У нядзелю 10 снежня з 00:00 на Беларускай чыгунцы ўводзіцца новы графік руху цягнікоў на 2023/2024 гады. Ён будзе дзейнічаць на працягу года.
Графік руху пасажырскіх цягнікоў сфарміраваны на падставе маніторынгу попыту на перавозкі і аналізу пераважных напрамкаў пасажырапатокаў. Усяго прадугледжана курсіраванне 762 пасажырскіх цягнікоў.
Сталіцу Беларусі і абласныя цэнтры, а таксама буйныя гарады нашай краіны звяжуць больш за 60 цягнікоў міжрэгіянальных і рэгіянальных ліній бізнес-класа.
Па пятніцах і нядзелях прызначаны новы цягнік міжрэгіянальных ліній №623/624 па маршруце Віцебск – Мінск – Віцебск. Акрамя гэтага, падоўжаны маршрут цягніка міжрэгіянальных ліній №635 Мінск – Пінск да станцыі Брэст-Цэнтральны з прыпынкамі ў раённых цэнтрах Іванава, Драгічын, Кобрын, Жабінка.
Таксама ў новым графіку руху – 72 цягнікі гарадскіх ліній і каля 500 цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа для перавозак пасажыраў больш чым па 50 напрамках.
У новым графіку руху ў міжнародных зносінах прадугледжана 52 цягнікі фарміравання Беларускай чыгункі і ААТ "РЖД". Захаваны памеры руху цягнікоў у напрамку Масквы, Санкт-Пецярбурга, Адлера, Анапы, Мурманска і Самары.
Скарочаны час у дарозе на 17 гадзін і зменены маршрут руху цягніка Мінск – Архангельск. Дзякуючы гэтаму пасажыры змогуць здзейсніць паездку ў гарады Яраслаўль і Волагду праз Маскву.
Акрамя таго, у пасажыраў з'явіцца магчымасць праезду з Мінска да Мінеральных Вод і Ніжняга Ноўгарада. На гэтыя цягнікі ўжо рэалізавана больш за 700 білетаў.