чцв, 23.01.2025
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Вам падабаюцца сыры з белай цвіллю? Цяпер такія робяць і ў Беларусі

23.01.2025 – 10:07 | 28

Унікальны для рэспублікі праект па вытворчасці сыроў з белай цвіллю ў рамках праграмы "Адзін раён – адзін праект" рэалізавалі ў Вілейцы, на вытворчым участку ААТ "Мінскі малочны завод нумар 1", перадае БЕЛТА.

Магутнасць вытворчасці – 3 т за суткі, 90 т – за месяц. Вытворцы плануюць таксама адпрацаваць тэхналогію сыру камамбер, у далейшым у планах выпуск сыру бры.

На вытворчы ўчастак будзе паступаць малако з малочна-таварнага комплексу, які быў пабудаваны ў Любані ў мінулым годзе. Патрэбнасць у малацэ за суткі на вытворчасць сыру з белай цвіллю складае 24 т.  

Раней вілейскі ўчастак спецыялізаваўся на выпуску масла, сыраквашы, смятаны, тварагу, сырковай масы. З 2022 года пасля далучэння да ААТ "Мінскі малочны завод нумар 1" з'яўляецца вытворчым участкам. Сёння тут выпускаюць фасаванае і вагавое масла (у тым ліку безлактознае), вагавы тварог і тэхнічны казеін.

Інвестыцыйны праект па вытворчасці сыру Camembert з белай цвіллю з'яўляецца ўнікальным для Беларусі, паколькі да гэтага часу ў рэспубліцы вытворчасць сыру з белай цвіллю ў прамысловых аб'ёмах адсутнічала.

Рэалізацыя праекта дазволіць развіць айчыннае сыраробства і вырабляць запатрабаваны імпартазамяшчальны і экспартна арыентаваны прадукт. Да 90 працэнтаў прадукцыі плануецца  пастаўляць на экспарт – у РФ, Казахстан, Грузію, Азербайджан, Арменію, Узбекістан, Туркменістан і інш. На прадпрыемстве створана больш за 40 новых рабочых месцаў.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email