У суботу 22 жніўня адбудуцца пятыя "Дрыбінскія таржкі". На іх можна набыць сувеніры і прысмакі, а таксама паглядзець салют.
У Дрыбіне з 10:00 пачне працу горад майстроў, пройдуць майстар-класы па народных промыслах і рамёствах.
У крамніцах будуць прадаваць мёд, стравы з рыбы, зёлкі, лекавую гарбату, самаробны хлеб па мясцовым старажытным рэцэпце, валёнкі ды сувеніры з воўны.
Будуць падведзены вынікі штогадовага творчага конкурсу "Славім Дрыбінскі наш край".
У праграме таксама паказальны выступ раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (11:30), музычная праграма (12:10 і 20:00). А таксама атракцыёны і народныя гульні.
Позна вечарам перад прысутнымі выступяць госці з Мінска. Сваё шоу пакажа сталічны фольк-гурт "Забабоны" (22:00). А 23:00 пачнецца фаер-шоу гурту "Элементаль".
А 23:30 Дрыбін упрыгожыць феерверк.