У мінулы чацвер 10 кастрычніка ў бібліятэцы імя Д.Р.Новікава акадэміі адбылася творчая сустрэча з сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўцам Віктарам Іванавічам Арцем'евым і ветэранам Узброеных Сіл, старшынёй літаратурнага аб'яднання "Ветэран" у горадзе Магілёве Леанідам Уладзіміравічам Іскровым.
Віктар Іванавіч пазнаёміў прысутных са сваёй біяграфіяй, расказаў аб рознабаковай літаратурнай працы, якой займаецца амаль усё сваё жыццё.
Віктар Арцем'еў сустрэў Вялікую Айчынную вайну падлеткам, і тое, што перажыў ён, яго сям'я, назаўсёды адбілася ў памяці і легла ў аснову яго кніг "Радзішанскі летапіс вайны", "Вайна на свае вочы", "Выгнаннікі", "Вайна ў кожнага была свая". Гэтыя творы – праўдзівы летапіс жыцця на акупіраванай тэрыторыі, сапраўдны літаратурны дакумент аб жахлівым існаванні людзей на захопленай немцамі зямлі.
Акрамя ваеннай тэматыкі Віктар Іванавіч даўно і плённа займаецца літаратурным краязнаўствам. У яго ёсць цэлы шэраг кніг, прысвечаных творчасці і лёсу паэтаў ды пісьменнікаў Магілёўшчыны. Аўтар адзначыў, што піша толькі пра тое, што сам перажыў ці добра ведае. Менавіта таму яго кнігі ўспрымаюцца, як шчырая і праўдзівая размова з чытачамі.
Усе свае выданні Віктар Іванавіч дасылае ці перадае ў бібліятэку акадэміі, вялікая ўдзячнасць яму за гэта!
З цікавасцю студэнты слухалі і выступ Леаніда Уладзіміравіча Іскрова (дарэчы, ураджэнца Горак), які 30 гадоў свайго жыцця аддаў службе ў арміі. Піша прозу і вершы. Выйшлі з друку зборнік яго вершаў і балад "Судьбы не кляня", зборнік вершаў і прозы "Отрада родного слова". А кніга "Здравствуй, мама, я живой" расказвае аб магілёўскіх ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, аб партызанах, аб ветэранах працы, аб усіх, хто набліжаў нашу Перамогу.
Леанід Уладзіміравіч прачытаў некалькі вершаў – сваіх ды іншых аўтараў – пра падзеі вайны.
Госці акадэмічнай бібліятэкі ў сваіх выступах таксама звярталі ўвагу моладзі на неабходнасць чытаць мастацкую літаратуру, на тое, што вельмі ўдумліва і разборліва трэба ставіцца да інфармацыі, якая падаецца электроннымі сродкамі.
Такія сустрэчы з людзьмі вялікага досведу, з іх бачаннем многіх праблем нашага часу з вышыні свайго ўзросту і досведу, вельмі карысныя для маладых людзей, якія толькі пачынаюць будаваць сваё жыццё.
Пасля творчай сустрэчы фонд бібліятэкі зноў папоўніўся новымі выданнямі – кнігамі Л.У.Іскрова "Курсанты. Офицеры" і "Отрада родного слова".
Сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі будуць праходзіць у бібліятэцы БДСГА і надалей. Сачыце за нашай рэкламай!