сер, 11.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Ён піша навуковыя працы і артыкулы па-беларуску

17.11.2021 – 07:15 | 1022

Доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Віктар Босак ужо чатыры гады працуе загадчыкам кафедры бяспекі жыццядзейнасці БДСГА. Шмат ягоных навуковых прац і артыкулаў напісаны па-беларуску.

Раней Віктар Мікалаевіч жыў у Мінску, займаў такую ж пасаду ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Жыццёвыя абставіны перанеслі навукоўца ў Горкі, пра што ён зусім не шкадуе. Кажа, што калектыў кафедры цудоўны, ўсе калегі – прафесіяналы.

– Па-беларуску я пішу ад самага пачатку маёй працы, – прызнаецца наш суразмоўца. – У мяне больш за сто беларускамоўных публікацый. Гэта артыкулы, матэрыялы канферэнцый, манаграфіі. Я ж беларус-паляшук, з Берасцейчшыны, з заходняга Палесся. Мы там размаўляем на сваёй дыялектнай верхнеясельдскай мове. А яна, паверце, вельмі адрозніваецца. Для нязвыклага вуха яна можа падацца зусім незразумелай. Але для нас гэта вельмі натуральна, звычайна.

На Палессі прыкладна 95% жыхароў размаўляюць па-беларуску, каля 5% – на сваіх адмысловых дыялектных мовах. Гаворка ідзе пра Столінскі, Пінскі, Іванаўскі, Кобрынскі і іншыя раёны. Гэта вельмі цікавая рэч і ў нейкім сэнсе каштоўны здабытак беларусаў.

Што тычыцца мяне, то я заўсёды працаваў на розных мовах: часткова на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай. У Германіі я вучыўся ва ўніверсітэце, магу свабодна чытаць, пісаць і размаўляць. Па-англійску мне крыху цяжэй, але ж працаваць на гэтай мове таксама магу.

Лічу, што беларускую мову трэба захаваць і карыстацца ёй на практыцы.

Віктар Босак у кабінеце.

– Ці ёсць ў вас нейкая праца, звязаная менавіта з мовай?

– У 2010 годзе мы падрыхтавалі манаграфію пра беларускія дыялекты. Яна называецца "Дыферэнцыяцыя гаворак Верхняга Над'ясельдзя". Гэта пра мой родны Пружанскі раён, ён у нас вельмі адметны, там аж сем дыялектаў. Пэўна, гэта таму, што ён знаходзіцца на мяжы з Панямоннем і заходнім Палессем. Таму на поўначы гэтага раёна жыхары размаўляюць на звыклай беларускай мове, у сярэдзіне – на так званых сярэднебрэсцкіх гаворках (іх усяго дзесяць), а на поўдні – на тыповых загародскіх гаворках (гаворкі паўднёва-заходняй Беларусі). Напрыклад, кажуць не "конь", а "кінь", не "лес", а "ліс", не "кот", а "кіт".

Мы с калегай праехалі 231 населены пункт, сабралі ўсе цікавыя моўныя звесткі і склалі мапу таго, хто як размаўляе. Так з'явілася гэта манаграфія. Лічу, што гэта вельмі цікавая і патрэбная праца па захаванні нашай культурнай беларускай спадчыны. Старое пакаленне паступова сыходзіць, і зусім хутка можа не застацца жывых носьбітаў гэтых унікальных дыялектаў. Манаграфія ёсць у акадэмічнай бібліятэцы, калі стане цікава, можна азнаёміцца.

– Ці ведзяце вы заняткі на беларускай мове?

– Я трымаюся такога правіла: на якой мове студэнты размаўляюць і пішуць канспекты, на такой я вяду заняткі. Тут усе размаўляюць па-руску, а вось у тэхналагічным універсітэце ў нас была спецыяльнасць "Выдавецкая справа", там студэнты былі беларускамоўныя.

Калі б тут моладзь захацела атрымліваць веды на роднай мове, я б без аніякіх праблем пайшоў бы ім насустрач.

– Ці звярнулі вы ўвагу на нашу мясцовую гаворку?

– На жаль, яе амаль не чутна: усе рускамоўныя, нават у вёсках. У мяне жонка з суседняга Дубровенскага раёна, я ў яе пытаюся, як у вашай мясцовасці гучыць нейкае слова, а яна мне па-руску адказвае. Потым перапытваю ў цешчы – аказваецца, зусім па-іншаму, па-беларуску гучыць, і яна яшчэ гэта памятае. А моладзь ужо не, не ведае.

Лічу, што ў кожнай нацыі павінна быць свая мова. Калі яе няма, нацыя прападае. І гэта не адмаўляе, што трэба ведаць рускую, англійскую ці іншыя мовы.

– Над чым вы працуеце зараз?

– На сёння ў мяне шэсць аспірантаў і дактарантаў. Двое – з Беларусі, астатнія – з Казахстана.

Выступы і матэрыялы для канферэнцый з нашымі рыхтуем на беларускай мове. Усе калегі з навуковага асяроддзя ставяцца да гэтага вельмі прыхільна, падтрымліваюць такі падыход. Амаль усе артыкулы для газет я таксама пішу на роднай мове.

Галіна Будная

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email