чцв, 18.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Каму пісаў Шаўчэнка ў Горкі?

09.03.2014 – 13:22 | 653

9 сакавіка спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння класіка ўкраінскай паэзіі Тараса Шаўчэнкі.

Лісты ў Горкі

Тарас Шаўчэнка. Аўтапартрэт.У 1935 г. у "Литературном наследии" (навуковае выданне, орган Інстытута сусветнай літаратуры ім. Горкага РАН) былi надрукаваны два лiсты i канверт ад трэццяга, адрасаваныя заснавальнікам i класiкам украiнскай лiтаратуры, мастаком і грамадскім дзеячам Тарасам Рыгоравiчам Шаўчэнкам – Пiлiпу Мiкалаевiчу Каралёву.

Перапіска паступiлi у Дзяржаўны лiтаратурны музей у Маскве ад нашчадкаў А.Н.Пыпiна (1833-1904 гг.) – вядомага рускага лiтаратуразнаўцы.

У прадмове да публiкацыi лiстоў у часопісе лiтаратуразнавец I.Айзеншток пiсаў, што "не ўдалося выявiць якiх-небудзь звестак пра адрасата лiстоў".

Вiдаць, І.Айзеншток не звярнуў увагу, што канверце напiсана: "Его Высокоблагородию Филиппу Николаевичу Королеву. Профессору Горы-Горецкого института в местечке Горки Могилевской губернии".  На паштовым штэмпелi пазначана месца адпраўлення: Ахтырка Харкаўскай губернi. 14 жнiўня 1859 год.

Хто такi Пiлiп Каралёў?

Прафесар Каралёў Пiлiп Мiкалаевiч згодна з дадзенымі энцыклапедычнага слоўнiка Бракгаўза i Ефрона нарадзіўся 11 кастрычніка 1821 года ў Лебядзінскім павеце Харкаўскай губерні.  Атрымаў адукацыю ў Харкаўскай губернскай гімназіі. У 1837 годзе паступіў на матэматычны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта, дзе скончыў курс у 1841 годзе са ступенню кандыдата.

З 1841 года працаваў настаўнікам матэматыкі ў II Харкаўскай гімназіi. Актыўна займаўся навукай i ў 1854 годзе вытрымаў экзамен ды абараніў дысертацыю магістра.

3 1854 года П.М.Каралёў працаваў у Горках, выкладаў матэматыку, сельскую архiтэктуру i прыкладную механiку.

Як бачна з матэрыялаў, змешчаных у кнiзе "Записки Горы-Горецкого земледельческого института" (кніга 3, 1854 г.), ён актыўна займаўся не толькi выкладчыцкай, але i навукова-даследчай працай, друкаваў свае працы ў ”Записках..." У 1855 г. Каралёў здаў іспыты на магiстра матэматыкi i атрымаў званне ад'юнкт-прафесара. Чытаў лекцыі па практычнай механіцы і будаўнічым мастацтве.

У кнiзе С.Г.Цiтовiча "Горы-Горецкий земледельческий институт" (Горкі, 1960. С.160) адзначаецца, што ў 1856 г. Каралёў на святочным гадавым iнстытуцкiм акце зачытаў даклад аб ролi вапны як будаўнiчага матэрыялу i аб яго новых сховiчах. У кнiзе прыводзяцца словы вядомага вучонага, выхаванца i выкладчыка Горы-Горацкага земляробчага iнстытута А.В.Саветава аб тым, што Каралёў вельмi палюбiў будаўнiчую справу, прымаючы ўдзел ва ўзвядзенні новых памяшканняў земляробчага iнстытута.

У 1858 г. Каралёў пераехаў у Маскву і заняў пасаду дырэктара сіроцкага дома, затым выкладчыка і інспектара класаў Маскоўскай рамеснай навучальнай установы, а ў 1863 г. быў прызначаны дырэктарам II Маскоўскай гімназіі. Піліп Мікалаевіч паклаў пачатак першых у Маскве жаночых сельскагаспадарчых курсаў.

3 1870 па 1876 гг. узначальваў Пятроўскую земляробчую і лясную (цяпер Цiмеразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмiю.

Цiкава, што пра гэты перыяд жыцця П.М.Каралёва падаецца ў кнiзе пiсьменнiка У.Г.Караленкi "История современника" (М., 1976). У раздзеле "В Петровской академии" аўтар расказвае, як трапiў на прыём да Каралёва: "У рэктарскiм кабiнеце мяне прыняў сiвы стары невялiкага росту, з вялiкай галавой, буйнымi рысамi твару i суровым выглядам".

На пасадзе рэктара Каралёў працаваў да 1876 г., калі ён быў прызначаны членам Савета Міністэрства дзяржаўнай маёмасці. Пераехаў у Пецярбург i на працягу 15 гадоў быў старшынёй II тэхнiчнага аддзялення Вольнага эканамічнага грамадства.

На ўласныя сродкі пабудаваў у роднай вёсцы Харкаўскай губерні школу.

Шмат друкаваў, асабліва па земляробчай механіцы ў розных спецыяльных часопісах i ў "Працах" вольнага эканамічнага таварыства. Там ёсць яго трактаты пра земляробчыя прылады, малатарні, збожжасушылкі і інш.

Памёр 9 кастрычніка 1894 г.

Такi лёс чалавека, якому пiсаў лiсты Т.Р.Шаўчэнка i якi дапамагаў, а таксама лiставаў украінскаму паэту.

Пра што "горацкія" лісты?

Перш за ўсё трэба адзначыць, што гэтыя лiсты маюць вялiкую каштоўнасць для вывучэння бiяграфii паэта, таму што вядомы толькi два лiсты тaгo перыяд.

