пят, 26.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

І боль, і мары, і любоў Лідзіі Андрэевай

06.02.2014 – 17:00 | 1018

Напрыканцы мінулага тыдня, 25 студзеня, адбылася прэзентацыя новага зборніка вершаў вядомай горацкай паэткі Лідзіі Андрэевай.

Прэзентацыя новай кнігі Лідзіі Андрэевай

Яе добра ведаюць у паэтычных колах не толькі Магілёўскай вобласці, але і далёка за яе межамі. Гэтая таленавітая жанчына з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.  У складзе творчых дэлегацый Горацкага раёна яна пастаянная ўдзельніца рэспубліканскага свята “Дзень беларускага пісьменства і друку”, абласнога фестывалю паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, а таксама шматлікіх раённых мерапрыемстваў, прысвечаных творчасці класікаў беларускай літаратуры.

Прэзентацыя новай кнігі Лідзіі Андрэевай

Шосты зборнік паэткі “І боль, і мары, і любоў” быў прэзентаваны ў актавай зале “Прытулачак” Дзіцячай школы мастацтваў. Там сабраліся прыхільнікі творчасці Лідзіі Андрэевай, сябры, калегі па пяру і проста людзі, не раўнадушныя да прыгожага. Прыйшлі – і не пашкадавалі.

Не ўсе ведаюць, што пісаць вершы Лідзія Андрэеўна пачала  пасля выхаду на пенсію. Дагэтуль амаль паўстагоддзя выкладала на зоаінжынерным факультэце БДСГА.

Пачынала асістэнтам кафедры развядзення сельскагаспадарчых жывёл, затым была старшым выкладчыкам, дацэнтам.

Як чалавек вельмі патрабавальны да сябе і астатніх, яна сур’ёзна і адказна паставілася да свайго новага паэтычнага захаплення. Калі чытаеш ці слухаеш яе вершы, напісаныя на пявучай роднай мове, адчуваеш, што яны створаны чалавекам, які шчыра любіць свой край, землякоў, малую радзіму.

Першы зборнік Лідзіі Андрэеўны выйшаў у свет ў 2005 годзе пад назвай “Спешу сказать”, затым былі “Жыватворная крыніца”,  “Споведзь”, “Мая сям’я ад А да Я”, “На хвалях вечнасці”.

Новы зборнік “І боль, і мары, і любоў” такі ж разнастайны па тэматыцы і глыбокі па сэнсе. Акрамя вершаў аб радзіме, прыродзе, каханні, ёсць у ім і прысвячэнні класікам айчыннай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу, Максіму Гарэцкаму і Максіму Багдановічу, грамадскім дзеячам, а таксама мясцовым знакамітасцям.

Трэба адзначыць, што Лідзія Андрэеўна чалавек вельмі творчы і рознабаковы. У апошні час яна займаецца перакладамі на родную мову любімых твораў М.Някрасава, А.Пушкіна, М.Лермантава, І.Тургенева, Г.Ахматавай, А.Блока, якія і склалі амаль палову яе новага зборніка. А рускія пераклады кітайскай паэзіі на беларускую мову атрымалі новае гучанне і, па меркаванні гасцей вечара, успрымаюцца нават лепш, чым на мове бліжэйшага ўсходняга суседа.

Прэзентацыя новай кнігі Лідзіі Андрэевай

Хочацца дадаць, што некаторыя творы ў гэтым зборніку напісаны ў формах санета, акрасанета, актавы, трыялета, рандо, што пад сілу асвоіць толькі масцітым паэтам. Усе такія розныя па змесце і форме вершы дэкламавалі ўдзельнікі акадэмічнага клуба “Дэбют”.

Вядома, што каля трох дзясяткаў вершаў Лідзіі Андрэевай пакладзены на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі. І на гэтай вечарыне гучалі песні на яе словы і вядомыя рамансы, перакладзеныя паэткай на беларускую мову, у выкананні  нашых мясцовых салістаў Лэйлы Абасавай, Віктара Малчанава, Андрэя Шутава пад акампанемент Ганны Калікінскай і Марыны Ядрэўскай. Прыемным сюрпрызам для слухачоў былі песні на словы і музыку Андрэевай “Хлеб” і “Сустрэча з alma mater” (музыка Ганны Калікінскай).

Адметна, што паэтка гаворыць толькі на беларускай мове.

“Я беларуска, грамадзянка гэтай цудоўнай краіны, і таму, пакуль жывое маё сэрца, я аддаю доўг запаветны…” – з гонарам прызнаецца яна.

Прэзентацыя новай кнігі Лідзіі Андрэевай

Павіншаваць Лідзію Андрэеўну з выхадам яе новага зборніка прыйшлі: намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Горацкага райвыканкама Марыя Студнева, члены Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі Пётр Дзетліковіч і Міхаіл Уласенка, прадстаўнікі зоаінжынернага факультэта на чале з дэканам Аленай Мікуліч, былыя студэнты, сябры і шмат іншых прыхільнікаў паэтычнага слова.

Акрамя цёплых выказванняў, кветак і падарункаў у адрас Лідзіі Андрэеўны ў гэты дзень амаль кожны з выступоўцаў дэкламаваў яе вершы, якія асабліва запалі ў душу.

Нягледзячы на тое, што ўрачыстая  частка мерапрыемства доўжылася больш за дзве з паловай гадзіны, ніхто не стаміўся і не спяшаўся пакінуць залу. Цёплая і сардэчная атмасфера, створаная ў ёй, напаўняла сэрца кожнага прысутнага нейкай асаблівай цеплынёй.

“Мне вельмі хочацца, каб, чытаючы мае вершы, кожны задумаўся пра сэнс жыцця і пра свае месца на нашай зямлі. Для мяне самай высокай ўзнагародай будзе тое, калі чытач будзе вяртацца да маіх вершаў і папаўняць сваю душу любоўю і дабрынёй”, – такімі словамі праваджала Лідзія Андрэеўна сваіх сяброў і прыхільнікаў творчасці.

І мы таксама не развітваемся з паэткай надоўга і спадзяемся на хуткую літаратурную сустрэчу ў сувязі з выхадам чарговага цудоўнага зборніка.

Таццяна Уладзімірава, газета "УзГорак"

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email