255 рублёў штрафу павінен заплаціць Андрэй Юркоў за сумны смайлік у Аднакласніках. Грамадскі лідар падаў скаргу ў Магілёўскі абласны суд, каб адмяніць гэты вырак.
– Не лічу сябе вінаватым. Упэўнены, што мяне пераследуюць за маю грамадскую і палітычную актыўнасць. Калі не атрымаецца адмяніць штраф праз абласны суд, буду змагацца далей і даводзіць справу да Камітэта па правах чалавека ААН.
Скаргу Андрэя Юркова разгледзяць 6 лютага.
23 снежня суд Дрыбінскага раёна пакараў Юркова штрафам у 10 базавых велічынь, на сёння гэта 255 рублёў. Суддзя палічыў, што грамадскі лідар распаўсюдзіў на сваёй старонцы ў Аднакласніках экстрэмісцкую сімволіку. Як гэта атрымалася? Андрэй Юркоў паставіў смайлік "сумую" пад пастом, у якім параўноўваліся ахвяры нацысцкага і савецкага рэжымаў. Пост змяшчаў сімволіку гэтых рэжымаў. Алгарытм Аднакласнікаў працуе так, што пасля выстаўлення любога смайліка пад пастом, ён патрапляе ў стужку карыстальніка і ягоныя сябры бачаць гэты запіс.
Юркоў пераконвае, што не меў намеру распаўсюджваць чужы пост, а з дапамогай "дызлайка" выказаў адмоўнае стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў.
Андрэй Юркоў – грамадскі лідар Горацкага рэгіёну, неаднаразова вылучаўся ў якасць незалежнага кандыдата ў парламент. Падчас апошняга галасавання паводле афіцыйных звестак атрымаў падтрымку 7,21% выбаршчыкаў.