пят, 19.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Немцам прапанавалі ўкласці грошы ў "Магілёўхімвалакно"

15.12.2016 – 10:20 | 362

Стаць інвестарам ААТ "Магілёўхімвалакно" прапанавана Енсу Хенкелю, кіраўніку "ІПС Інжынірынг Кансалтынг" і групы кампаній "ІПС Груп".

Пра сустрэчу з бізнесменам паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі. У паведамленні адзначаецца, што да 2020 года на ААТ "Магілёўхімвалакно" плануюць рэалізаваць маштабны праект па мадэрнізацыі прадпрыемства і асвоіць выпуск новых запатрабаваных на рынку відаў прадукцыі. У сувязі з гэтым абмяркоўвалася магчымасць падключэння да такой работы нямецкага інвестара.

"Улічваючы, што вы інжынірынгавая і кансалтынгавая кампанія, будзем зыходзіць з таго, які прадукт мы будзем вырабляць на тых ці іншых прадпрыемствах і наколькі ён будзе запатрабаваны на рынках. Гэта пытанне павінна быць самым галоўным у нашым супрацоўніцтве", – цытуе кіраўніка дзяржавы ягоная прэс-служба.

Енс Хенкель адзначыў, што для яго вялікі гонар дапамагчы сваім удзелам: "Менавіта цяпер самы зручны момант, каб прымаць стратэгічныя рашэнні па ўводзе новых тэхналогій і вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі".

ААТ "Магілёўхімвалакно" з канца 2014 года кіруе былы старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік. На гэтай пасадзе ён замяніў Сяргея Пузевіча, якога знялі "па прычыне непрыняцця своечасовых мер па мадэрнізацыі вытворчасці, што прывяло да нізкай канкурэнтнай здольнасці прадукцыі і невыканання прагнозных паказчыкаў".

ААТ "Магілёўхімвалакно" – гэта адзіны ў Беларусі буйны вытворца дыметылтэрэфталату, поліэфірнага грануляту ПЭТ, у тым ліку харчовай, поліэфірных валокнаў і нітак. Прадпрыемства з'яўляецца асноўным пастаўшчыком сыравіны для лёгкай прамысловасці краіны. Больш за 65% вырабленай прадукцыі "Магілёўхімвалакно" прадаецца за мяжу.

Андрэй Бароўка, ілюстрацыя: pixabay.com

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email