нядзеля, 24.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Быў самым маладым акадэмікам Беларусі. І двойчы быў асуджаны да расстрэлу

13.04.2020 – 23:23 | 1224

Сёлета споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння выхаванца нашай акадэміі Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага. Дарэчы, дзякуючы намаганням гэтага навукоўца і выкладчыка, у Горках засталася вышэйшая навучальная ўстанова.

Ледзь не стаў акцёрам

Гаўрыла Гарэцкі нарадзіўся 19 сакавіка 1900 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні. Ягоны бацька Іван Кузьміч і маці Ахрасіння Іванаўна былі малазямельнымі сялянамі.

Пасля вучобы ў школе, земскім і двухкласным вучылішчах у 1914-ым паступіў у Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Вельмі добра здаў уступныя іспыты і меў другі вынік сярод 140 абітурыентаў, таму атрымліваў стыпендыю.

Актыўна займаўся літаратурнай дзейнасцю ў гуртку, якім кіраваў Андрэй Сухі (псеўданім Андрэй Мокры).

Сын Гаўрылы Гарэцкага Радзім у кнізе "Браты Гарэцкія" піша, што ў час вучобы бацька многа чытаў Талстога, Дастаеўскага, Ганчарова, Гётэ. Як і Максім (будучы пісьменнік Максім Гарэцкі – заўв. рэд.), пачаў пісаць кароткія нататкі ў "Нашу ніву". У газеце "Горецкий вестник" надрукаваў артыкул, накіраваны супраць русіфікатарскіх думак рэдактара гэтага выдання, лідара кадэтаў, выкладчыка вучылішча С.Г.Цытовіча, і падкрэслена падпісаў яго "Сын маці Беларусі". А пазней у газеце "Вольная Беларусь" выйшаў яго артыкул "Хто яны", у якім высмейваў эсэраў за іх ацэнку беларускага пытання, блізкую да яго разумення манархістамі, папамі і пагромшчыкамі.

У Горках Гаўрыла арганізаваў беларускі вучнёўскі гурток, які потым атрымаў назву "Беларуская секцыя вучняў Горацкіх сельскагаспадарчых школ". Дзейнічалі аддзелы: гісторыка-эканамічны, літаратурны, тэатральны, музычны і чыстага мастацтва. Гаўрыла асабліва актыўнічаў у працы тэатральнага аддзела, удзельнікі якога паставілі на сцэне паэму "Тарас на Парнасе", п'есы Ф.Аляхновіча, У.Галубка, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш.

На паказах прысутнічала больш за 500 чалавек. Галубку спадабалася пастаноўка ягонай п'есы і ён на памяць падараваў Гаўрыле два сваіх фотаздымкі з надпісам: "Г.Гарэцкаму на памяць – У.Галубок".

У мясцовую газету Гаўрыла пісаў рэцэнзіі, у прыватнасці, на спектакль "Манька" Ф.Аляхновіча, які паставіў Горацкі студэнцкі гурток. У той час Гаўрылу настолькі захапіў тэатр, што пачаў нават схіляцца да таго, каб стаць акцёрам.

Працаваў у Горацкім выканкаме

Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года Гаўрыла сустрэў у Горках і нават некалькі дзён стаяў на пасту міліцыянерам. Але неўзабаве заняткі адмянілі, бо ў нашым горадзе запанаваў тыф, студэнтаў да кастрычніка адпусцілі дамоў. У роднай вёсцы Гаўрыла Гарэцкі вывучыў "Курс стэнаграфіі" і некаторы час працаваў стэнаграфістам у Горацкім павятовым выканкаме.

У 1972 годзе аўтару гэтага артыкула давялося сустрэцца з Гаўрылам Іванавічам у ягонай кватэры ў Горках на вуліцы Акадэмічнай. Ён шмат чаго апавядаў пра вучобу ў нашым горадзе, а потым паказаў брашуру "Съезд рабочих, крестьянских и солдатских депутатов Горецкого уезда. 1918 год". У ёй пазначана, што стэнаграфічны запіс быў зроблены Г.Гарэцкім.

