аўт, 10.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Здабыткі часоў Міхаіла Анікеева мы бачым і сёння

21.05.2024 – 14:03 | 3931

Адзначаючы 100-гадовы юбiлей Горацкага раёна, трэба абавязкова ўспомнiць пра тых ягоных кiраўнiкоў, якiя ўнеслi значны ўклад у эканомiку і культуры нашага краю. Сярод іх – Мiхаiл Мiхайлавiч Анiкееў, якому давялося двойчы быць на чале нашага раёна, а многія здабыткі часоў Анікеева мы бачым і сёння. 23 мая гэты чалавек адзначыць 75-годдзе з дня нараджэння.

Сірочага хлеба спазнаў досыць

Міхаіл Анікееў нарадзіўся 23 мая 1949 года ў вёсцы Нікольск Дрыбінскага раёна. Хаця пасля вайны прайшло ўжо тры гады, але сірочага хлеба спазнаў досыць. Калі яму было ўсяго два гады, не стала бацькі Міхаіла Фёдаравіча, рабочага брыгады "Нікольск" саўгаса "Дрыбінскі". Клопат пра шасцярых дзетак лёг на плечы маці Сцепаніды Акулаўны, даяркі той жа брыгады. Таму Міхаілу з дзяцінства давялося працаваць летам на палетках саўгаса, а калі споўнілася 16 гадоў, яму даручылі разносіць пошту.

Тры гады жыцця былі аддадзены службе ў Савецкай Армii. Служыў добра, пацверджанае таму – медаль "За воінскую доблесць".

Пасля арміі зноў пайшоў на працу ў саўгас і вырашыў вучыцца далей, але завочна – у Смілавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Забягаючы наперад, скажам, што і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, і аспірантуру пры ёй Міхаіл Міхайлавіч таксама сканчаў завочна – трэба было дапамагаць братам і сёстрам, бо ў ягоныя 22 гады сям'ю пакінула і маці.

 У 1970-1977 гг. Міхаіл Анікееў – памочнік брыгадзіра, брыгадзір саўгаса "Дрыбінскі" Горацкага раёна. Працаваў добра, брыгада была найлепшай у саўгасе. Таму атрымаў там першую ўзнагароду – медаль "За працоўную доблесць". Потым была праца галоўным аграномам саўгаса "Копцеўскі" ў 1977-1980 гг., дзе прайшоў добрую школу кiравання ў дырэктара Мiхаiла Казючыца.

Калі людзі прыходзілі ў касу, не верылі, што такі заробак можа быць

У 1980 годзе перспектыўнага спецыяліста прызначалі дырэктарам саўгаса "Горацкі". Ветэран працы Любоў Валчкова ўспамiнала, што Анiкееў "Вывеў гаспадарку на перадавыя пазіцыі: за 4 гады пяцігодкі надой ад каровы вырас з 2070 да 3050 кг. Ураджайнасць у 1981 годзе складала 14,9 цэнтнераў з гектара, а ў 1984-м – 30,4. Рэзка вырас заробак працаўнікоў саўгаса. Калі людзі прыходзілі ў касу, не верылі, што такі можа быць.

У час кіраўніцтва Міхаіла Міхайлавіча былі пабудаваны саўгасныя дамы – цэлая вуліца. І на­звалі яе Камсамольскай. Пабудавалі прыгожы дзіцячы сад "Сонейка", два васьмікватэрныя дамы. Усё гэта для працаўнікоў саўгаса, перадавога ў Рэспубліцы, узнагароджанага Пераходнымі Чырвонымі сцягамі СССР, удзельніка ВДНГ…"

А дырэктара саўгаса ўзнагародзілі ордэнам "Знак Пашаны".

Я тады быў прапагандыстам ў саўгасе i ўдельнiчаў ва ўсiх мерапрыемствах, што праходзiлi ў той час. I калi аднойчы, там адбыўся раённы семiнар па праблемах жывёлагадоўлi, адна з даярак казала мне:

"Вось працавала 25 гадоў на ферме, не здымачы гумавых бот, i нават не марыла, што каля фермы, некалi будзе пакладзены асфальт, а я буду прыходзiць на працу ў чаравiках".

Міхаіл Анікеў не толькi кiраваў гаспадаркай, але i актыўна супрацоўнічаў з навукоўцамі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, рабіў ўсё, каб укараніць найлепшае ў вытворчасць. Сам займаўся навуковымі даследаваннямі, калі быў аспірантам-завочнікам кафедры раслінаводства.

Працуючы дырэкратам саўгаса яго ўпершыню абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання. Міхаіл Міхайлавіч успамінаў, што "гэта былі плённыя гады маёй заканатворчай дзейнасці. Тады былі прынятыя такія законы як Кодэкс аб зямлі, Падатковы кодэкс, Крымінальны кодэкс і многія іншыя, якія дзейнічаюць і дагэтуль".

