Спіс расстраляных у Оршы ў 1937-38 гадах з'явіўся на сайце грамадскай ініцыятывы "Кабылякі". Там каля 1750 імён. Сярод іх – 34 жыхары Горацкага раёна, трое – з Дрыбіншчыны. Яны былі незаконна забіты органамі НКВД па ілжывых даносах або сфабрыкаваных справах.
Звесткі пра ахвяры сталінізму перадаў расійскі партал Открытый список. За месяц на аршанскі сайт іх перанеслі сем добраахвотнікаў.
Кожны артыкул пра рэпрэсаванага чалавека мае звесткі пра дату расстрэлу, раён і населены пункт, дзе забіты пражываў да арышту. Раёны, з якіх звозілі на бойню, з указаннем колькасці расстраляных нанесеныя на мапу.
У спісе – 34 жыхары Горацкага раёна. "Гэта далёка не ўсе імёны. Мы выявілі, што ў кнізе "Памяці. Горацкі раён" згадваюцца людзі, якіх няма ў адкрытых базах. Мы ўжо дадалі некалькі чалавек на наш сайт. Упэўнены, з'явяцца новыя імёны", – распавядае каардынатар грамадскай ініцыятывы Ігар Станкевіч.
Паводле яго слоў, у канцы 1980-х па ўсёй краіне ствараліся камісіі, закліканыя ацаніць маштабы рэпрэсій, сфармаваць поўныя спісы рэпрэсаваных і запусціць працэс рэабілітацыі. Такая камісія была і ў Оршы. Але гэту працу спынілі ўлады. Многія дакументы і імёны былі страчаны.
"Цяпер, праз амаль 30 гадоў, мы зноў да яе вяртаемся. 1750 імёнаў расстраляных – гэта пачатак фарміравання больш поўнай карціны пра маштаб рэпрэсій у Аршанскім рэгіёне не толькі ў перыяд вялікага тэрору 1937-38 гадоў, але і на больш ранніх этапах, – падкрэсліў Ігар Станкевіч.
Амаль усе артыкулы пра рэпрэсаваных утрымліваюць звесткі пра нацыянальнасць. Пераважная большасць забітых – беларусы, ёсць палякі, яўрэі, рускія, літоўцы, латышы, украінцы, немцы і нават грэк.
Пры загрузцы звестак на сайт атрымалася выявіць больш за 50 рэпрэсаваных сем'яў: гэта бацькі і дзеці, жонкі і мужы, браты і сёстры.
У асобных артыкулах ёсць фотаздымкі расстраляных. Частку з іх ініцыятыве перадалі сваякі, іншую ўдалося знайсці ў раней апублікаваных матэрыялах.
Зараз актывісты размяшчаюць у інтэрнэце ўспаміны сваякоў, матэрыялы пра рэпрэсіі ў Оршы і Аршанскім раёне, а таксама інфармацыю пра гісторыю мемарыяла на Кабыляцкай гары.
Ініцыятыва "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" паўстала ў кастрычніку 2017 года. Яе ўдзельнікі шукаюць і аб'ядноўваюць нашчадкаў рэпрэсаваных. Ініцыятыва займаецца мемарыялізацыі аднаго з месцаў масавых расстрэлаў у Оршы – на Кабыляцкай гары. Збірае гісторыі і фатаграфіі ахвяр, даследуе звесткі пра іх, дапамагае нашчадкам атрымліваць архіўныя дакументы. У 2018 годзе актывісты дамагліся ад чыноўнікаў усталявання ў Кабыляках памятнай шыльды на чатырох мовах.