Заяву ў вучылішча напісаў на беларускай мове

У час працы ў Дзяржаўным гістарычным архіве БССР аўтар гэтага артыкула знайшоў "Асабовую справу вучня Горацкага земляробна-агранамічнага вучылішча Г.Гарэцкага". У ёй здзівіла, што заяву для паступлення ў вучылішча Гаўрыла напісаў на беларускай мове. Дарэчы, Гаўрыла Іванавіч сам вельмі здзівіўся гэтай акалічнасці, бо ўжо паспеў на гэта забыцца. А на маё пытанне, як жа прыёмная камісія прапусціла такі дакумент, адказаў, што, мабыць, чыноўнікі яго проста не чыталі.

Калі ў тыя часы пачалі абмяркоўваць пытанне пра стварэнне на базе сельскагаспадарчых устаноў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута, Гарэцкі падтрымаў гэту ідэю і напісаў на гэты тэму артыкул у "Известиях Горецкого уездного исполнительного комитета" ў снежні 1918 года.

У 1919 годзе наш выхаванец скончыў вучылішча і некаторы час працаваў ва Уфімскім губземаддзеле. Потым вырашыў атрымаць вышэйшую адукацыю і ў 1924 годзе скончыў эканамічны факультэт Ціміразеўскай (тады Пятроўскай) сельскагаспадарчай акадэміі. Там актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю і быў двойчы (1920 і 1922 гг.) арыштаваны органамі дзяржаўнай бяспекі.

Змагаўся, каб у Горках захавалася акадэмія

У 20-х гадах мінулага стагоддзя Магілёўскую губернію, у тым ліку і Горацкі павет, вярнулі Беларусі. Але паўстала праблема: ці патрэбны Рэспубліцы дзве сельскагаспадарчыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Справа ў тым, што ў Мінску працаваў Беларускі інстытут сельскай і лясной гаспадаркі, а ў Горках было сваё ВНУ. А калі дзве не патрэбны, то ў якім горадзе пакінуць?

У гэтую барацьбу ўключыўся і Гаўрыла Гарэцкі, які ў артыкуле "Дзе быць Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі" пісаў: "Беларусі патрэбна свая Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, якая б стаяла па навукова-навучэбнай каштоўнасці разам з заходнееўрапейскімі і расійскімі вышэйшым сельскагаспадарчымі ўстановамі... Вывад такі: Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія – у Горках (інтэгральная), Балотны інстытут – у Менску... А калі падзівіцца з боку нацыянальна-адраджэнцкага, дык трэба прызнаць – безумоўна, толькі гэтак і трэба зрабіць. Усе беларусы ведаюць і вераць, што пройдзе яшчэ няшмат часу, і Беларусь з 6 уездаў разрасцецца да 6 губерняў, інакш не можа быць. Але ж трэба набліжаць гэты момант, адной веры мала, трэба дзея… І перш-наперш трэба паклапаціцца аб Усходняй Беларусі. На Захадзе беларускую самасвядомасць пашыраюць палякі сваёю дурной і шалёнай палітыкай паланізацыі. Рух беларускі там пачаўся даўно… На Усходзе ж праца яшчэ толькі пачынаецца… На Усходняй Беларусі няма адраджэнцкай базы... Горкі такое месца, дзе Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і магла б найлепш заснавацца".

Барацьба скончылася перамогай тых, хто змагаўся за Горкі. 5 жніўня 1925 г. было вырашана спалучыць Горацкі і Беларускі інстытуты сельскай гаспадаркі ў адзіную ўстанову – Беларускую дзяржаўную акадэмію сельскай і лясной гаспадаркі. Так у нашым горадзе захавалася ВНУ.

Хацеў, каб на Радзіму вярнуліся навукоўцы беларускага паходжання

У верасні 1925 г. Гаўрылу Іванавіча запрасілі ў Горкі на працу дацэнтам і загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі акадэміі. Абралі сябрам Праўлення ВНУ і даручылі кіраваць выдавецкай справай. У гэты час у Беларусі разгарнулася беларусізацыя. ЦВК БССР стварыў у 1925 г. спецыяльную камісію, якая займалася нацыянальнай палітыкай. Адпаведныя камісіі ўзніклі ў акругах і навучальных установах.

