Схуднелы і з парослай барадой – такім выйшаў на волю пасля 22 дзён арышту Андрэй Юркоў. Ён распавёў "УзГорку", што адбываецца за кратамі і як там жывецца чалавеку, які нікога не абрабаваў і не забіў.
Як апынуўся пад арыштам?
30 жніўня ў Горках праходзіла мірная акцыя. Людзі не перакрывалі рух транспарту, не выходзілі на праезную частку, не чапляліся да мінакоў… Сабраліся і мірна прайшліся па тратуарах свайго горада. Пад канец акцыі да Лядовага палаца прыехала міліцыя, папярэдзіла, што імпрэза не дазволена ўладамі і запатрабавала разысціся, людзі сышлі – расказвае Юркоў. Праз некаторы час да яго пад'ехала машына без нумароў. З яе выйшлі людзі і папрасілі "прайсці". Завезлі ў РАУС, склалі чатыры пратаколы за акцыі ў розныя дні.
Андрэй патлумачыў, што выходзіў на вуліцу і будзе выходзіць, бо ў Беларусі пралілася кроў людзей, якія ўдзельнічалі ў падобных акцыях, ёсць загінулыя, а расследавання да гэтага часу няма. "Тады забілі тых людзей, а заўтра вы заб'яце мяне", – кажа пра сваю пазіцыю Юркоў.
Рашэнне вынес суддзя Ляшэнка: 15 сутак. Пазней да іх дадалі суткі, якія Юркоў не адседзеў яшчэ ў жніўні, бо быў нечакана вызвалены. Агулам атрымалася 22 дні.
Галоўнае захоўваць спакой!
Спакой – гэта тое, што трэба захоўваюць і затрыманаму, і яго сваякам. "Не пераймацца, не хвалявацца, гэтым справе не дапаможаш", – перакананы Андрэй. Наогул цяжка першы тыдзень, а далей уключаюцца адаптацыйныя механізмы арганізму, становіцца прасцей.
Нават з часам, здаецца, пачынаеш прывыкаць да мясцовых матрацаў – яны там убітыя, ляжаць на іх нязручна і балюча, бо двух'ярусныя ложкі – металічныя, а на іх паклалі дошкі.
Добрая падтрымка – лісты з волі. Пра што пісаць? "Расказваць агульна пра падзеі ў вашым жыцці, калі вы гатовы гэтым дзяліцца. Пра надвор'е, што ўрадзіла ў агародзе. За кратамі ўсё гэта цікава, – тлумачыць наш суразмоўца.
Што перадаваць?
Лепей, каб перадача была кампактная, а не аб'ёмныя торбы. Галоўнае – цёплыя рэчы, бо ў камеры вельмі вільготна і халодна. Перадусім, патрэбна тэрмабялізна з доўгімі рукавамі. Гэта дапаможа болей за цёплыя швэдры і курткі.
Андрэй грэўся па-спартоваму: адціскаўся, прысядаў. Праўда, нават для такіх простых заняткаў у камеры мала месца.
Акрамя вопраткі вязню патрэбныя сродкі гігіены. У камеры толькі халодная вада і вельмі смярдзіць прыбіральня.
Яшчэ важная рэч – любыя газеты, нават афіцыёзныя, калі не прапусцяць незалежныя, а таксама кнігі. Вельмі добра – Біблію. Яна дае глебу для роздуму.
А ежа?
Сітуацыю з харчамі Андрэй апісвае так: "Два-тры дні нармальна, а потым гадасць столькі ж дзён". Кажа, што былі больш-менш нармальныя супы – капуста, рысавы. Кашы, катлеты, рыба, курыныя крылы. Але часам патрапляліся і чарвякі.
Андрэй раіць сваякам затрыманых перадаваць ім горкі шакалад для энергіі, бананы, якія могуць доўга ляжаць, печыва, гарбату, каву, сухія каўбасы, яблыкі, грушы.
Чым займаўся?
Пісаў скаргі ў абласны суд на незаконны прысуд раённага суда, атрымліваў адказы. Спяваў беларускія песні. Чытаў, хоць паступова заўважыў, што зрок сядае, бо няма магчымасці глядзець удалечынь у замкнёнай прасторы.
Якіх аўтараў чытаў? Рэмарка, Быкава, Някляева, Шашкова, Чорнага, Ільфа і Пятрова, Гілевіча. Нешта можна было браць у мясцовай бібліятэцы, штось перадавалі з волі сваякі.
Хто былі суседзі?
Некалькі дзён Андрэй сядзеў адзін. Потым з'яўляліся розныя суседзі. Былі сярод іх пакараныя за дробны крадзеж і хуліганку. Апошнія паўтара сутак сядзеў з удзельнікам акцый у Горках Сяргеем Рэндавым. Ён гіпертонік, якому трэба было прымаць таблеткі, гэта дазвалялі.
Пра супрацоўнікаў ізалятара кажа так: "усе яны там розныя людзі, але як да злачынца да мяне не ставіліся, пераважна адэкватна".
Ад 26 кастрычніка – беспрацоўны
Пасля вызвалення Андрэя Юркова пазнаёмілі на працы з загадам, дзе гаворыцца, што з 26 кастрычніка Вучгас БДСГА не працягвае з ім кантракт. Прэтэнзій да свайго кіраўніцтва наш суразмоўца не мае, бо ўсё разумее.
Але Андрэй не шкадуе. Ён перакананы, што любы чалавек павінен мець права выказваць свае меркаванні. Тым болей, калі мы бачым, які адбываецца гвалт у адносінах да мірных дэманстрантаў.
Не абавязкова людзі павінны выходзіць на акцыі – кожны можа сам выбраць, як выражаць сваю нязгоду з несправядлівасцю. Хтосьці – пераконваць іншых, хтосьці – павесіць бел-чырвона-белы сцяжок у сваёй машыне або ў вакне ўласная кватэры ці дома, нехта – у сацсетках. Каб астатнія бачылі і таксама задумваліся.
Наш суразмоўца перакананы: калі ў Беларусі людзей будуць затрымліваць, збіваць і не даваць магчымасці мець ды адкрыта выказваць уласныя перакананні, не атрымаецца пабудаваць ні сучасную развітую дзяржаву, ні сучасную эканоміку, бо ў цяперашнім свеце дасягненні ў навуцы і эканоміцы – гэта вынік свабоды, а не прымусу.