"І вось вам знак: знойдзеце Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях". Раптам з анёлам з'явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: "Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі". (Лк 2, 12–14).
Дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!
Божае Нараджэнне – гэта час, напоўнены малітвай і праслаўленнем, падарункамі і святочнымі сустрэчамі. Але найперш, гэта час для нас, каб мы маглі адчуць значнасць гэтай святой падзеі ў гісторыі свету і для нашага асабістага жыцця. Важна ўсвядоміць, што Бог увайшоў у наш кволы чалавечы стан, каб даканца разумець чалавека і яго жыццё.
На свята Божага Нараджэння Бог прыходзіць да нас у постаці немаўлятка. Маленькага, слабога, безабароннага, нявіннага. "Не бойся!" – сказаў анёл. Не бойцеся ўгледзецца ў пакорлівую прысутнасць Езуса і праславіць Бога за Яго прыйсце.
Да ясляў у Бэтлееме былі пакліканы і каралі, і пастухі. Гэта адкрывае нам адну важную рэч: у вачах Бога мы ўсе роўныя. Бог не выбірае любімцаў, зыходзячы з таго, хто важны ў вачах свету. Ён бачыць унутраную каштоўнасць кожнага чалавека і хоча, каб усе – багатыя і бедныя, магутныя і слабыя – прыйшлі да Яго і пакланіліся з любоўю. Таму пойдзем і паклонімся Яму!
Жадаю, каб свята Божага Нараджэння ў гэтым годзе было для нас благаслаўлёным. Каб ніводная сям'я не смуткавала, каб кожны змог сесці за святочным сталом побач са сваімі блізкімі. Няхай наш Збаўца народзіцца нанова праз сваю ласку ў нашых душах і сэрцах.
Няхай надыходзячы Новы 2021 год будзе для ўсіх шчодрым і благаслаўлёным! Увесь народ беларускі даручаю добраму і ўсемагутнаму Богу.