Аднак гэтаму супраціўляліся тыя, хто выступаў за рускую культуру, навуку і адукацыю. У акадэміі такім быў яе рэктар М.Ц.Козыраў, з якім Гарэцкі ўступіў у дыскусію. У артыкуле "Аб беларусізацыі вышэйшых навучальных устаноў БССР", надрукаваным у часопісе "Асьвета" у 1926 г., Гаўрыла Іванавіч на прыкладзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі прааналізаваў стан беларусізацыі і яе дынаміку з 1919 па 1926 год. Лічыў, што трэба працягваць гэту працу сярод тых, хто тады працаваў у ВНУ, заклікаў запрашаць вучоных беларускага паходжання, якія працавалі ў Расіі і Украіне.

У Мінску 14-21 лістапада 1926 года адбывалася акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Ад імя Праўлення нашай акадэміі Гаўрыла Гарэцкі вітаў удзельнікаў і прывёў такія факты беларусізацыі ў Горках: каля 75% асістэнцкага складу ВНУ і 50% навуковых супрацоўнікаў перайшлі на беларускую мову.

Арыштавалі па фіктыўнай справе

Гаўрыла Іванавіч працаваў у акадэміі ў Горках да 1927 г. і звольніўся, бо быў прызначаны дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі.

У канцы 1928 года яго абралі правадзейным сябрам Беларускай акадэміі навук. Ён аказаўся самым маладым акадэмікам-заснавальнікам акадэміі. З тых часоў ніхто не пабіў гэты своеасаблівы рэкорд.

Аднак 24 ліпеня 1930 г. Гарэцкага арыштавалі па фіктыўнай справе "Працоўнай сялянскай партыі" і асудзілі як "кіраўніка контррэвалюцыйнай арганізацыі" да вышэйшай меры пакарання. 6 чэрвеня 1931 года расстрэл замянілі 10-гадовай ссылкай. Ёсць версія, што перад Сталіным пра гэта хадайнічалі Мікалай Галадзед і Аляксандр Чарвякоў – тагачасныя кіраўнікі БССР.

Гаўрылу Гарэцкага датэрмінова вызвалілі 5 кастрычніка 1934 года, але ізноў арыштавалі ў кастрычніку 1937. Праз тры месяцы вызвалілі, каб яшчэ раз арыштаваць у 1938-ым. Гэты арышт быў самым жахлівым, бо Гаўрылу Іванавіча пастаянна змяшчалі ў "лазню" – метад катаванні, калі арыштанта садзяць у вузкае ізаляванае памяшканне, куды не трапляе свежае паветра.

Турмы былі перапоўненыя, ежы не хапала, многія канчалі жыццё самагубствам. Аднойчы і Гаўрыла напісаў жонцы Ларысе запіску, у якой прасіў перадаць лязо. Дзякуй Богу, ім ён не скарыстаўся. 8 мая 1938 года Гаўрыла Іванавіч чарговы раз быў асуджаны да расстрэлу. Больш за год прабыў у турме, але цудам застаўся жывым.

Поўнасцю апраўданы і рэабілітаваны

У 1939-1942 гг. быў галоўным геолагам у сістэме Галоўпрамбуда і Наркамата абароны НКУС. З 1942 – у арганізацыях Гідрапраекта, дзе працаваў па 1968 на пасадах ад галоўнага геолага да намесніка начальніка аддзела і галоўнага спецыяліста аддзела інжынернай геалогіі, а пазней да 1973-га – галоўным кансультантам.

У часы вайны працаваў на ўзвядзенні абарончых збудаванняў. Пасля ўдзельнічаў у геолага-інжынерных пошуках і будоўлях амаль усіх найбуйнейшых ГЭС у еўрапейскай частцы Расіі і Украіны, вадасховішчаў, абвадняльных, арашальных і шлюзавых сістэм.

