аўт, 10.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У бібліятэцы БДСГА адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Клачкова

22.11.2017 – 15:09 | 930

21 лістапада на другім паверсе акадэмічнай бібліятэкі прэзентавалі адзінаццаты зборнік навукоўца і паэта Аляксандра Клачкова "Формулы жыцця. Формулы жизни". На сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі бібліятэкі і ВНУ, сябры аўтара па працы і творчасці, студэнты і моладзь з клуба “Дэбют”, а таксама жонка паэта Вольга Сцяпанаўна.

Сам Аляксандр Віктаравіч не змог фізічна прысутнічаць на вечарыне, таму далучыўся да сустрэчы праз інтэрнэт па відэасувязі.

Адна з рэцэнзентаў кнігі Вольга Пятроўна Зяньковіч, дацэнт кафедры рускай і беларускай моў БДСГА, выдзеліла галоўныя тэмы вершаў зборніка праз колькасць выкарыстання пэўных слоў. Часцей за ўсё сустракаліся: “дарога”, “надзея”, “вера”, “Бог”. Менавіта гэтыя паняцці і адлюстроўваюць назву зборніка – “Формулы жыцця”.

Тэма творчасці паэта, філасофскія думкі, прырода – асноўныя лейтматывы кнігі. Менавіта філасафічнасць і лірызм вершаў – самыя яркія рысы, якія былі адзначаны ў першую чаргу.

За паўтары гадзіны вечарыны  Аляксандр Віктаравіч пачуў шмат добрых слоў, жаданняў і ўспамінаў пачуў ад сяброў, калег ды супрацоўнікаў акадэміі. А студэнты з клуба творчай моладзі “Дэбют” прачыталі больш за дзесяць вершаў паэта, каб усе госці імпрэзы змаглі дакрануцца да лірычных вынікаў ягонай працы. Аляксандр Клачкоў таксама прачытаў некалькі сваіх вершай па відэа. А напрыканцы ўсе госці мерапрыемства праслухалі песню на словы паэта “Буслы Беларусі”.

Даведка

Аляксандр Клачкоў – фізік і лірык у адной асобе. За гады працы ў акадэміі ён многага дасягнуў як навуковец: з'яўляецца аўтарам шэрагу падручнікаў і кніг па механізацыі сельскай гаспадаркі, 54 вынаходніцтваў, надрукаваў больш за 380 навуковых і метадычных работ. З 1993 года мае вучонае званне прафесара. Яго навуковыя артыкулы друкаваліся ў Швецыі, Францыі, Польшчы.

Аляксандр Віктаравіч стажыраваўся ў ЗША, Нідэр-ландах, Даніі. Падрыхтаваў пяць кандыдатаў тэхнічных навук. Узнагароджаны трыма медалямі ВДНГ СССР, знакам "За актыўную працу ў навукова-тэхнічным грамадстве", "За дасягненні ў галіне навукова-тэхнічнага прагрэсу ў АПК", шматлікімі граматамі і падзякамі.

Паэтычная творчасць Аляксандра Віктаравіча пачалася ў 2000 годзе з публікацыі сатырычна-гумарыстычнай паэмы "Мікітавы прыгоды". А ўжо праз год выйшаў у свет першы паэтычны зборнік "Камін". Наступнымі былі зборнікі "Тайна часу", "Вечныя пытанні", "Тэатр жыцця", "Паланэз", "Наша зямля", "Колер і гук", "Сталкер" і іншыя.

Піша паэт на беларускай і рускай мовах, аснова яго творчасці – родная зямля і яе філасофска-лірычнае разуменне.

Валерыя Прыгарына

Фота: Аляксандр Храмко

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email