Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта раскрыў падрабязнасці расследавання крымінальнай справы аб гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару. Абвінавачаны – 41-гадовы мужчына, паведамляе Следчы камітэт.
Згодна з матэрыяламі справы, у 2017 годзе сацыяльная служба забрала са шматдзетнай сям'і траіх дзяцей. У нейкі момант іх бацькі перасталі жыць па агульнапрынятых нормах – без меры пілі, сварыліся і вялі асацыяльны лад жыцця. Дзяцей усынавілі іншыя людзі.
Праз некаторы час у шматдзетнай пары нарадзілася чацвёртае дзіця – дзяўчынка. Старэйшыя дзеці зрэдку наведвалі сваіх біялагічных бацькоў. Аднойчы, прыйшоўшы ў госці, адзін з сыноў звярнуў увагу на замкнёныя паводзіны сваёй чатырохгадовай сястрычкі. Малая відавочна цуралася бацькі. Падлетак падзяліўся асцярогамі са сваёй прыёмнай маці і распавёў уласную страшную гісторыю, якая пасля стала падставай для крымінальнай справы.
Следствам устаноўлена, што з 2011 па 2017 год ягоны бацька неаднаразова падвяргаў сыноў 5 і 9 гадоў сексуальнаму гвалту. У п'яным стане, здзяйсняў мужаложства і іншыя дзеянні сексуальнага характару ў адносінах да сваіх дзяцей.
Па выніках расследавання 41-гадоваму мужчыну прад'яўлена абвінавачанне за мужаложства і іншыя дзеянні сексуальнага характару, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетніх. З санкцыі пракурора гэтага чалавека ўзялі пад варту. Раней ён не быў судзімы, па месцы працы характарызуецца як добры адмысловец.
Гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў адносінах да дзяцей у Беларусі належаць да катэгорыі асабліва цяжкіх злачынстваў, а калі яны ўчынены ў адносінах да малалетніх, то пакараннем можа быць да 15 гадоў пазбаўлення волі.