Новым старшынёй партыі БНФ стаў Рыгор Кастусёў. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельска-гаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынер-механік. У 2010 быў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.
У мінулую суботу 30 верасня ў Мінску адбыўся ХVIII справаздачна-выбарчы з'езд Партыі БНФ "Адраджэньне". У ім прынялі ўдзел каля 170 дэлегатаў, 107 з іх прагаласавалі за новага старшыню, якім стаў Рыгор Кастусёў.
Новаму лідару партыі – 60 гадоў, ён нарадзіўся ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Служыў у войску, працаваў дырэктарам саўгаса "Іскра" Бялыніцкага раёна і Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў. Мае траіх дзяцей.
Партыя БНФ была заснавана ў 1993 годзе на базе грамадскага руху Беларускі народны фронт "Адраджэньне", які быў створаны ў 1988 годзе. БНФ выступае за незалежнасць Беларусі, дэмакратызацыю ўлады, адраджэнне беларускай мовы і культуры. Першым лідарам гэтай партыі быў Зянон Пазняк.