сер, 16.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Генерал з вёскі Ходараўкі, які вывучаў іншапланетныя аб'екты

26.02.2020 – 17:56 | 678

23 лютага споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, генерал-маёра інжынерна-авіяцыйнай службы Парфірыя Андрэевіча Сталярова.

Вучыўся на настаўніка, а стаў ваенным

Парфірый Андрэевіч нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Ходараўцы Горацкага павета ў сялянскай сям'і. Скончыў два класы настаўніцкай школы, працягваў вучобу ў Горацкім рамесным вучылішчы, якое скончыў у 1916 годзе. У канцы 1918-га ўступіў у Чырвоную Армію, вучыўся на пяхотных курсах у Маскве.

Потым быў пераведзены на першыя ваенна-электратэхнічныя курсы каманднага саставу Чырвонай Арміі, дзе рыхтавалі камандзіраў узводаў сувязі і ваенных радыётэхнікаў.

У 1928-ым скончыў ваеннае аддзяленне пры Ленінградскім электратэхнічным інстытуце і атрымаў прызначэнне на пасаду малодшага інжынера па радыё ў авіяцыю Чарнаморскага флоту. У 1940 годзе ваеннага інжынера першага рангу Сталярова прызначылі на працу ў штаб Ваенна-паветраных сіл СССР з мэтай стварэння службы зямнога забеспячэння самалётакіравання. Наш зямляк узначаліў другі аддзел, які займаўся радыёмаячнай службай.

Удзельнічаў у вайне з Японіяй

Неўзабаве Парфірыя Андрэевіча прызначылі першым начальнікам службы зямнога забеспячэння самалётакіравання Ваенна-паветраных сіл Чырвонай Арміі.

Сталяроў удзельнічаў у падрыхтоўцы ды ажыццяўленні службы зямнога забеспячэння самалётакіравання вялікай колькасці аперацый і бітваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Займаўся таксама арганізацыяй і фармаваннем службы, звязанай з удасканаленнем тэхнікі і метадаў яе прымянення.

Удзельнічаў у вайне супраць Японіі. У складзе галоўнага штаба каардынаваў службу зямнога забеспячэння самалётакіравання трох паветраных армій на ўсіх франтах баявых дзеянняў на Далёкім Усходзе.

Вувычаў НЛА

Пасля вайны працаваў над укараненнем новых сродках і метадаў самалётакіравання, узначальваў радыётэхнічны факультэт у Ваенна-паветранай акадэміі імя прафесара М.Я.Жукоўскага.

У 1946 годзе нашаму земляку было прысвоена званне "Ганаровы радыст СССР".

Быў узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі СССР.

На адпачынку Парфірый Андрэевіч заняўся літаратурнай творчасцю і напісаў кнігу ўспамінаў "Была такая служба на войне". Гэта праца не была надрукавана, але некаторыя нарысы можна прачытаць у жывым часопісе ўнучкі Сталярова Ганны Андрэевай.

Акрамя гэтага Парфірый Андрэевіч удзельнічаў у стварэнні навуковай камісіі, якая вывучала неапазнаных лятаючыя аб'екты.

Памёр 29 сакавіка 1979 года.

Матэрыял пра жыццё Сталярова размешчаны ў кнізе "Памяць. Горацкі раён". Асабістыя рэчы нашага земляка захоўваюцца ў Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі. У гонар Парфірыя Андрэевіча на будынку Аўсянкаўскай сярэдняй школы ўсталявана мемарыяльная дошка.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email