Цікава, на жыццёвых прыкладах перадаваў свае веды

У 1986 годзе здольнага дырэктара саўгаса абралі старшынёй Горацкага выканаўчага камітэта. Аднак папрацаваць давялося ўсяго адзін год. Праўда, за гэты час, удалося закласці падмурак і вывесці некалькі паверхаў новага корпуса раённай бальніцы, будаўніцтва якой на доўгі час было замарожана, а будынак нават меркавалі знесці.

У час "перабудовы" Міхаіла Міхайлавіча "кінулі", як тады казалі, на партыйную працу ў прамысловы Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці. Там наш зямляк у 1987 годзе быў абраны першым сакратаром гаркама КПБ. На пасадзе рабіў усё, каб падняць узровень сельскагаспадарчай i прамысловай вытворчасці раёна.

У Асіповічах змог завяршыць свае навуковыя даследаванні і абараніць кандыдацкую дысертацыю на тэму "Разработка основных элементов интенсивной технологии возделывания кукурузы на дерново-подзолистых суглинистых почвах в условиях северо-восточной части БССР". Працаваў у Асіповічах, пакуль не была прыпынена дзейнаць КПБ.

З 1991 па 2003 гг. – ён дацэнт кафедры раслінаводства БДСГА. Гэтыя 12 гадоў жыцця таксама былі плённымі: распрацаваў курс вучэбных лекцый і выдаў некалькі навуковых і навукова-метадычных прац.

Аўтару гэтага матэрыялу, прыходзiлася чуць такія водгукі студэнтаў аб ягоных занятках: адразу відаць, што Міхаіл Міхайлавіч – практык і ведае спецыфіку сельскагаспадарчай вытворчасці знутры, яго слабыя і праблемныя месцы, шляхі іх вырашэння, умее цікава, на жыццёвых прыкладах перадаваць свае веды.

Ён вёў таксама навуковыя даследаванні і нават збіраўся абараняць доктарскую дысертацыю. Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 13-га скліканняў, а потым Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1-га склікання. Працаваў там намеснікам старшыні камісіі па правах чалавека і нацыянальных адносінах. За працу ў парламенце быў узнагароджаны Ганаровай Граматай Нацыянальнага Сходу.

Што было зроблена?

У 2003-2010 гг. – зноў быў абраны старшынёй Горацкага райвыканкама. У час яго кіравання наш раён займаў другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці, а ў 2008 годзе быў занесены на рэспубліканскую Дошку Пашаны. З 2005 па 2010 гады ў раёне былі ўладкаваны 12 аграгарадкоў.

За такія вынікі працы Міхаіл Міхайлавіч атрымаў узнагароду – стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Шмат чаго было зроблена і для горада Горкі. У кастрычніку 2004 года тут адбыўся Другі рэспубліканскі экалагічны форум. Падчас падрыхтоўкі да яго былі ўпарадкаваны многія вуліцы, зроблена іх азеляненне. Пачалася дабудова хірургічнага корпуса, які быў здадзены да "Дажынак" 2012 года. Праўда, старшынёй Міхаіл Анікееў ужо тады не быў, а новыя кіраўнікі, на жаль, запрасіць яго на адкрыццё забыліся. Але Міхаіл Міхайлавіч на іх не крыўдзіцца. Для яго галоўнае, што справа зроблена, і людзям, жыхарам раёна будзе лепей!

Трэба яшчэ адзначыць, што ў той час шмат чаго рабілася для ваенна-патрыятычнага выхавання і захавання гістарычнай памяці. На мемарыяле "Тужлівая маці" з'явіліся пліты з імёнамі тых, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. На плошчы імя Якубоўскага абсталявана алея Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы. Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей пераведзены ў гістарычны будынак былой аптэкі Падзерскага, дзе была зроблена новая экспазіцыя.

З 2010 года Міхаіл Міхайлавіч на пенсіі, але актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна. І ў тым жа годзе атрымаў яшчэ адну ўзнагароду – медаль "100 год стварэння БССР".

Не забываe Міхаіл Міхайлавіч і пра сваю малую радзіму – вёску Нікольск. Некалькі гадоў збіраў матэрыял пра гісторыю вёскі, яе людзей і выдаў кнігу "Нікольск: мой лёс, мая спадчына".

75 гадоў – гэта ўзрост мудрасці, усеагульнай павагі і пашаны. Дык няхай жа побач з Вамi заўсёды будзе ваша каханая жонка Зiнаiдa Аляксандрaўна, вашы дзецi, спагадлівыя і клапатлівыя, верныя і любімыя – сын Міхаіл i дочкі Алена ды Людміла, вашы ўнукі. Хай радасць і здароўе не пакідаюць Вас, а аптымізм і жаданне жыць не вычэрпваюцца яшчэ шмат гадоў!

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email