Як усё гэта здолеў зрабiць адзiн чалавек? Такое пытанне міжволі задаеш сабе, калi чытаеш спiс прац нашага земляка Мiхаiла Гапеевiча Булахава, якому сёлета 22 ліпеня магло б споўніцца 100 гадоў. Гэта вядомы вучоны-лiнгвiст, заслужаны дзеяч навук БССР, доктар фiлалагiчных навук, прафесар. Нездарма навуковец М.Крылоў прысвяціў яму свой артыкул "Тытан мовазнаўства". Сапраўды тытанiчную працу прарабiў ураджэнец Горацкага краю!
Выхаванец Маслакоўскай школы
Мiхаiл Булахаў нарадзiўся 22 лiпеня 1919 года ў вёсцы Маслакi Горацкага раёна ў сялянскай сям'i. Яго родны брат, Андрэй Гапеевiч, якi жыў у Горках, успамiнае, што ў сям'i было тры браты i сястра. Нягледзячы на цяжкiя ўмовы працы, бацькi iмкнулiся ўсім дзецям даць адукацыю. Андрэй i Мiхаiл з дзяцiнства марылi стаць настаўнiкамi.
Андрэй Гапеевiч меў вышэйшую педагагiчную адукацыю i шмат гадоў працаваў дырэктарам сельскiх школ Горацкага раёна. Быў узнагароджаны знакам "Выдатнiк народнай асветы БССР".
З 1928 па 1935 гады Мiхаiл Булахаў вучыўся ў Маслакоўскай сямiгадовай школе, а потым на шасцiмесячных курсах пры Магiлёўскiм педiнстытуце.
Апошні курс універсітэта асвоіў самастойна
У 1936 годзе паступае ў Магілеўскі педагагічны інстытут на факультэт мовы i лiтаратуры. Але прайсці поўны курс вучобы не давялося. У вёсцы не хапала настаўнiкаў, i таму ў 1939 годзе М.Г.Булахава накiроўваюць настаўнiкам Дулебненскай сярэдняй школы Клiчаўскага раёна. У час працы ён самастойна асвоiў апошнi курс i здаў дзяржаўныя экзамены экстэрнам.
Усю вайну быў на перадавой
У лiстападзе 1940 года ён быў прызваны на службу ў Чырвоную Армiю. Вялiкую Айчынную вайну сустрэў курсантам вучэбнай батарэi гаўбiчнага палка Прыбалтыйскай ваеннай акругi. Усю вайну правёў на перадавой. Удзельнiчаў у абарончых баях на тэрыторыi Лiтвы і Беларусi.
На сайце "Подвиг народа" апублікаваны ўзнагародны ліст М.Булахава з якога бачна, што ён удзельнічаў у абарончых баях пад Полацкам, Вялікімі Лукамі і асабіста знішчыў некалькі фашыстаў. А ў час абароны Масквы служыў у артылерыі наводчыкам, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi.
З лета 1942 года лейтэнант М.Г.Булахаў служыць у гаўбiчным артпалку на Заходнiм, а потым на Бранскiм франтах.
Добрага афiцэра накiроўваюць на перападрыхтоўку на курсы пры Тамбоўскiм артылерыйскiм тэхнiчным вучылiшчы. Потым ваяваў у саставе Першага Украiнскага фронту, удзельнiчаў у баях за Берлiн. Дзень Перамогi сустрэў пад Прагай.
Вучыўся і выкладаў у Мiнскім педагагiчным iнстытуце
У снежнi 1945 года Міхаіл Булахаў звольнiўся ў запас i вырашыў усур'ёз заняцца навуковай працай. З 1945 па 1948 гады ён вучыцца ў аспiрантуры Мiнскага дзяржаўнага педагагiчнага iнстытута. Пад кiраўнiцтвам члена-карэспандэнта АН СССР С.Р.Бархударава даследуе лексiку твора Д.I.Пiсарава "Рэалiсты". У 1950 годзе паспяхова абараняе кандыдатскую дысертацыю.
З 1948 года Міхаіл Булахаў пачаў працаваць выкладчыкам, а потым загадчыкам кафедры рускай мовы Мiнскага педагагiчнага iнстытута iмя М.Горкага. У 1951 годзе пераходзiць на даследчую работу ў Інстытут мовы, лiтаратуры i мастацтва АН БССР.
