Французскі мультфільм 2015 года, новае прачытанне знакамітага "Маленькага прынца" Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, пакажуць у Магілёве на шырокім экране.
Паказы адбудуцца ў кінатэатры "Космас" 1 верасня а 18:00, 2 верасня а 16:00 і 3 верасня а 16:00.
Мультфільм ужо прайшоў з вялікім поспехам у Мінску і Гродна. Новае прачытанне знакамітага твору – гэта гісторыя сяброўства дзяўчынкі з галоўным героем аповесці-казкі "Маленькі Прынц" – старым лётчыкам. Перапляценне двух самастойных сюжэтаў мультфільма і кнігі ператвараецца ў цікавую і захапляльную гісторыю – адначасова сумную і светлую, казачна добрую і жыццёва шчырую.
Арганізатар паказаў – ініцыятыва "Беларускія ўік-энды", якая здабыла падтрымку "Атлант Тэлекам" і velcom.
Яны таксама дапамаглі выдаць ілюстраваную кнігу "Маленькі прынц" у перакладзе на беларускую мову Ніны Мацяш. Значная частка накладу будзе перададзена ў бібліятэкі школ горада Магілёва.