аўт, 8.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Анатоль Віктаравіч Бухаркін – самабытны мастак, які нарадзіўся ў Горках

30.03.2023 – 15:24 | 1344

Сёлета споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння Анатоля Віктаравіча Бухаркіна – самабытнага мастака. Гэта яшчэ адзін наш таленавіты зямляк. Але ці шмат мы пра яго ведаем? Ці кожны з нас успомніць ягоныя палотны? Менавіта каб выправіць гэту чарговую белую пляму мясцовай гісторыі і памяці, свой артыкул падрыхтаваў краязнаўца Уладзімір Ліўшыц.

Сын "ворага народа"

Анатоль Віктаравіч Бухаркін нарадзіўся ў Горках 29 сакавіка 1928 года ў сям'і Віктара Іванавіча Бухаркіна, выкладчыка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, выпускніка Маскоўскага ўніверсітэта. Ягоная праўнучка, Марыя Бухаркiна, якая прaцавала ў архiве Федэральнай службы бяспекi Расii, паведамiла аўтару гэтага артукула, што прадзед з 1911 да 1914 год батрачыў, але яму ўдалося адвучыцца ў школе.

У 1921 годзе пасля заканчэння Маскоўскага ўніверсітэта, Віктар Іванавіч выкладаў у Саратаве, а ў 1924 годзе працаваў на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. 1 кастрычнiка 1925 года быў абраны на пасаду дацэнта кафедры грамадскiх навук Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii.

Вельмi цiкавiўся лiтаратурай, таму, калi ў акадэмii ўзнiкла філія "Аршанскага Маладняка", стаў яе актыўным удзельнікам. Далейшае ягонае жыццё звязана з Ленінградам. Там працаваў у Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскі Дом), а таксама дацэнтам, прафесарам у Ленінградскім інстытуце гісторыі, філасофіі і лінгвістыкі, дзе чытаў курс лекцый па антычнай літаратуры і матэрыялізме.

Шчаслівае жыццё сям'і скончылася 8 студзеня 1935 года, калi Віктара Іванавіча арыштавалі і асобай нарадай пры НКВД СССР асудзілі за прыналежнасць да контррэвалюцыйнай зіноўеўскай групы на тры гады лагера на Калыме. Ягоная жонка Соф'я Сцяпанаўна з двума дзецьмі, у тым ліку і Анатолем, накіравалася ўслед за мужам у Магадан. Але ўладам падалося, што пакарання гэтага мала, і 6 жніўня 1938 года Бухаркіна асудзілі да вышэйшай меры пакарання і ў той жа дзень расстралялі. У 1961 годзе Віктар Іванавіч быў поўнасцю апраўданы і рэабiлiтaваны.

Будучы мастак Анатоль Віктаравіч успамінаў: "На Калыме я пайшоў у першы клас... у тым суровым краі ўпершыню ўбачыў карціны, напісаныя акварэллю адным ссыльным. Яны зрабілі на мяне велізарнае ўражанне, і я ўзяў у рукі пэндзаль..." Цікавячыся жывапісам, наш зямляк збіраў паштоўкі – рэпрадукцыі вядомых мастакоў, вывучаў іх жыццё і творчасць.

Далей ад людзей, бліжэй да прыроды, якая не здрадзіць

Адвучыўшыся ў школе, Анатоль паступіў у Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію, якую скончыў у 1951 годзе, а маці засталася ў Магадане, дзе і памерла ў 1950.

Аўтару гэта матэрыялу ў свой час даводзілася сустракацца з некаторамі дзецьмі "ворагаў народу". Яны казалі, што стараліся выбіраць прафесіі далёкія ад палітыкі. Ды і, як мы ведаем, не ва ўсе інстытуты прымалі такіх людзей. Менавіта з гэтай прычыны вырашыў Анатоль атрымаць такую прафесію – каб быць далей ад людзей, бліжэй да прыроды, якая не здрадзіць.

Атрымаўшы спецыяльнасць інжынера лясной гаспадаркі, пачаў працаваць ва Усесаюзным інстытуце "Гiпралестранс" ў Ленінградзе. Потым – ляснічым у Прыазерскім лясгасе у Карэліі. Пазней быў прызначаны галоўным ляснічым Окскага дзяржаўнага запаведніка – у жывапiсных месцах, апетых Cяргеем Ясенінам.

У тым паэтычным Мяшчэрскім краі пасябраваў з Васілём Пясковым, вядомым журналістам "Камсамольскай праўды". Разам яны шмат вандравалі невядомымі сцежкамі, прабіраючыся ў самыя аддаленыя куткі лесу.

У 1975 Анатоля пацягнула на Радзіму – у родную Беларусь. Стаў ляснічым у Бярэзінскім дзяржаўным запаведніку, а затым – малодшым навуковым супрацоўнікам у гэтай установе.

У 1988 годзе выйшаў на пенсію. Яго ўгаворвалі яшчэ папрацаваць – не пагадзіўся, вырашыў цалкам прысвяціць сябе ўлюбёнай справе – жывапісу, бо ўсё жыццё ў душы заставаўся Мастаком. Прытым з вялікай літары.

На пенсіі, стаў жыць так, як заўсёды марыў: жыць і тварыць спакойна, размерана, без мітусні, у поўнай згодзе з прыродай. Пра сябе казаў: "лясны мастак" або "мастак-ляснічы", тым самым падкрэсліваючы "прыроднасць" сваёй творчасці.

