9 кастрычніка ў бібліятэцы імя Д.Р.Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адбылася прэзентацыя чарговай кнігі вядомага гісторыка і краязнаўцы Уладзіміра Ліўшыца "Літаратурныя раскопкі акадэмічнага "Парнаса". Кніга прымеркавана да 180-годдзя акадэміі і выдадзена за кошт сродкаў навучальнай установы.
У 55 нарысах (трэба заўважыць, што 29 з іх не друкаваліся раней) чатырох раздзелаў аўтар змясціў матэрыялы пра тых пісьменнікаў і паэтаў, хто ў акадэміі вучыўся, вучыўся і працаваў, працаваў. Чацвёрты раздзел кнігі "Пісьменнікі – госці акадэміі" расказвае пра тых беларускіх літаратараў, што наведвалі нашу ўстанову адукацыі ў розныя гады.
На прэзентацыю былі запрошаны ўсе, хто так ці іначай меў дачыненне да выхаду гэтай кнігі: рэдактар рукапісу, кандыдыт філалагічных навук, дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін Таццяна Скікевіч; аўтары афармлення вокладкі Кацярына Міхальчанка і Алег Якімовіч; дырэктар раённага гістарычна-этнаграфічнага музея Святлана Макеева.
Гасцямі прэзентацыі былі і героі розных раздзелаў кнігі, пра каго пісаў Уладзімір Маісеевіч у сваіх нарысах. Яны даўно і трывала сябруюць з пяром і вядомы ў Горках і акадэміі, як аўтары зборнікаў паэзіі, прозы, публіцыстыкі. Гэта Ларыса Грушына, Леанід Каліненка, Ганна Аронава, Андрэй Пугач, Святлана Бакчэева-Варухіна, Ганна Малько. Прысутнічалі на імпрэзе і патэнцыйныя чытачы новага выдання – студэнты эканамічнага факультэта акадэміі.
У сваіх выступах прысутныя адзначалі вялізную працу, якую зрабіў краязнаўца, яго нястомны пошук на працягу многіх гадоў, чыталі свае творы. Ніна Глёкава, удзельніца клуба "Дэбют", выканала вершы пра радзіму Змітрака Марозава і Лідзіі Андрэевай.
Сюрпрызам на імпрэзе прагучала відэапрывітанне з далёкага Ізраіля і ўдзячнасць ад самога аўтара кнігі ў адрас рэктарата акадэміі і ўсіх, дзякуючы каму кніга ўбачыла свет. У сваім звароце Уладзімір Маісеевіч адзначыў таксама, што матэрыялаў пра пісьменнікаў і паэтаў, звязаных з акадэміяй, настолькі багата, што будзе слушна абмеркаваць магчымасць стварэння ў акадэміі літаратурнага музея.
У завяршэнне літаратурнай сустрэчы загадчык бібліятэкі акадэміі Галіна Мядзведзева ўручыла гасцям кнігу з нарысамі аб іх біяграфіях і творчасці.
Змест "Літаратурных раскопак акадэмічнага "Парнас" дае нам магчымасць яшчэ раз упэўніцца, што літаратурныя традыцыі заўсёды існавалі ў акадэміі, жывуць і развіваюцца яны і сёння. Літаратурная творчасць аўтараў, якія так ці іначай былі звязаны з акадэміяй, гэта яшчэ адзін штрых у шматгадовы партрэт нашай навучальнай установы разам з яе дасягненнямі ў аграрнай навуцы і вышэйшай адукацыі.