Гэты горад, багаты на гістарычныя помнікі, пазалетась атрымаў магчымасць праз праект COMUS знайсці інвестара не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Асноўная мэта праекта — захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў малых гарадоў. У спіс аб'ектаў, якія плануецца аднавіць з дапамогай будучых спонсараў, трапілі кармеліцкі касцёл, ансамбль езуіцкага манастыра, былая мужчынская гімназія, гасцініца Эрмітаж і адзін з будынкаў гандлёвых радоў для візіт-цэнтра, дзе будзе сабрана ўся карысная інфармацыя для турыста. Нядаўна ў Мсціславе прайшоў двухдзённы семінар, на якім спецыяліст Савета Еўропы расказала, як правільна скласці і аформіць тэхнічную дакументацыю, што падкрэсліць, каб праекты прыцягнулі ўвагу.
— Да пачатку лета мы павінны падрыхтаваць пакеты неабходных дакументаў на былую мужчынскую гімназію і адзін з будынкаў езуіцкага комплексу для перадачы іх у Еўрапейскі банк, — паведаміла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Святлана Зубрыновіч. — Вельмі спадзяёмся, што з дапамогай гэтага банка знойдзем неабыякавых да нашай культурнай спадчыны людзей. Нас задаволіць любы варыянт, нават калі будзе ажыццяўляцца рэканструкцыя не ўсяго будынка цалкам, а, напрыклад, нейкай яго часткі.