Ад 21 красавіка стаўка рэфінансавання ў Беларусі павысіцца з 7,75% да 8,5% гадавых. Адпаведнае рашэнне апублікавана на сайце Нацыянальнага банка.
Што гэта значыць?
Перадусім, павышэнне стаўкі азначае, што могуць вырасці працэнты рублёвых укладаў. Пры гэтым могуць падаражэць крэдыты ў рублях, бо працэнты па іх таксама могуць падняць.
Як Нацбанк тлумачыць сваё рашэнне?
Галоўная прычына – інфляцыя. Яна пачала расці ў канцы мінулага года і цяпер паскараецца. Па выніках сакавіка прырост спажывецкіх цэн склаў 8,5% у гадавым выражэнні (мэта была 5%).
Нацбанк чакае, што паступова інфляцыя ўсё ж будзе зніжацца.