўтаварыства і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Вынік: прадстаўнік спажыўтаварыства абышоў прадстаўніцу райвыканкама, пры гэтым з неблагім адрывам.
Просты майстар па рамонце транспарту з хлебазавода і начальніца раённага вузла паштовай сувязі. Выйграў… рамонтнік.
Галоўны аграном райаграпрамтэхснаба і настаўніца пачатковых класаў. 297 галасоў было аддадзена за настаўніцу і толькі 18 — за яе саперніка.
Начальнік раённых электрычных сетак і старшыня маленькага сельсавета. Зноў аплявуха: раённага ўзроўню начальнік набірае толькі 15 галасоў з 363 магчымых… Ды апазіцыянерам болей галасоў на выбарах камісіі аддавалі, а тут такое!
Адным словам, у Мсціславе адбылося нешта незвычайнае, тое, што яшчэ трэба асэнсаваць.
Я пакуль схіляюся да думкі, што ў раёне правялі нейкі выбарчы эксперымент. Бо хоць улады і кажуць пра высокую яўку выбаршчыкаў, пра актыўнасць людзей, але слухаць гэтыя запэўніванні проста смешна. Ну якая можа быць цікавасць, калі выбіраць няма з каго, калі балатуецца адзін кандыдат ад улады і няма ніякага выбару? Далей так пойдзе — дык Цэнтрвыбаркам трэба будзе ўключаць у штат унутраных войскаў, бо без іх на ўчасткі людзей і не загоніш. Нават танная гарэлка ў буфетах ужо не дапамагае. Хоць дармавую яе дай — алкаголікі з самай раніцы папрыходзяць-панапіваюцца, а як потым забяспечыць «масоўку»
Карацей, да карыкатурнага стану беларускія выбары ўжо «дадэмакратызавалі», далей — толькі галасаванне па павестцы з КДБ.
Ці зацікавяцца людзі выбарамі, калі даць ім магчымасць выбіраць хаця б з «правільных» кандыдатаў?
Ці ўдасца стварыць нейкае спаборніцтва, не выпускаючы ў палітычную прастору апазіцыю? Думаю, у Мсціслаўскім раёне апрабавалі гэткія выбарчыя сцэнарыі. Вось толькі вынікі эксперымента наўрад ці спадабаюцца мясцовым начальнікам, бо яны ўжо даўно адвыклі нават у дробязях быць залежнымі ад волі народа. А значыць, стануць сцяной, знойдуць тысячы прычын, каб нават такі, кастрыраваны, «разгул дэмакратыі» ні ў якім разе не паўтарыўся.
Святлана Калінкіна, «Народная Воля» №26, 2014
Пра аўтарку
Святлана Калінкіна нарадзілася ў 1970-м у Менску, скончыла журфак БДУ. Працавала ў газеце «Аўтазаводзец», інфармацыйным агенцтве БЕЛТА, газеце «Імя». У 1996 годзе зрабілася першай намесніцай галоўрэда «Беларускай дзелавой газеты», з 2002-га – галоўная рэдактарка выдання. З 2003 года займае пасаду шэф-рэдактаркі газеты «Народная воля». Выхоўвае сына.