15 верасня ў Горацкай рымска-каталіцкай парафіі адзначылі свята ў гонар Маці Божай Бялыніцкай. Мясцовы прыход носіць яе імя, таму гэта – парафіяльнае свята.
Да сумеснай малітвы мясцовых вернікаў далучыліся каталікі з розных куткоў Магілёўшчыны, а таксама госці з Мінску, Оршы і іншых мясцін.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў ксёндз Віталій Маргуноў, пробашч Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве і магілёўскі дэкан. Гамілію прамовіў ксёндз Андрэй Далянскі, душпастыр Касцюковіцкай парафіі святой Тройцы.
Падчас Найсвяцейшай Ахвяры ўдзельнікі малітвы мелі магчымасць разам памаліцца Літургіяй Гадзінаў – асаблівай малітвы псалмамі Царквы як заходняга, так і ўсходняга абрадаў.
На заканчэнне святой Імшы ўсе разам папрасілі заступніцтва Багародзіцы ў Бялыніцкай іконе над Магілёўскай зямлёй, аб адраджэнні веры і вернасці Магілёўшчыны Евангеллю і Хрыстоваму Крыжу.
Працягам святкавання стаў сумесны пачастунак, а таксама знаёмства са станам рамонтных прац па прыстасаванні будынка будучай горацкай каталіцкай святыні.
"Нашая парафіяльная супольнасць не з'яўляецца, канечне, шматлікай, як напрыклад, у заходняй частцы Беларусі. Але тым не менш пастаянна з'яўляюцца новыя асобы каталіцкага веравызнання, якія жывуць тут, на Горацкай зямлі – працуюць, навучаюцца", – зазначыў ксёндз Андрэй Кеўліч, які ўжо амаль пяць гадоў з'яўляецца душпастырам горацкага каталіцкага прыхода.
Рымска-каталіцкі прыход у Горках пачаў адраджацца ў 2006 годзе. Касцёл быў зачынены ў 1866 годзе рашэннем свецкай улады. У 2014-ым парафія набыла будынак, які ў будучыні стане прыхадской святыняй. На сёння выкананы працы ўнутры будынка, а таксама некаторыя працы, звязаныя са знешнім выглядам будучага касцёла.
Глядзіце, як гэты дзень святкавалі летась:
► У Горках прайшло каталіцкае свята Маці Божай Бялыніцкай