У пятніцу 24 красавіка у Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі адбудзецца паказ фільмаў у межах фэсту Cinema Perpetuum Mobile.
Гэта міжнароднае свята кіно адбываецца ўжо чацвёрты год. Сёлета ягоная праграма праходзіць не толькі ў Мінску, але і ў Брэсце, Гродна, Магілёве, Баранавічах, Салігорску.
У праграме – 110 фільмамі з 17 краінаў-удзельніц, сярод якіх шмат новых аўтарскіх прац.
У Горках будзе паказана 11 фільмаў з сямі краінаў: Польшча, Расія, Беларусь, Італія, Францыя, Іспанія ды Румынія.
Гэта, у першую чаргу, самыя папулярныя стужкі па выніках глядацкага галасавання. Сярод іх мультыплікацыя, ігравое і дакументальнае кіно на самыя розныя тэмы.
Кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile быў заснаваны у 2011 годзе беларускай суполкай энтузіястаў-кінаманаў “Kinaklub.org”. Фестываль накіраваны на прасоўванне незалежнага аўтарскага кінематографу, развіццё беларускага кіно, а таксама стварэнне пляцоўкі для дыялогу паміж кінасупольнасцямі і кінааматарамі ва ўсім свеце.
Сачыць за навінамі фестывалю можна на сайце, а таксама ў сацыяльных сетках у Facebook і Вконтакте. Таксама была створаная асобная сустрэча паказу ў Горках.
Кошт білетаў: 5 тысяч рублёў.
Пачатак: 17:00.