22 красавіка 1958 года быў рэабілітаваны (прызнаны невінаватым – рэд.), яго справа за адсутнасцю складу злачынства спынена. У званні акадэміка Акадэміі навук БССР адноўлены 28 верасня 1965 года.

Гаўрыла Іванавіч сабраў багаты матэрыял і ў 1945 годзе абараніў кандыдацкую, а праз год – доктарскую дысертацыю на атрыманне ступені доктара геалога-мінералагічных навук.

Вярнуўся ў родную Беларусь толькі ў 1969 годзе

У 1966 – 1969 гг. працаваў па сумяшчальніцтве старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі геахімічных праблем АН БССР. На сталае жыццё і працу ў Беларусь змог вярнуцца з сям'ёй толькі ў 1969 годзе.

Быў загадчыкам сектара палеагеаграфіі і антрапагенавага перыяду лабараторыі геахімічных праблем АН БССР (з 1970 года – Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР). У 1971-1988 гг. – загадчык аддзела гэтага інстытута.

За час працы ў Гідрапраекце Гарэцкі стаў вядомым інжынерам-геолагам і геолагам-чацвярцічнікам. Заклаў асновы новай у СССР галіны ведаў – палеапатамалогіі, вучэння аб старажытных рэках. Іх адклады даследаваў пры будаўніцтве гідратэхнічных аб'ектаў і апісаў у грунтоўных манаграфіях аб алювіі вялікіх антрапагенавых прарэк Рускай раўніны. Гаўрыла Іванавіч – аўтар больш як 160 навуковых прац па геалогіі, а таксама па дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадарцы, археалогіі.

Быў узнагароджаны Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалямі і трыма граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратурная і літаратуразнаўчая дзейнасць

Гаўрыла Гарэцкі быў адным са стваральнікаў (разам з братам Максімам) руска-беларускага слоўніка, які выйшаў у Смаленску ў 1918 г. У 1921 г. апублікаваў у "Савецкай Беларусі" артыкул "Свята памяці Максіма Багдановіча". Прысвяціў некалькі друкаваных успамінаў свайму брату і ягонай жонцы Леаніле Чарняўскай. Шмат зрабіў для вяртання імя і папулярызацыі творчасці Максіма Гарэцкага: выданне збору твораў пісьменніка, успамінаў пра яго, прызнанне класікам беларускай літаратуры.

У 1918 годзе ў Смаленску брат пазнаёміў яго з паэтам Янкам Купалам. Праз многія гады Гарэцкі напісаў некалькі артыкулаў-успамінаў пра паэта. Сустракаўся Гаўрыла Іванавіч і з Якубам Коласам ды пакінуў пра яго цікавыя ўзгадкі (Пра Якуба Коласа. // Успаміны пра Якуба Коласа / склад. І.С.Курбека. – Мн.: 1982. С. 201-202). Быў знаёмы з Уладзімірам Дубоўкам, Кандратам Крапівой, Пятром Глебкам, пра якіх таксама пакінуў успаміны і распавядаў у інтэрв'ю.

Гаўрыла Гарэцкі – аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра Максіма Горкага (Горкі і беларускі фальклор // Полымя, 1966. № 6. С. 145-155).

Гарэцкі вельмі цікавіўся праблемамі беларускага мовазнаўства і шырокага выкарыстання мовы. На гэту тэму апублікаваў два артыкулы (Адказ на пытанне аб задачах далейшага развіцця беларускага мовазнаўства // Беларуская лінгвістыка 1979. Вып. 15. С. 5–6; Жыццё патрабуе // Там жа. С. 3-7).

Памёр Гаўрыла Іванавіч 20 лістапада 1988 у Мінску.

Памяць

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі быў чалавекам шматграннага таленту, і калектыў БДСГА павінен ганарыцца тым, што такі вучоны, літаратуразнаўца і мемуарыст вучыўся і працаваў ў нашай навучальнай установе.

Лічу, што добра было б усталяваць памятную дошку ў гонар гэтага нашага славутага выхаванца і выкладчыка.

Падрыхтаваў Уладзімір Ліўшыц, ілюстрацыі з кнігі "Браты Гарэцкія"

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email