пят, 19.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Бібліятэка БДСГА правяла ў Instagram акцыю "Чытаем Караткевіча разам". Да 90-годдзя літаратара

04.12.2020 – 17:40 | 307

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч – беларускі пісьменнік, паэт, драматург, публіцыст, сцэнарыст. Яго творамі ганарыцца кожны беларус і з вялікім задавальненнем зачытваюцца людзі з розных краін свету. За яго кнігамі, якія выходзілі ў друк шасцідзесяцітысячнымі тыражамі і больш, заўсёды стаялі чэргі.

Той, хто сустракаўся з Караткевічам, бачыў яго, запомніў гарэзлівага чалавека са спецыфічным пачуццём гумару. Сёлета Уладзіміру Сямёнавічу споўнілася б 90 гадоў. Але ён назаўжды застаўся ў памяці маладым, заўсёды самым чытаным пісьменнікам, які ўваходзіць у дзясятку самых знакамітых аўтараў Беларусі.

Творы Уладзіміра Караткевіча з захапленнем чытаюць розныя людзі, рознага ўзросту і густаў. У кожнага чалавека свой Караткевіч: адны аматары яго гістарычных прыгодніцкіх раманаў; другія знаходзяць у яго вершах тое, што адчувае душа; для трэціх каштоўны сумленны роздум яго эсэ. Пісьменнік быў аднолькава таленавіты амаль ва ўсіх літаратурных жанрах.

Шмат яго твораў перакладзены і перакладаюцца на нямецкую, балгарскую, грузінскую, іспанскую, французскую, англійскую і іншыя мовы свету. Таксама існуе шмат перакладаў твораў Уладзіміра Сямёнавіча на рускую мову.

Асобе Караткевіча, яго творчасці, яго жыццёваму шляху прысвечана шмат кніг, даследаванняў, навуковых прац.

Да юбілею Караткевіча ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі было падрыхтавана і праведзена шмат мерапрыемстваў.

Пра адно з іх, якое праходзіла ў бібліятэцы ім.Д.Р.Новікава, хацелася б расказаць больш падрабязна. Гэта акцыя "Чытаем Караткевіча разам" на прасторах сацыяльнай сеткі Instagram.

Акцыя была падрыхтавана (відэаздымка і мантаж) бібліятэкарам Вікторыяй Гардзеевай, каб далучыць людзей да чытання твораў Уладзіміра Сямёнавіча. Усё, што было патрэбна для ўдзела ў акцыі – гэта прачытаць выразна любімы твор Караткевіча, запісаць відэа і размясціць у Instagram на сваёй або на старонцы biblioteka_academy з хэштэгам #чытаем_Караткевіча_разам. Удзел у акцыі прынялі студэнты, супрацоўнікі бібліятэкі, выкладчыкі кафедры лінгвістычных дысцыплін. І, самае галоўнае, ва ўдзельнікаў акцыі узрасла цікавасць да асобы і творчасці нашага ўнікальнага аўтара. Бо дакрануўшыся да яго таленту душою, немагчыма не цытаваць яго радкі з высокім духоўным сэнсам.

Удзельнікі акцыі надзвычайна нераўнадушныя і творчыя.

Бібліятэка акадэміі выказвае шчырую падзяку за ўдзел у акцыі: Ганне Іванаўне і Пятру Іванавічу Малько, Ірыне Мікалаеўне Курловіч, Аксане Сцяпанаўне Заляшчонак, Алене Аляксандраўне Сафронавай, Галіне Яўгенаўне Мядзведзевай, Людміле Аляксандраўне Шаршнёвай, Вікторыі Сяргееўне Гардзеевай, Ларысе Васільеўне Панус, Анастасіі Сідаровіч, Аляксандру Давыдаву, Цімуру Германовіч, Ніне Глёкавай.

Акцыя завяршылася, але Караткевіч застаўся назаўжды ў нашых сэрцах, і мы працягваем чытаць яго творы. Сапраўдны талент пісьменніка натхняе праз гады і стагоддзі – таму Караткевіч быў, ёсць, будзе.

Вікторыя Гардзеева, бібліятэкар другой катэгорыі бібліятэкі ім.Д.Р.Новікава; фота: Сяргей Панізнік

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email