У панядзелак 13 красавіка а 16:00 гадзіне пачалося анлайн-чытанне рамана Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім". Два тыдні ў гэтым будуць удзельнічаць вядомыя артысты, культурныя і грамадскія дзеячы, журналісты і бізнэсоўцы.
Глядзець і слухаць штодня можна тут:
Трансляцыя ідзе з залі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў межах праекта "Чытаем класіку разам". Акцыя прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.
"Стаўце лайкі і дзяліцеся відэа з сябрамі ў сваіх сацыяльных сетках, пазначаючы хэштэгам #чытаем_класіку_разам", – запрашаюць арганізатары.
Летась "Каласы пад сярпом тваім" сталі самай папулярнай кнігай у Беларусі па выніках продажу праз OZ.by, "Белкніга", "Саюздрук" ды іншых. Героі твора – удзельнікі паўстання 1863-1864 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
У "Каласах" Уладзімір Караткевіч апісаў станаўленне беларускай нацыі на прыкладзе шляхецкай сям'і Загорскіх. Падзеі адбываюцца на Магілёўшчыне, Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбурзе, Маскве, Варшаве – у сялянскім асяроддзі і ў дваранскіх палацах, на студэнцкіх сходках і ў навучальных установах, у салонах і гасціных вышэйшых саноўнікаў і на вуліцах шматлюдных гарадоў.
У рамане дзейнічаюць літаратурныя персанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй, а таксама рэальныя гістарычныя асобы.
"Каласы пад сярпом тваім" неаднаразова перакладалі на ўкраінскую і рускую мовы. Дарэчы, гэта адзіная кніга, якая была надрукаваная ў Беларусі шрыфтам Брайля.