Да 180-гадовага юбілею акадэміі выйдзе з друку шэраг самых розных выданняў. Сярод іх адметнае месца займае кніга літаратуразнаўчых нарысаў "Літаратурныя раскопкі акадэмічнага "Парнаса". Яна выдадзена на сродкі БДСГА і нядаўна з'явілася ў фондзе бібліятэкі імя Д.Р.Новікава.
Аўтар кнігі – Уладзімір Ліўшыц, вядомы краязнаўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Саюза журналістаў Беларусі, Міжнароднага Саюза пісьменнікаў "Новы сучаснік", ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Змест выдання абагульняе шматгадовую працу і даследаванні аўтара па вывучэнню цікавай старонкі ў гісторыі акадэміі – яе літаратурных традыцый, пачынаючы з ХIХ ст. і да нашага часу.
Выданне складаецца з чатырох раздзелаў: "Вучыліся ў акадэміі", "Вучыліся і працавалі ў акадэміі", "Працавалі ў акадэміі" і "Пісьменнікі – госці акадэміі". Літаратуразнаўчыя нарысы ў папулярнай, даступнай форме пазнаёмяць чытача з матэрыяламі аб студэнтах, якія вучыліся ў акадэміі ў розны час і праявілі сябе ў літаратурнай дзейнасці; аб выкладчыках, якія не толькі чыталі лекцыі, але і былі вядомымі пісьменнікамі і паэтамі. Кніга таксама ўключае матэрыялы аб тых аўтарах, якія працуюць у нашым ВНУ ў цяперашні час і плённа займаюцца літаратурнай творчасцю.
У кнізе "Літаратурныя раскопкі акадэмічнага "Парнаса" адлюстраваны такі багацейшы фактаграфічны матэрыял, што яе смела можна лічыць сапраўднай энцыклапедыяй аб усіх тых прадстаўніках беларускай і рускай літаратуры, якія так ці іначай мелі дачыненне да нашай установы адукацыі на працягу яе 180-гадовай гісторыі.
Спяшайцеся пазнаёміцца з унікальным выданнем! Кніга чакае свайго дапытлівага чытача ў акадэмічнай бібліятэцы.