За апошнія суткі ў Беларусі выявілі 873 новыя выпадкі заражэння каранавірусам, 122 чалавекі паправіліся, пяцёра памерлі.
Па звестках Міністэрства аховы здароўя на раніцу 26 красавіка ў нашай краіне COVID-19 дыягнаставалі ў 10 463 чалавек з пачатку пандэміі. Гэта 7,1% ад колькасці праведзеных тэстаў. Выздаравелі 1 695, загінулі 72.
Колькі людзей заразілася і памерла ў Магілёўскай вобласці на сёння невядома. Два дні таму па афіцыйнай інфармацыі ў нашым рэгіёне каранавірус знайшлі ў 396 грамадзян.
Якая сітуацыя ў Горацкім, Дрыбінскім або Мсціслаўскім раёнах – не паведамляецца.
Што адбылося ў свеце?
У суседняй Расіі інфекцыю знайшлі ў амаль 81 тысячы чалавек, памерлі – 747. Ва Украіне – 8 617 / 209, у Польшчы – 11 395 / 526, у Літве – 1 438 / 41, у Латвіі – 812 / 12.
У свеце COVID-19 заразіліся болей за 2,9 мільёна чалавек, болей за 203 тысячы памерлі, паправіліся амаль 826 тысяч. Па-ранейшаму найбольшая колькасць захворванняў – у ЗША, Гішпаніі і Італіі, а смерцяў – у Італіі, Гішпаніі і Францыі, ачунялых – у Германіі, ЗША і Гішпаніі.