нядзеля, 24.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Французскі лётчык загінуў у небе над Горацкім раёнам

13.02.2020 – 17:34 | 730

"В небесах мы летали одних, мы теряли друзей боевых…" Гэта словы з песні "Воспоминание об эскадрилье Нормандия-Неман" пра французскіх лётчыкаў гэтага вайсковага злучэння, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Адзін з іх разбіўся і пахаваны ў Горацкім раёне. Гэта Марыс Бон, сёлета з дня ягонага нараджэння споўнілася 100 гадоў.

Ганаровае званне "Нёманскі"

У сакавіку 1942 года Нацыянальны камітэт "Свабодная Францыя" звярнуўся да Савецкага Саюза з прапановай накіраваць у СССР групу французскіх лётчыкаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях супраць фашысцкай Германіі. 25 лістапада 1942 было падпісана пагадненне аб фарміраванні на тэрыторыі СССР французскай авіяцыйнай эскадрыллі. Яна з'явілася 4 снежня 1943 года ў горадзе Іванаве. Ваеннаму злучэнню – авіяцыйнаму палку – было прысвоена найменне "Нармандыя".

Полк удзельнічаў у Курскай бітве ў 1943 годзе, Беларускай аперацыі ў 1944 годзе, у разгроме нямецкіх войскаў ва Усходняй Прусіі ў 1945 годзе.

28 лістапада 1944 года палку прысвоілі ганаровае званне "Нёманскі", такім чынам, злучэнне стала называцца "Нармандыя-Нёман".

Здзейснілі тысячы баявых вылетаў

Усяго за час баёў на савецка-германскім фронце 96 лётчыкаў, якія змагаліся ў складзе палка "Нармандыя-Нёман", здзейснілі 5240 баявых вылетаў, правялі каля 900 паветраных баёў, атрымалі 273 пацверджаныя перамогі, 36 непацверджаных і пашкодзілі больш за 80 нямецкіх самалётаў. У баях з фашыстамі палеглі 42 французскія героі.

96 лётчыкаў з Францыі, якія праходзілі службу ў палку, адзначаны савецкімі баявымі ўзнагародамі. Лейтэнанты Марсель Альбер, Ралан дэ ла Пуап, Жак Андрэ і, пасмяротна, камандзір эскадрыллі Марсель Лефеўр удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

За ўзорнае выкананне баявых заданняў полк узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Аляксандра Неўскага.

"Ён паступіў высакародна"

Подзвіг здзейсніў лётчык Марыс дэ Сейн, які размясціў свайго механіка Уладзіміра Белазуба ў самалёце, калі полк перабазіраваўся на іншы аэрадром. У палёце праз няспраўнасць у кабіну трапіла паліва, пілот на некаторы час згубіў зрок, але вырашыў не падпарадковаўцца загаду камандзіра аб неадкладным катапультаванні, бо не захацеў пакідаць свайго механіка, у якога не было парашута. Разам яны загінулі.

Пазней маці лётчыка мадам дэ Сейн сказала: "У сына была магчымасць выратавацца, але, калі б ён кінуў таварыша, на нашу сям'ю лягла б пляма ганьбы. Ён паступіў высакародна".

Марыс Бон.

Загінуў у 23 гады

У час баёў на Беларусі загінуў Марыс Бон. Ён нарадзіўся 10 лютага 1920 г. у камуне Эліян дэпартамента Фіністэр у Францыі. Быў лепшым вучнем у школе і актыўным скаўтам.

У 1937 годзе каля Кемпера з'явіўся першы ў Брэтоні аэраклуб і першым туды запісаўся Марыс Бон. У снежні 1938 года атрымаў пасведчанне лётчыка-аматара і меў правы на кіраванне лёгкімі пасажырскімі самалётамі.

У лютым 1939 года добраахвотна паступіў на службу ў ваенную авіяцыю, быў залічаны ў батальён. 1 верасня 1939 г. прыбыў на авіяцыйную базу ў Шаторы, дзе 1 лістапада 1939 г. яму было прысвоена званне сяржанта.

Пасля паражэння Францыі ў чэрвені 1940 года быў дэмабілізаваны. Але 8 мая 1941 года быў зноў прызваны на службу ў войска. Служыў у авіяцыйных частках на акупаванай тэрыторыі Францыі – у Сенегале і на Мадагаскары. Прыйшлося ваяваць з англічанамі і нават збіць некалькі іх самалётаў.

Пасля акупацыі выспы англічанамі 18 студзеня 1943 г. вырашаў, што памыляўся і трэба змагацца з фашыстамі – падаў заяву аб уступленні ва ўзброеныя сілы Нацыянальнага камітэта "Свабодная Францыя". Запісаўшыся добраахвотнікам, 15 мая прыбыў у размяшчэнне эскадрыллі "Нармандыя" ў СССР. У чэрвені 1943 года ўдзельнічаў у бітве за Арол, а 19 ліпеня збіў свой першы "Юнкерс". Да кастрычніка 1943 г. усяго за тры месяцы баёў на яго рахунку было 73 баявых вылеты, два збітых асабіста, чатыры збітых у групе і два непацверджаных збітых самалёты праціўніка.

13 кастрычніка 1943 года падчас паветранага бою з нямецкімі знішчальнікамі самалёт Марыса Бона ўпаў у раёне Леніна Горацкага раёна. Лётчыку было ўсяго 23 гады.

Памяць

Мясцовыя жыхары Горацкага раёна расказвалі аўтару гэтага матэрыяла, што пры ўдары самалёта Марыса Бона аб зямлю матор сышоў на глыбіню аж трох метраў. Цела француза было пахавана ў населеным пункце Стэфанаве Горацкага раёна.

На месцы пахавання ўсталявана гранітная пліта. Імем Марыса Бона ў Францыі названы аэрадром у Кэмперы і ўзведзены помнік з надпісам: "Загінуў за Францыю ў небе Расіі". У свой час у Францыі быў выпушчаны латарэйны білет з выявай Марыса Бона.

Уладзімір Ліўшыц, фота: ABSA

Глядзіце па тэме:

► В Горецком районе нашли останки трех солдат времен Великой Отечественной войны

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email