Карэспандэнту газеты "Рэспубліка" ў красавіку 2008 года распавядаў: "Прачынаюся на досвітку, іду да рэчкі Бузянкі і ў лодцы плыву да запаветнага месца, дзе ў мяне прыхаваны на астраўку эцюднік. Вакол цішыня, якую парушаюць толькі птушкі. У адзіноце тварыць і фантазіяваць лягчэй, чым у мітусні штодзённасці. Некалькі гадзін – і сюжэт будучай карціны выбудаваны. Пасля нешта, магчыма, напішацца па-іншаму, а пакуль усё так сугучна..."

Анатоль Бухаркін, як цяпер кажуць, быў самадзейным мастаком. Не заканчваў мастацкіх вучылішчаў і акадэмій. Моцны ўплыў на яго творчую манеру аказаў і дапамог у зразуменні сэнсу мастацкай творчасці разанскі мастак Міхаіл Іванавіч Сідараў, з якім ён быў у сяброўскіх адносінах.

За гады творчасці Анатоль Віктаравіч стварыў некалькі сотняў жывапісных палотнаў. Яго карціны знаходзяцца ў Цэнтральным Доме народнай творчасці ў Маскве, у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, у музеі старажытнага рускага горада Суздаля, краязнаўчым музеі горада Лепеля, музеі Бярэзінскага дзяржаўнага запаведніка, а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях.

Ён удзельнік болей за 40 выстаў, у тым ліку Усесаюзнай выставы 1967 года ў Маскве, дзе быў узнагароджаны дыпломам II ступені. А ў 1973 і 1977 на Усесаюзным аглядзе сельскай мастацкай самадзейнасці ў Маскве яго карціны атрымалі дыплом I ступені.

У 1984 годзе на Беларускім тэлебачанні пра прыродаахоўную і мастацкую дзейнасць нашага земляка знялі два відэанарысы: "Причуды Берендея" i "О чем шумит лесная тишина". У 2001 годзе ў межах сумеснай беларуска-расійскай праграмы "Наш агульны дом" выйшаў кароткаметражны фільм "Дед Бухаркин".

У 2009 годзе беларускі рэжысёр-дакументаліст I.Бышнеў зняў пра гэтага мастака цікавы філасофска-паэтычны фільм "Река жизни". Яго можна паглядзець на YouTube.

Анатоль Віктаравіч Бухаркін памёр 15 чэрвеня 2013 года.

На ягоных палотнах – феерыя святла і колеру, гармонія фарбаў, сімфонія зямлі і вады, часу і прасторы

На карцінах Анатоля Віктаравіча – прырода ва ўсе поры года. Але любімы час – ранняя вясна, калі шмат вады, і ў ёй адлюстроўваецца неба. Цікавыя і восеньскія пейзажы, дзе фарбы прыроды здзіўляюць чалавека яркімі адценнямі, дрэвы скідаюць апаленую за лета лістоту. Або такі матыў – мокры лес пасля дажджу. А яшчэ – летні вечар, час заходу сонца, вельмі маляўнічы пейзажны сюжэт, асабліва любімы многімі майстрамі жывапісу.

Бухаркiн з задавальненнем пісаў пейзажы з жывёламі – аленямі, мядзведзямі і бабрамі, птушкамі, сустрэчы з якімі на ахоўнай тэрыторыі запаведніка не рэдкасць. Мастак спрабаваў лірычна захаваць навакольнае асяроддзе, якім быў заўсёды зачараваны.

Краявіды Анатоля Віктаравіча Бухаркiна настолькі праўдападобныя, што хочацца прайсціся па намаляванай траве або сцежцы, пакупацца ў рацэ, пасядзець пад шатамі дрэў або пад зіхоткім сонцам. Ягоным працам уласцівая яснасць кампазіцыі, маштабнасць і прастата.

На палотнах нашага земляка мы бачым таксама цiкавыя вясковыя пейзажы з хаткамі, напісаныя з вялікай любоўю.

У сваіх творах мастак умела перадае ўсе тонкасці асвятлення, гульню святла і ценю. Прырода ў Бухаркіна – феерыя святла і колеру, гармонія фарбаў, сімфонія зямлі і вады, часу і прасторы. Калі паспрабаваць вылучыць галоўную ідэю ягонай творчасці, то гэта ідэя Прыгажосці, утоенай у прыродзе.

І як лічыць Т.Пастарнак : "…у кожнай яго карціне – душэўная дабрыня. Фарбы замяшаны на любові. Да прыроды, людзей, якія ўбачаць непрыдуманы і таму непаўторны пейзаж".

Вельмі прафесійна і цікава напісаны мастаком нацюрморты. Як вядома, гэтае слова перакладаецца як "мёртвая прырода". Але мастак абвяргае такое вызначэнне – на ягоных палотнах прырода заўсёды жывая. Анатоль Віктаравіч раскрывае перад гледачом магію нацюрморта. Карціны, якія выйшлі з-пад пэндзля мастака, дзівяць глыбінёй кампазіцыйных рашэнняў, а буянне фарбаў уяўляе сабой сапраўдную сімфонію цудоўных адценняў.

Можна бясконца пісаць пра карціны нашага земляка. Але лепш арганізаваць яго персанальную экспазіцыю ў выставачнай зале Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, каб гэтыя творы ўбачылі мясцовыя жыхары.

А пакуль спадчынай Анатоля Бухаркіна можна любавацца на сайце dedbukharkin.ucoz.ru

Фота: dedbukharkin.ucoz.ru

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email