пан, 9.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Андрэй Юркоў: Што я думаю пра ўшчыльненне ў Горках

30.05.2019 – 15:18 | 1558

Вялікі рэзананс сярод тутэйшага люду апошнім часам выклікае ўшчыльненне забудовы ў Горках. Здавалася б, калі будуецца нешта новае, дык гэта мусіць успрымацца як нешта добрае. І дах над галавой кожнаму патрэбны. Дый архітэктурныя шэдэўры перад вачыма ўздымаюць настрой ды прымушаюць задумацца аб велічы творцаў… А тут столькі негатыву і нават спробаў змагацца супраць. У чым прычына? Паспрабуем разабрацца.

Горкі рэальна маюць вельмі мала зон для адпачынку. Горад моладзі, дзетак не мала… А пра экалогію і месцы, дзе на поўныя грудзі можна ўдыхнуць свежага паветра, некаторыя чыноўнікі думаюць у апошнюю чаргу. Зразумела, у іх свае праблемы: "накарміць народ", "камуналка", "паказальнікі"... Але навошта сунуць высоткі туды, дзе і так не прапіхнуцца, і лішні раз цвяліць жыхароў?

З аднаго боку, насельніцтва гораду амаль не расце і, у перспектыве, натуральна будзе падаць. Таму аддзел статыстыкі можа без праблем разлічыць, на колькі квадратных метраў вырасце жылая плошча на жыхара, напрыклад, праз 10 гадоў. Нават, калі нічога не будаваць. І тады паўстае пытанне: як мы будзем плаціць хаця б камуналку за тыя метры?

З іншага боку, у раёне пад "Дажынкі" на бюджэтныя грошы (не будзем лішні раз успамінаць, як бяздарна былі выдаткаваны тыя фантастычныя сумы) утварылася і расквітнела багата будаўнічых фірм. Частка з іх ужо збанкрутавала, а частка вядзе сваю дзейнасць толькі за кошт засыхаючага з кожным днём бюджэтнага ручая (чытай нас, народа). Гэтыя рэальныя банкруты, якіх трымае на падпорках дзяржава, і ёсць страшны сон нашых чыноўнікаў. Бо калгасы, хоць і мёртвыя сёння, паміралі паціху і на абшарах усяго раёну. Народ неяк прыстасаваўся. А тут перспектыва з'яўлення сотняў беспрацоўных у адначассе ў горадзе. Бізнес даўно ледзь жывы і не ў стане фінансаваць будаўніцтва. Таму частка чыноўнікаў і хапаецца за саломінку бюджэтнага фінансавання жылля, каб "дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца". Грошы на новыя камунікацыі дзяржава не дае і лепяць, абы ўсунуць, на старыя.

Калі мяне вучылі эканоміцы, тлумачылі: спачатку развіваецца бізнес і фінансуе рост вытворчасці. Эфектыўнасць павялічваецца, ідуць у гару прыбыткі, абвастраецца канкурэнцыя за працоўную сілу, заробкі і толькі тады за заробленае людзі пачынаюць жыць прыгожа і будавацца. Дзяржава, калі мае грошы, можа дапамагчы такім людзям праз іпатэку, субсідыі, гарантыі і т.д. Але! Толькі дапамагчы. Асноўную нагрузку нясе сам працаўнік. Нашы сённяшнія некаторыя чыноўнікі, бачна, вывучалі толькі "эканоміку сацыялізму". Гэта значыць, умеюць толькі дзяліць чужое. У той час, як увесь цывілізаваны свет складае і множа сваё.

Чаму так адбываецца? Натуральна, праз адсутнасць прадстаўнікоў народу ва ўладзе. Важныя для ўсяго горада і раёна рашэнні прымаюцца без публічнага абмеркавання і крытыкі. Пад маўклівае "адабрямс" прысутных.

Мне скажуць: дык што, тады няхай збанкрутуюць усё будаўнікі? Не ведаю, ці ўсе адразу. Але, калі эканоміка будзе працаваць, як сёння, паціху загнуцца ўсе. Толькі ў казцы Мюнхгаўзен за валасы сябе з балота выцягнуў. У жыцці так не бывае.

Што ж рабіць з "навабудамі"? Змагацца. Подпісы – добра. Пікеты – яшчэ лепш. Звароты ў незалежныя СМІ. Позвы ў суд. Галоўнае, не баяцца. Толькі праз салідарнасць можна перамагчы дурасць.

Андрэй Юркоў

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Глядзіце па тэме:

► У людей опять не спросили. Вместо сквера на проспекте Димитрова собираются построить девятиэтажку

► Местная жительница – о возможной вырубке парка на проспекте Димитрова

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email