Аўтар "Граматыкі беларускай мовы"
Ён разам з iншымi навукоўцамi надрукаваў двухтомную "Граматыку беларускай мовы" (Мн.: 1962, 1966), трохтомны "Курс сучаснай беларускай лiтаратурнай мовы" (Мн.: 1957, 1959, 1961). Апошняя праца – падручнiк для студэнтаў фiлалагiчных факультэтаў. На той час ён быў адзiным вучэбным дапаможнiкам у Беларусi.
Для студэнтаў былі прызначаны курсы "Беларуская мова" (ч.1-2, Мн.: 1955, 1958, 1968) i "Нарысы па гiсторыi беларускай мовы" (Мн.:1957).
У "Нарысах…" ён даў аналiз граматычных катэгорый i форм, слоўнiкавага фонду, устойлiвых словазлучэнняў у беларускай мове. Асаблiвую цiкавасць выклiкае ў кнiзе даследаванне аўтара гiстарычных вытокаў гукавага ладу.
Вывучаў беларускія прыметнікі
Яна была прысвечана гiсторыi прыметнiкаў у беларускай мове ХIV-XVIII стагоддзяў. Гэтай праблеме ён прысвяцiў аж трохтомнае даследаванне "Прыметнiк у беларускай мове" (Мн.: 1964), "Гiсторыя прыметнiкаў беларускай мовы ХIV-XVII стагоддзяў: Сiнтаксiчны нарыс" (Мн.: 1971) i "Гiсторыя прыметнiкаў беларускай мовы. Лексiкалагiчны нарыс" (Мн.: 1973).
Працаваў у БДУ
У 1965-1975 гадах М.Г.Булахаў працуе ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце загадчыкам кафедры рускай мовы i агульнага мовазнаўства, а з 1975 па 1991 гг. – загадчыкам такой жа кафедры Мiнскага дзяржаўнага педагагiчнага iнстытута.
Ягоныя слоўнікі шырока прызнаны ва ўсiм славянскiм свеце
У другой палове 1970-х Міхаіл Булахаў выпускае капiтальную працу – трохтомны бiблiяграфiчны слоўнiк "Восточнославянские языковеды" (Мн.: 1976, 1977, 1978), якi атрымаў шырокае прызнанне ва ўсiм славянскiм свеце i прынёс славу яго аўтару. У слоўнiку пададзены 352 нарысы пра даследчыкаў рускай, беларускай, украiнскай i iншых славянскiх моў. Сярод вучоных-лiнгвiстаў прадстаўлены наступныя беларусы: Ф.Скарына, А.Кiркор, I.Насовiч, М.Сматрыцкi, М.Гарэцкi, Б.Тарашкевiч i многiя iншыя. У гэтай капiтальнай працы аўтар дае глыбокi аналiз узнiкнення i развiцця навукi аб мове ўсходнiх славян, характарыстыку кожнаму з даследчыкаў рускай, беларускай, украiнскай i iншых славянскiх моў.
Слоўнiк М.Г.Булахава быў вельмi прыхiльна прыняты навуковай грамадскасцю i адзначаны прэмiяй Савета Мiнiстраў СССР.
Да гэтай працы па тэматычнай накiраванасцi прымыкае энцыклапедычны слоўнiк "Слово о полку Игореве" в литературе, искусстве, науке" (Мн.: 1989). У iм больш за 400 артыкулаў, у якiх дадзены звесткi пра моўныя рысы помнiка лiтаратуры, пераклады яго на беларускую мову, прыводзяцца бiяграфiчныя дадзеныя пра даследчыкаў, выдаўцоў i ілюстратараў "Слова…"
У навуковых колах таксама вельмi прыхiльна сустрэлі манаграфiю М.Г.Булахава "Ефимий Федорович Карский: жизнь, научная и общественная деятельность" (Мн.: 1981).
Стварыў навуковую школу
Пяру нашага земляка належыць больш за 200 артыкулаў у галiне рускага, беларускага i славянскага мовазнаўства, больш за 20 кнiг i брашур. Пад кіраўніцтвам М.Г.Булахава падрыхтавана і абаронена каля 40 кандыдацкіх дысертацый. Ён быў таксама навуковым кансультантам каля 10 дактарантаў.
Яго працу ацаніла дзяржава
Ён заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi, медалямі. У 1979 і 1982 гадах быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, у 1990 годзе медалём Ф.Скарыны, а ў 1997 годзе ордэнам Ф.Скарыны.
Міхаіл Гапеевіч памёр 5 мая 2012 года. Будзем жа ганарыцца, што на Горацкай зямлі нарадзіўся вядомы літаратуразнаўца і даследчык беларускай мовы і літаратуры.