25 сакавіка ў Горках студэнты БДСГА атрымалі паштоўкі з нагоды дня незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дарыць віншаванкі на Дзень Волі – стала ўжо ў Горках традыцыяй. Некалькі грамадскіх актывістаў каторы ўжо год запар 25 сакавіка сустракаюць студэнтаў БДСГА, якія раніцай спяшаюцца на заняткі, дораць паштоўкі і распавядаюць пра Беларускую Народную Рэспубліку.
Гэтым разам, як распавяла horki.info адна з пастаянных удзельніцаў, маладзёны не толькі ахвотна бралі паштоўкі, але і дзякавалі за іх на беларускай мове. Некаторыя адзначалі, што добра ведаюць, што адбылося 25 сакавіка 1918 года.
Дарэчы, сёлетняя паштоўка нагадвала не толькі пра падзеі 1918, але пра 500-годдзе Бітвы пад Оршай, а леташняя – пра юбілей паўстання Кастуся Каліноўскага.
Як раней у Горках святкавалі Дзень Волі? Глядзіце ў фотарэпартажах за 2012 і 2013 гады.