аўт, 10.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У бібліятэцы БДСГА – выстава выкладчыка акадэміі і пісьменніка, забароненага ў СССР

16.09.2018 – 19:55 | 1108

У бібліятэцы БДСГА адкрылася выстава ўнікальных фота "Максім Гарэцкі. Ахвярую сваім "Я". На яе прэзентацыю з нагоды Дня бібліятэк з Мінску ў Горкі прыехалі рэдактар выдавецтва, загадчыца музея, акцёр радыё, журналіст ды іншыя госці.

Спачатку яны наведалі музей Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы Мсціслаўскага раёна, дзе нарадзіўся пісьменнік, а таксама Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей.

Імпрэзу ў акадэмічнай бібліятэцы распачаў урывак з вершу "Балада Максіма Гарэцкага" ў выкананні студэнта БДСГА. Аўтар твору Віктар Шніп прысутнічаў у залі. Пазней ён, паэт і галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура", прэзентаваў кнігу "Вернасць высокім ідэалам", якую дапамог скласці пляменнік Максіма Гарэцкага Радзім Гаўрылавіч. На старонках – творы, успаміны, фота. Спадар Віктар падараваў гэта грунтоўнае выданне акадэміі. А яшчэ цалкам прачытаў сваю "Баладу…" і белы верш "Душа Максіма Гарэцкага".

Загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела "Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры" Вольга Гулева адзначыла, што пачэснае месца сярод вельмі вялікага фонду музея займае асоба Максіма Гарэцкага. Нагадала, што раман "Камароўская хроніка" бярэ свой пачатак якраз з малой радзімы пісьменніка. Прачытала частку ўспамінаў Гаўрылы Гарэцкага пра тое, як ягоны старэйшы брат, нягледзячы на вельмі вялікі конкурс, стаў студэнтам Горацкага агранамічнага вучылішча.

Алена Гурская, дацэнтка кафедры міжкультурнай камунікацыі Інстытута сучасных ведаў імя Шырокава, падрабязна апісала біяграфію Максіма Гарэцкага. Гэта і ўдзел у Першай сусветнай вайне, і рэвалюцыя, і некалькі арыштаў, і ГУЛАГ, і трагічны канец жыцця. А таксама той факт, што большасць твораў класіка беларускай літаратуры дазволілі выдаваць у СССР толькі напрыканцы 80-х гадоў 20 стагоддзя.

Алена Гурская пераканана, што ўжо ў свае 20 гадоў Максім Гарэцкі "намацаў нерв грамадскага жыцця і патрэбы пісьменства".

Маладая даследчыца жыцця і творчасці нашага земляка і ягоных родных, аспірантка Аляксандра Чарнавокая, распавяла пра жыццё (у тым ліку і творчае) жонкі пісьменніка Леанілы Чарняўскай. Яна не толькі выкладала беларускую мову, але і пісала творы, перакладала замежных аўтараў, у сваіх кнігах выказвала ідэі фемінізму і адраджэння Беларусі.

Рэжысёр і акцёр беларускага радыё Алег Вінярскі і журналіст Кастусь Антановіч прэзентавалі два дыскі – "На імперыялістычнай вайне" (поўны трагедыі і жахаў ліхалецця) і "Дыямант у пабітым шкле" (з некалькімі песнямі, якія спявала маці Максіма Гарэцкага яму ў дзяцінстве). Абодва прысвечаны юбілеям нашага знакамітага земляка – 115-годдзю і 125-годдзю.

Не абышлося без гумару. Невялікі ўрывак з "Ціхай плыні" выканаў Алег Вінярскі. Гульнёй свайго голасу перадаў і вясёлы, і сумны дзень у школе, дзе настаўнік выгнаў вучня з заняткаў, бо той адмаўляўся забыць беларускія словы "як", "дык", "хай", "ці", "ё", "няма" ды іншыя.

Горацкі даследчык і краязнаўца Уладзімір Ліўшыц падараваў "Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры" некалькі сваіх кніг з аўтографам і прапанаваў сур'ёзна заняцца справай дапаўнення школьнай праграмы творамі Максіма Гарэцкага, якога зараз амаль не вывучаюць.

Пра выставу "Максім Гарэцкі. Ахвярую сваім "Я" распавяла вядучая супрацоўніца навуковага аддзела музея гісторыі літаратуры Паліна Саўген. Яна паказала некалькі вельмі рэдкіх здымкаў, расказала коратка пра кожны стэнд. Выстава размясцілася ў акадэмічнай бібліятэцы, агледзець экспазіцыю можна задарма ў працоўны час.

Завяршыў сустрэчу верш Алеся Пісьмянкова "Восень. Пагодзіна. Горкі", прысвечаны Максіму Гарэцкаму.

Тэкст і фота Валерыі Прыгарынай

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email