пят, 27.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У акадэміі аўдыторыі прысвоілі імя Уладзіміра Кільчэўскага. Што вядома пра гэтага вучонага і воіна?

10.02.2022 – 17:45 | 1442

У аўторак 8 лютага на землеўпарадкавальным факультэце БДСГА аўдыторыі №173 прысвоілі імя аднаго са знакавых выпускнікоў нашай акадэміі, былога дэкана земфака, прафесара Уладзіміра Кільчэўскага. На сцяне ля аўдыторыі размясцілі мемарыяльную дошку ў гонар гэтага навукоўца. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня ягонага нараджэння. Пра Уладзіміра Конанавіча распавядае гісторык Уладзімір Ліўшыц.

Браў Кёнігсберг, удзельнічаў у перамозе над Германіяй

Уладзімір Конанавіч Кільчэўскі нарадзіўся 1 лютага 1922 года ў вёсцы Задуб'е Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1940 годзе скончыў Кармянскую сярэднюю школу. Адзін год працаваў загадчыкам сельскага клуба.

У 1941-1943 гадах на акупаванай нацыстамі тэрыторыі ўступіў у падпольную групу, быў сувязным партызанскага атрада. У 1943 годзе сышоў у 256-ы партызанскі атрад Журавіцкай партызанскай брыгады, быў камандзірам кулямётнага разліку.

З кастрычніка 1943 года служыў у 479-ай асобнай выведвальнай роце 1312-га стралковага палка 17-ай стралковай дывізіі ў якасці радавога, камандзіра аддзялення выведкі, справавода выведаддзела штаба дывізіі Першага Беларускага фронту.

Быў узнагароджаны ордэнамі "Чырвонай Зоркі", "Айчыннай вайны II ступені", медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За ўзяццё Кёнігсберга", "За перамогу над Германіяй", адзнакай "Выдатны выведнік".

Даследаваў кармавыя ўгоддзі і севазварот у калгасах Горацкага раёна

У 1946 годзе пасля дэмабілізацыі паступіў на землеўпарадкавальны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, які скончыў з адзнакай па спецыяльнасці "Землеўпарадкаванне". Тры гады абіраўся старшынёй студэнцкага прафкама, сакратаром акадэмічнага камсамола.

Добрага студэнта ў 1951 годзе запрасілі на працу ў акадэмію, дзе ён быў асістэнтам, старэйшым выкладчыкам.

У 1958 годзе ў Маскоўскім інстытуце землеўпарадкавання абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата эканамічных навук на тэму "Арганізацыя кармавых угоддзяў і севазваротаў у калгасах Горацкага раёна Магілёўскай вобласці Беларускай ССР". У 1961 годзе яму прысвоена вучонае званне дацэнта.

З 1980 года – прафесар кафедры земпраектавання. З 1971 па 1984 год быў загадчыкам гэтай кафедры.

У 1964-1971 гадах абіраўся дэканам землеўпарадкавальнага факультэта.

Чытаў лекцыі па шэрагу курсаў, у тым ліку па землеўпарадкаванні і навуковых асновах землеўпарадкавання.

Па ягоным падручніку і цяпер вучацца студэнты

Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў Уладзіміра Кільчэўскага былі: рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў; землеўпарадкаванне, планіроўка сельскіх населеных пунктаў; эфектыўнасць узбуйненых севазваротаў; землеўпарадкаванне ва ўмовах аграрнай рэформы.

Уладзімір Конанавіч надрукаваў больш за 100 навуковых і вучэбна-метадычных работ. Сярод іх сем манаграфій (у суаўтарстве) па пытаннях рацыянальнага выкарыстання зямель і землеўпарадкавання, шэраг артыкулаў у зборніках навуковых прац і часопісах, а таксама навукова-метадычныя дапаможнікі.

Быў адным з аўтараў падручніка "Землеўпарадкавальнае праектаванне", выдадзенага ў Маскве для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў СССР па спецыяльнасці "Землеўпарадкаванне". Па гэтым падручніку і цяпер вучацца студэнты краін СНД.

Ягоны аспірант стаў міністрам

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Конанавіча падрыхтаваныя чатыры кандыдаты навук. Адзін з былых аспірантаў Каа Дык Фат стаў міністрам сельскай гаспадаркі В'етнама.

За працу ў мірны час быў узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны", юбілейнымі медалямі СССР, дзвюма Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Яму было прысвоена званне заслужанага работніка вышэйшай школы БССР, ганаровага прафесара БДСГА.

.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email