нядзеля, 24.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Двойчы кіраваў Горацкім раёнам. Міхаілу Анікееву – 70 гадоў

24.05.2019 – 21:34 | 974

Міхаіл Анікееў рана пачаў самастойнае жыццё, не адразу стаў кіраўніком, але на адказных пасадах заўжды дасягаў поспеху. Многія здабыткі часоў Анікеева мы бачым у Горацкім раёне да сёння.

Дапамагаў маці падымаць шасцярых дзяцей

Міхаіл Анікееў нарадзіўся 23 мая 1949 года ў вёсцы Нікольск Дрыбінскага раёна. Хаця пасля вайны прайшло ўжо тры гады, але сірочага хлеба спазнаў досыць. Калі яму было ўсяго  два гады, не стала бацькі Міхаіла Фёдаравіча, працоўнага брыгады "Нікольск" саўгаса "Дрыбінскі". Клопат пра шасцярых дзетак лёг на плечы маці Сцепаніды Акулаўны, даяркі той жа брыгады. Таму з дзяцінства давялося працаваць летам на палетках саўгаса, а калі споўнілася 16 гадоў, яму даручылі разносіць пошту.

Тры гады жыцця былі аддадзены войску. Служыў добра, пацверджанае таму – медаль "За воінскую доблесць".

Пасля арміі зноў пайшоў на працу ў саўгас і вырашыў вучыцца далей, але завочна – у Смілавічскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Забягаючы наперад, скажам, што і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, і аспірантуру пры ёй, Міхаіл Міхайлавіч таксама сканчаў завочна. Трэба было дапамагаць братам і сёстрам, бо ў ягоныя 22 гады сям'ю пакінула і маці.

У 1970 – 1977 гг. Міхаіл Анікееў – памочнік брыгадзіра, брыгадзір саўгаса "Дрыбінскі" Горацкага раёна. Працаваў добра, брыгада была найлепшай у саўгасе. Таму атрымаў там першую ўзнагароду – медаль "За працоўную доблесць". Потым была праца галоўным аграномам саўгаса "Копцеўскі" (1977–1980 гг.).

У 1980 годзе быў прызначаны дырэктарам саўгаса "Горацкі". Якраз пры Анікееве саўгас дасягаў значных поспехаў ва ўсіх сферах вытворчасці, дый той жылы пасёлак у вёсцы Рэкта, што зараз лашчыць вока, быў закладзены менавіта у той час.

Прымаў законы і кодэксы

За шэсць гадоў кіраўніцтва гаспадаркай былі абноўлены фермы, добраўпарадкаваны вуліцы. Тройчы саўгас "Горацкі" атрымліваў граматамі ЦК КПСС, Савета Міністраў і Вярхоўнага Савета СССР. Дырэктара саўгаса ўзнагародзілі ордэнам "Знак Пашаны" і ўпершыню абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання. Міхаіл Міхайловіч успамінаў, што "гэта былі плённыя гады маёй заканатворчай дзейнасці. Тады былі прынятыя такія законы як Кодэкс аб зямлі, Падатковы кодэкс, Крымінальны кодэкс і многія іншыя, якія дзейнічаюць і дагэтуль".

Міхаіл Анікеў актыўна супрацоўнічаў з навукоўцамі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і рабіў ўсё, каб укараніць найлепшае ў вытворчасць. Сам займаўся навуковымі даследаваннямі, калі быў аспірантам-завочнікам кафедры раслінаводства.

У 1986 годзе здольнага дырэктара саўгаса абралі старшынёй Горацкага выканаўчага камітэта. Аднак папрацаваць давялося ўсяго адзін год. Праўда, за гэты час, удалося закласці падмурак і вывесці некалькі паверхаў новага корпуса раённай бальніцы, будаўніцтва якой на доўгі час было замарожана, а будынак нават меркавалі знесці.

У час "перабудовы" Міхаіла Міхайлавіча "кінулі",  як тады казалі, на партыйную працу ў  прамысловы Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці. Там наш зямляк у 1987 годзе быў абраны першым сакратаром гаркама КПБ. На пасадзе рабіў усё, каб падняць узровень сельскагаспадарчай вытворчасці раёна. Змог завяршыць свае навуковыя даследаванні і абараніць кандыдацкую дысертацыю на тэму "Разработка основных элементов интенсивной технологии возделывания кукурузы на дерново-подзолистых суглинистых почвах в условиях северо-восточной части БССР". Працаваў у Асіповічах, пакуль не была прыпынена дзейнаць КПБ.

З 1991 па 2003 гг. – ён дацэнт кафедры раслінаводства БДСГА. Гэтыя 12 гадоў жыцця таксама былі плённымі: распрацаваў курс вучэбных лекцый і выдаў некалькі навуковых і навукова-метадычных прац. Вёў навуковыя даследаванні і нават збіраўся абараняць доктарскую дысертацыю. Зноў быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 13-га скліканняў, а потым Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1-га склікання. Працаваў намеснікам старшыні камісіі па правах чалавека і нацыянальных адносінах. Быў узнагароджаны Ганаровай Граматай Нацыянальнага Сходу.

Пры ім раён быў на Дошцы Пашаны

У 2003 – 2010 гг. – зноў старшыня Горацкага райвыканкама. У час яго кіравання наш раён займаў другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці, а ў 2008 годзе быў занесены на рэспубліканскую Дошку Пашаны. З 2005 па 2010 гады ў раёне былі ўладкаваны 12 аграгарадкоў.

За такія вынікі атрымаў узнагароду – стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Шмат чаго было зроблена і для горада Горкі. У кастрычніку 2004 года тут адбыўся другі рэспубліканскі экалагічны форум. Падчас падрыхтоўкі да яго былі ўпарадкаваны многія вуліцы, зроблена іх азеляненне. Пачалася дабудова хірургічнага корпуса, які быў здадзены ў час падрыхтоўкі да "Дажынак -2012 года".

Праўда, старшынёй Міхаіл Анікееў ужо тады не быў, а новыя кіраўнікі запрасіць яго на адкрыццё забыліся, ці проста не захацелі. Але Міхаіл Міхайлавіч на іх не крыўдзіцца. Для яго галоўнае, што справа зроблена і людзям, жыхарам раёна будзе лепей!

Трэба яшчэ адзначыць, што ў той час шмат чаго рабілася для ваенна-патрыятычнага выхавання і захавання гістарычнай памяці. На мемарыяле "Тужлівая маці" з'явіліся пліты з імёнамі тых, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. На плошчы імя Якубоўскага абсталявана алея Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы. Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей пераведзены ў гістарычны будынак былой аптэкі Падзерскага, дзе была зроблена новая экспазіцыя.

З 2010 года Міхаіл Міхайлавіч на пенсіі, але актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна. І ў гэтым годзе атрымаў яшчэ адну ўзнагароду – медаль "100 год стварэння БССР".

Пажадаем паважанаму Міхаілу Міхайлавічу добрага здароўя, далейшых поспехаў ва ўсіх сферах жыцця.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email