110 гадоў назад у Дрыбіне нарадзілася піянерка ізраільскага балета Мія Арбатава.
Бацькі былі шакаваныя, што дачка хоча займацца танцамі
Мія нарадзілася 4 сакавіка 1911 года ў сям'і аптэкара Вульфа Меіравіча Гіршвальда і Цылі Шмульян. Яе бацька вядомы тым, што акрамя аптэк валодаў бібліятэкай у Дрыбіне.
Пасля кастрычніка 1917 года сям'я пераехала ў Смаленск, а ў 1925 годзе – у Латвію. У адзінаццаць гадоў Мія ўпершыню ўбачыла балет і адразу ж была зачараваная ягонай магіяй.
Бацькі прыйшлі ў жах ад думкі, што дачка будзе танцаваць – для яўрэйскай дзяўчыны гэта лічылася ганьбай.
Таму спачатку забаранілі пра гэта нават марыць, адбыўся канфлікт, і Мія захварэла. Пазней, калі яе бацькі зразумелі, якая яна таленавітая танцорка, папрасілі прабачэння і падтрымалі яе.
У Рызе Мія паступіла ў школу класічнага балета, дзе займалася ў вядомых педагогаў пецярбургскай балетнай школы В.Фёдаравай і А.Фокінай. Праз год была прынята ў трупу Латвійскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, а праз два гады стала салісткай Тэатра оперы і балета ў Адэсы.
У гэты перыяд наша зямлячка прыняла сцэнічны псеўданім "Арбатова", які абрала па імені свайго улюбёнага танцора Ільі Арбатова.
У 1933 годзе выйшла замуж за свайго партнёра па танцах Валянціна Зіглоўскага і ў 1934 годзе наведала з ім Палесціну, дзе выступала два гады. Пасля гастроляў з сольнымі канцэртамі ў розных еўрапейскіх сталіцах і ЗША пара развялася ў 1937 годзе, а ў 1938 году Арбатава вярнулася ў Палесціну.
У яе балетнай студыі захоўвалі зброю змагары за незалежнасць
Мія Арбатава пасялілася ў Тэль-Авіве. Да гэтага часу ў Ізраіль прыехалі яе родныя. У 1938 годзе выйшла замуж за акцёра і спевака Ёсефа Голанда. Разам яны стварылі сатырычны тэатр-кабарэ "Аф-ал-пі" ("Насуперак"), а пазней музычныя тэатры "Лі-ла-ла" і "До-рэ-мі", дзе Арбатава была танцоркай і харэографам. У 1940 годзе Арбатава стала прыма-балерынай і харэографам у тэль-авіўскай "Опера Амаміт" ("Народная опера").
У 1943 годзе Арбатава адкрыла сваю першую балетную студыю ў Тэль-Авіве. Праўда, там не толькі вучылі танцам, але і захоўвалі зброю для тых, хто змагаўся за незалежнасць Ізраіля.
У час Вайны за Незалежнасць (1947 – 1949 гг.) Арбатова стварыла з вучняў балетную трупу, якая выступала перад салдатамі Арміі абароны Ізраіля.
Цікава, што ў той час балетныя туфлі былі невядомыя ў краіне, і Арбатовай давялося навучыць тэль-авіўскага шаўца іх рабіць.
Дасягненні насуперак крытыцы
У сваёй студыі Мія выгадавала тры пакаленні ізраільскіх артыстаў балета, сярод іх было нямала салістаў, якія выступалі з вядучымі трупамі свету. Выкладанне ў студыі Арбатавай вялося на аснове традыцый рускага класічнага балета. Многія вучыліся там бясплатна, а некаторыя нават жылі ў яе дома.
Мія ніколі не атрымлівала фінансавай падтрымкі або ахвяраванняў ад дзяржаўных устаноў. Важна адзначыць, што ўсе гэтыя дасягненні ўдаліся насуперак шматлікім пярэчанням і крытыцы, якая гучала ў той час у Ізраіле на адрас балета, які лічыўся буржуазным мастацтвам.
У знак прызнання яе таленту і прафесіяналізму Мію Арбатову запрашалі судзіць на шматлікіх важных міжнародных балетных конкурсах.
У 1985 за ўнёсак у развіццё мастацтва балета ў Ізраілі Арбатавай прысвоілі званне ганаровай грамадзянкі Тэль-Авіва. Памерла 22 сакавіка 1990 года.
Каралева без палаца
У 1990 годзе вучні Міі Арбатавай заснавалі ў Ізраілі стыпендыю для маладых артыстаў балета і міжнародны конкурс яе імя.
Пра яе жыццё Рэне Шарэт напісаў і надрукаваў кнігу "Королева без дворца" (Тель-Авив. 2005).