У Горках прайшла прэзентацыя магілёўскай пляцоўкі, з дапамогай якой гараджанне могуць прымаць удзел у вырашэнні лакальных праблемаў.
Зміцер Салаўёў і Віталь Макаранка з абласнога цэнтру распавялі, што “Грамадскі Магістрат” – гэта ініцыятыва грамадзянаў, неабыякавых да лёсу Магілёва.
Мэты існавання Магістрата:
- актывізацыя грамадзкасці праз падтрымку мясцовых ініцыятываў;
- павышэнне ролі грамадзян і супольнасцяў у працэсе прыняцця рашэнняў уладамі.
Так, удзельнікі “Грамадскага Магістрата” ў Магілёве змаглі вынесці на шырокае абмеркаванне важныя для горада тэмы: рамонт хрушчовак, беларускамоўнае навучанне, вяртанне вуліцам гістарычных назваў, абарона помнікаў архітэктуры, закрыццё рынкаў.
Дзякуючы актыўнаму ўдзелу жыхароў, пры вырашэнні гэтых праблемаў былі ўлічаны меркаванні і інтарэсы лакальнай супольнасці.
Зараз жа "магістратаўцы" хочуць пашырыць свой досвед на іншыя гарады Магілёўшчыны, у якіх некалі было Магдэбургскае права – сярэднявечная традыцыя самакіравання, карані якой могуць дапамагчы ўзмацніць і сённяшняе самакіраванне. Салаўёў і Макаранка ўжо наведалі Клімавічы, Шклоў і Крычаў.
Дарэчы, малым Магдэбургскім правам валодалі і нашы Горкі. Па інфармацыі даследчыкаў мясцовай даўніны, 10 кастрычніка 1670 года такім правам горад надзяліў князь Аляксандр Палубенскі. Мсціслаў меў правы на самакіраванне і ўласны герб раней – з 1634 года.