Даўно я не ў справе. Як кажуць, пенсіянер са стажам. Пішу, бо баліць душа за сённяшнія справы ў сельскай гаспадарцы. Як дакаціліся да таго, што большасць калгаснікаў атрымоўваюць свае мізэрныя заробкі ў апошні дзень месяца?
Многія гаспадаркі чакаюць, калі дадуць крэдыты, на выдачу якіх шмат у каго няма залогу. А, здавалася б, летнія месяцы самыя грашовыя. Гэта час вялікага малака, сабраны і някепскі ўраджай, а грошай няма. Няма на заробкі, салярку, запчасткі і г.д.
Бяда ў тым, што і выйсця з сітуацыі не бачна. Нават кіраўнік дзяржавы загадаў знайсці некалькі сотняў заўзятых энтузіястаў, якія за “падняцце” калгасаў атрымалі б па 25% іх акцый ва ўласнасць. І вы верыце, што знойдуцца такія людзі? Возьмуцца за калгасы, шмат у якіх пазыкі перавышаюць усю маёмасць? Возьмуцца за такую справу ды яшчэ пры сучасных адносінах, пры мінімальных правах? Я не веру. Я веру ў іншае: энтузіястаў не патрэбна шукаць, бо яны паўсюль. Іх проста не варта знішчаць.
Я сам належаў да ліку такіх энтузіястаў. Аналізуючы сітуацыю, асабісты досвед, скажу так: калі кіраўнік гаспадаркі за першы-другі год не зрушыць справы, то далей няма чаго чакаць.
Не без падставы хачу пахваліцца: у першыя гады маёй працы прыбытак складаў да 1,2 млн. савецкіх рублёў (хто з чытачоў памятае такія грошы, той ведае, наколькі гэта вялікая сума), пазней – яшчэ болей.
Але каму гэта трэба было? Калі нават ад карыфеяў эканамічнага факультэту БДСГА чуў: грошы не галоўнае. Ці не таму такая пазіцыя дамінуе, што нашыя чыноўнікі да гэтай пары не навучыліся рабіць грошы
Арганізацыя эфектыўнай справы патрабуе людзей смелых, рашучых, рызыкоўных. Ім патрэбна гарантаваць свабоду ў прыняцці рашэнняў. Самі кіраўнікі гаспадарак мусяць мець незалежны характар. А нашыя ўлады, і камуністычныя ў тым ліку, нічога не прыдумалі лепей, апроч як забіраць у бюджэт (а гэта значыць, у распараджэнне чыноўнікаў) неразмеркаваныя прыбыткі. Ды яшчэ і па правілах, якія самі прыдумалі. Чыноўнікам значна прасцей адбіраць у тых, хто зарабіў, чым давесці да вышэйшага ўзроўню ўсіх.
У нашай дрыбінскай гаспадарцы ў савецкі час кожны год улада забірала мільён савецкіх рублёў у фонд Міністэрства. Ці ж мы самі не маглі гэтыя грошы выкарыстаць на развіццё, мадэрнізацыю, заробкі і г.д.?
Адным словам, адабраць грошы прасцей у тых, хто мог зарабіць, і аддаць тым, хто не ўмее зарабляць. Такім чынам, губляўся сэнс рабіць, зарабляць, прыкладаць высілкі, таму што штучна ўсіх раўнялі. Спачатку выйграваў больш не той, хто эфектыўней працаваў, а той, хто больш прыпісваў. Адна бяда – грошай у апошняга не было.
Прыпіскі заахвочваліся і заахвочваюцца дзяржавай, а вось уласніку прыпіскі не патрэбныя. Бачачы ўсё гэта, часам губляўся працоўны запал, а разам з гэтым сэнс, каб зарабляць болей. Пытанне ў тым, што наша сённяшняя сістэма з'яўляецца нічым іншым, як копіяй мінулай. Калі ў маім калгасе былі грошы, мы набывалі салярку, угнаенні, тым самым ставілі сябе ў няроўныя ўмовы з іншымі гас-падаркамі, якія дзяржава фінансавала з бюджэту. Сёння ж дзяржава фактычна больш заахвочвае тых, хто альбо не ўмее, альбо не хоча якасна працаваць.
Памятаю, як у першыя гады прысутнічаў нейкі гонар, потым – з'явілася надзея на перабудову, затым на самастойнасць. І калі ў 2001 годзе мае калгаснікі прагаласавалі за "бестэрміновага" прэзідэнта, я напісаў заяву на звальненне і сышоў. Але калгасная сістэма цалкам засталася ў сённяшняй гаспадарцы. Падумайце самі, калі гаспадарка не атрымлівае прыбытку ад малака на звычайных фермах, то хіба на сучасных, дарэчы, вельмі дарагіх комплексах, атрымае? Людзі, якія нічога не маюць ва ўласнасці, якія не маюць ніякіх правоў, якія прыходзяць на працу, каб адбыць час, хіба могуць гэтыя людзі забяспечыць прыбытковы вынік?
На мой погляд, калгасная сістэма не дазваляе зрабіць калгас-мільянер, а вось з некаторых кіраўнікоў падпольных мільянераў зрабіць можа.
Людзей жа, здольных наладзіць эфектыўную вытворчасць, трэба спярша знайсці, потым адукаваць, стварыць умовы працы, давяраць ім. Сапраўдны кіраўнік не павінен баяцца за сваю пасаду, не павінен бачыць у людзях асабістых канкурэнтаў. Справа ў тым, што большасць людзей шчыра хварэе за працу і клапоціцца за агульны поспех свайго прадпрыемства. І калі чалавек умее знайсці правільны выхад з нестандартнай сітуацыі, не разгубіцца і праявіць сваю крэатыўнасць, то яму можна смела даверыць любую пасаду. Але асноўную ролю ў гэтым працэсе, безумоўна, вызначае дзяржаўная палітыка.