нядзеля, 13.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

"Парк савецкага перыяду", развіццё турызму і праца ў Ізраілі на карысць Горак. Уладзімір Ліўшыц правёў сустрэчу ў раённым музеі

10.08.2018 – 12:59 | 1008

8 жніўня ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі адбылася сустрэча з Уладзімірам Ліўшыцам. На яе прыйшло каля 50 чалавек і гэта не дзіўна, Уладзімір Маісеевіч – краязнаўца, гісторык, публіцыст, ганаровы прафесар БДСГА, заснавальнік некалькіх музеяў.

Сяргей Лявонавіч Кулагін, старшыня Горацкага райвыканкама, адзначыў, што вельмі рады нарэшце пазнаёміцца з Уладзімірам Маісеевічам. Кіраўнік краю ўпэўнены, што ў раён трэба прыцягваць турыстаў, прывёў у прыклад унікальны храм у Малых Шарыпах. Запрасіў героя дня да сябе ў кабінет, каб больш блізка пазнаёміцца і абмеркаваць, чым нашы мясціны могуць зацікавіць беларускіх і замежных гасцей.

Уладзімір Ліўшыц на сустрэчы ў музеі распавёў прысутным пра свае першыя працы. Пра артыкул 1969 года пра рэвалюцыянера Пагодзіна. Пасля таго матэрыялу студэнта Ліўшыца запрасілі працаваць пазаштатным журналістам. Потым была "Магілёўская праўда" і тая ж пасада.

Узгадаў, што ў савецкі час выкладаў "навуковы камунізм". Цяпер многія калегі не афішуюць дачыненне да гэтай дысцыпліны, а вось Уладзімір Маісеевіч не саромеецца той сваёй працы.

Успомніў таксама маленькую кніжку "Горкі", якую рэдактар зменшыў больш чым удвая, бо ў рукапісу было шмат пра часы да рэвалюцыі 1917 года.

Уладзімір Ліўшыц адзначыў, што раённы музей давялося ствараць у невялічкім будынку і без супрацоўнікаў – улада лічыла, што ў Горак амаль няма гісторыі, а музеяў у акадэміі і Леніна дастаткова.

Святлана Скаромная, якая 20 гадоў аддала горацкаму музею, выступіла з прапановай: стварыць у Леніна "Парк савецкага перыяду", бо для моладзі гэты час – ужо гісторыя. Святлана Сяргееўна нават прынесла першыя экспанаты – сіфон, білет Беларускага патрыятычнага саюза моладзі і незнаёмую ўсім металічную прыладу. Што гэта – адназначна ніхто не адказаў.

Генрых Сямёнавіч Яскевіч, які працаваў першым сакратаром Горацкага гаркама КПБ напрыканцы 80-х гадоў, расказаў, што быў план зрабіць цэлы музейны гарадок, але, на жаль, нічога не атрымалася.

На пытанне, што для яго азначае слова "Радзіма", Уладзімір Ліўшыц адказаў вельмі проста: "Горкі". Бо тут жыў і працаваў 55 гадоў!

На сустрэчу прыйшлі добрыя знаёмыя краязнаўца, дзякавалі яму за працу, за тое, што адчыняе для ўсіх гісторыю Горацкага краю, нават зараз, калі ўжо 11 гадоў жыве ў Ізраілі. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў Лідзія Андрэеўна Мініч прачытала ўласны верш, прысвечаны Уладзіміру Маісеевічу.

Прысутныя казалі, што краязнаўца заслугоўвае атрымаць званне Ганаровага грамадзяніна горада Горкі.

Уладзімір Ліўшыц збіраецца працягваць адкрываць даўно забытыя імёны землякоў. Сярод іх – Іцхак Каганаў, яўрэйскі паэт, празаік і мысліцель, які пісаў на іўрыце. Выданне кніг на гэтай мове было забаронена савецкімі ўладамі, таму Каганаў вымушаны быў хаваць сваю літаратурную дзейнасць. У 1949 годзе яго арыштавалі і шэсць гадоў трымалі ў турмах ды лагерах. Там гэты таленавіты чалавек склаў і запомніў 480 вершаў.

У горадзе Нацарэт-Ілліт у Ізраіле, дзе Уладзімір Маісеевіч жыве зараз, працягвае працаваць на карысць Горак і мясцовых жыхароў – ён кансультант у музеі, у беларускім таварыстве арганізуе імпрэзы ды святкаванні, каб сувязь с Беларуссю не перапынялася.

Валерыя Прыгарына, фота: Аляксандр Храмко

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email