У "горацкіх" лістах Шаўчэнка ўпершыню паведамляе пра паездкі ў Швецыю i Данiю, пра дакладную дату напiсання паэмы "Гамалія".

3 лiстоў можна ўстанавiць i гiстарычныя крынiцы, якiмi карыстаўся паэт пры напiсаннi гэтай паэмы. Гэта дасланыя П.М.Каралёвым зборы народных песень i дум "Запарожская старына" (Харкаў, 1833-1836 гг.).

У лістах Шаўчэнка расказвае пра свае выдавецкiя справы, пра тое, што ў цяжкую хвiлiну яму давялося прадаць правы на выданне ўсiх сваiх твораў.

3 лiстоў бачна, што Каралёў аказваў паэту i матэрыяльную дапамогу. Ён распаўсюджваў сярод харкаўчан творы Шаўчэнкі. Атрыманыя грошы дасылаў паэту. Вядома, што з першым лiстом паэт прыслаў Каралёву 7 асобнiкаў сваёй паэмы "Гайдамакі", адзiн – у падарунак, шэсць – для продажу.

Цiкава, што ў лiстах адчуваецца глыбокае асабiстае сяброўства i прыхiльнасць. Так, у першым допісе Тарас Рыгоравiч адзначае: "Дзякуй табе, добры чалавек, за ласкавае слова, за грошы..." У другiм: "Дзякуй табе, мой голуб, што хоць ты мяне не забываеш. Прачытаў я тваё ласкавае пiсьмо..."

Дзе яны пазнаёміліся?

На наша запытанне вучоны захавальнiк фондаў аддзела рукапiсаў Iнстытута лiтаратуры iмя Т.Р.Шаўчэнкi Акадэмii навук Украiны А.М.Палатай адказаў, што звестак пра асабiстае сяброўства Шаўчэнкi i Каралёва не выяўлена.

У снежнi 1995 г. у час навуковых чытанняў, што праходзiлi ў Магiлёўскiм абласным краязнаўчым му¬зеi, да мяне звярнулася журналiстка Аксана Сяргееўна Булгакава, заслужаны работнiк культуры Расii. Яна пераехала з Чалябiнска у Магiлёў. Праглядваючы падшыўку газеты "Магiлёўская праўда", журналістка звярнула ўвагу на мой артыкул "Пiсьмы Тараса Шаўчэнкi" (29 верасня, 1988 г.) i параiла звярнуцца да вялікага знаўцы жыцця i творчасцi кабзара Леанiда Навумавiча Бальшакова, якi жыве ў Арэнбургу. Ён арганiзаваў у Арэнбургу i Орску два музеi Шаўчэнкі i выдаў пяць кнiг пра паэта. У 1994 г. Л.Н.Бальшакоў быў узнагароданы Дзяржаўнай прэмiяй Украiны iмя Т.Р.Шаўчэнкi.

Бальшакоў напiсаў, што лiчыць, што Шаўчэнка i Каралёў асабiста не сустракалiся. Вiдаць, сябравалi па перапiсцы. Даследчык таксама паведамiў, што захаваўся адзiны лiст Каралёва да паэта. Яго мы знайшлi ў зборнiку "Листи да Т.Г.Шевченко" (Кiеў, 1993. С. 17-18). У допісе Каралёў адзначае: "Браце! (Цi можна цябе так зваць). Бо я цябе палюбiў, дужа палюбiў так, як брата..."

Далей Каралёў расказаў пра сваё ўспрыманне "Кабзара" Т.Р.Шаўчэнкi, пра тое, як ён распаўсюджваў у Харкаве квiткі на выданнi паэта, пра пасылку яму зборнiка "Запарожская старына".

3 1847 г. сувязь памiж сябрамi магла спынiцца, таму што паэт за ўдзел у працы Кiрыла-Мяфодзiеўскага таварыства быў арыштаваны i сасланы радавым.

У 1858 г. Шаўчэнка вярнуўся ў Пецярбург, а П.М.Каралёў едзе з Горак у Маскву. 3 кнiгi "Шевченко в Москве" (Кiев, 1989. С. 12) бачна, што Т.Р.Шаўчэнка бываў у Маскве у 1858 i 1859 гадах. Цi сустракалiя там былыя сябры? На жаль, пра гэта нам невядома нiчога.

Вядома, што у 1859 г. Шаўчэнка з Пецярбургу прыязджаў ва Украiну. З горада Ахтырка Харкаўскай губернi ён адпраўляў 14 жнiўня 1859 г. ліст у Горкi, пра што сведчыць канверт, дзе пазначаны П.М.Каралёў. Вiдаць, паэт не ведаў, што ў гэты час прафесaр жыў ужо ў Маскве. Пра што на гэты раз пісаў Шаўчэнка Каралёву – невядома, бо гэты лiст пакуль не знойдзены.

Каралёў – той самы?

На гэтым можна было б i скончыць гэты матэрыял пра перапiску i сяброўства ўкраінскага паэта Шаўчэнкi i прафесара Горы-Горацкага земляробчага iнстытута Каралёва, каб не адзiн лiст, што прыйшоў аднойчы ў БДСГА. Аўтарам ліста быў украінскі літаратар Мiкалай Архiпавiч Шудры.

Ён папрасіў даслаць звесткi пра Піліпа Каралёва, бо гэты чалавек аказаўся прадзедам акадэмiка, галоўнага канструктара касмiчных караблёў Сяргея Паўлавіча Каралёва.

Вось такiя цiкавыя сустрэчы бываюць на лiтаратуразнаўчых сцяжынках. Тут сутыкаюцца паэзiя i механiка, будаўнiчыя справы i космас.

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email