суб, 21.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Польскія вакацыі з сябрамі

06.10.2013 – 12:08 | 405

Гэтае лета было для мяне асаблівым, бо крыху болей за 10 дзён я правяла ў Польшчы.

Старыя знаёмыя

Значную частку вакацыяў я бавіла разам з роднымі, дапамагала бабулі і дзядулю ў вёсцы, вывучала польскую і англійскую мовы, чытала кнігі, а таксама падарожнічала. А з 19 па 28 жніўня атрымалася пабыць у цудоўным польскім летніку ў кампаніі вельмі творчых людзей.

Польскія вакацыі з сябрамі

Арганізатарамі выезду сталі даўнія сябры. Раней я ўжо ўдзельнічала ў іх пазнаваўчых летніках. Адзін з іх – “Захаваем Беларусь для нас” – праходзіў недалёка ад Дрыбіна, у вёсцы Паташня. На гэты раз арганізатары вырашылі зладзіць імпрэзу па-за межамі Беларусі для беларусаў і палякаў.

Хараство прыроды

Да заходняй мяжы нашай Радзімы мы дабіраліся на транспарце, а вось перасякаць яе давялося пешшу. Гэта было вельмі займальна, бо мы ішлі праз Белавежскую пушчу і любаваліся хараством нашай прыроды. З польскага боку чакаў аўтобус, які перанёс нас у вёску Разлогі, дзе мы і жылі.

Польскія вакацыі з сябрамі

Удзельнікі былі проста зачараваныя прыгажосцю тых мясцінаў: паўсюль разгалістыя зялёныя дрэвы, чыстае яснае неба, велічэзная разнастайнасць красак, басейн, які адразу прыцягнуў маю ўвагу, і ўтульныя двухпавярховыя домікі. У адным з іх я і жыла.

Кася і Ася

На супольным абедзе мы пазнаёміліся з іншымі ўдзельнікамі летніку – польскімі юнакамі і дзяўчынамі. Палякаў было столькі ж, колькі і беларусаў. Нашы заходнія суседзі мне падаліся даволі ветлівымі і прыемнымі людзьмі.

Па абедзе нас размеркавалі па пакоях – жылі мы па тры чалавекі. Мне давялося дзяліць пакой з полькамі. Іх звалі Кася і Ася, ім было па 18 гадоў. Першапачаткова іх імёны блыталіся ў маёй галаве, але пазней мы лепей пазнаёміліся і ўсё стала на свае месцы. Было вельмі прыемна з імі размаўляць, а таксама ўсведамляць тое, што я іх разумею (дзякуючы маім пэўным намаганням у польскай мове). Цяпер мы перапісваемся ў фэйсбуку.

Гульні

Праз гадзінку мы ўжо стаялі ў агульным коле і па чарзе казалі свае імёны, суправаджаючы іх запамінальнымі рухамі. Гэтая гульня дапамагала ўсім лепей пазнаёміцца ў разняволенай атмасферы. Так, першы ў коле павінен быў прыдумаць нейкі рух і назваць сваё імя. Наступны чалавек павінен быў не толькі зрабіць гэткую ж прэзентацыю, але і паўтарыць імёны і рухі папярэдніх удзельнікаў і гэтак далей па коле.

Мне, як заўжды, пашанцавала, я стаяла перадапошняя, і маёй задачай было ўспомніць імёны і жэсты ўсіх папярэднікаў.
Пакуль мы знаёміліся, аргані-затары падрыхтавалі для нас вогнішча, дзе вечарам мы смажылі сардэлькі ды хлеб, а таксама частаваліся гарбатай ды кавай.

Вучоба і адпачынак

Кожны дзень у нас адбываліся цікавыя майстар-класы. Напрыклад, па гісторыі, экалогіі, па кадравай анімацыі. Я навучылася шмат чаму новаму: напрыклад, даведалася болей аб гісторыі Польшчы і пра цяперашні стан экалогіі на Зямлі.

З вясёлага і займальнага – мы плавалі на байдарках. Мне вельмі спадабалася, нягледзячы на тое, што давялося плысці чатыры гадзіны, і ўсе былі стомленыя. Але было вельмі здорава!

Польскія вакацыі з сябрамі

Вельмі прыкольным было зрабіць маску з гіпсавага бінту. Спачатку трэба было змазаць твар вазелінам, каб на твары не засталося рэшткаў гіпсу. На наступны дзень калі маскі высахлі, ўсе размалёўвалі іх, я вырашыла зрабіць сваю маску зялёнай. Цяпер яна вісіць у мяне дома на сценцы на памяць пра летнік. Гэтая маска вельмі весяліць мяне і маіх гасцей.

Беласток і Белавежа

У адзін сонечны дзень мы выправіліся ў Беласток, які месціцца зусім недалёка ад Беларусі. Там мы наведалі сядзібу радыё “Рацыя”. Людзі, якія там працуюць, распавялі пра сваю дзейнасць. Адзін з удзельнікаў нашага летніка нават даў для радыё інтэрв’ю!

Былі і ў музеях Беластока. Мелі час пахадзіць па горадзе і пачаставацца марозівам. Пакуль чакалі ўсіх каля аўтобуса, спявалі песні, таньчылі бельгійку. Дарэчы, бельгійка – гэта народны танец, якому нас навучылі палякі. Мы ж у сваю чаргу іх навучылі беларускай песні гурту NRM “Тры чарапахі”.

Пад канец летніка мы наведалі Белавежу. Там мы любаваліся зубрамі, касулямі, дзікамі, канямі.  Пагулялі па тэрыторыі Белавежскай пушчы і адправіліся ў Крушыняны. У Крушынянах наведалі татарскую мячэць, таксама пабачылі татарскую юрту. Паабедалі татарскай народнай ежай, якая вылучалася асаблівай пярчонасцю.

Развітвацца не хацелася

У перадапошні дзень у нас была гульня на арыентаванне. Удзельнікі падзяліліся на дзве каманды. Першая павінна была бегчы як мага хутчэй, зрываць бел-чырвона-белыя стужкі і пастарацца першай дабрацца да фінішу. Другая каманда стартавала праз 10 хвілін. Яе ўдзельнікі павінны былі зрываць бел-чырвона-белыя налепкі і спрабаваць спыніць першую. Выйграла першая каманда, у якой была і я.

Пасля гульні – вячэра, а яшчэ пазней – развітальная дыскатэка. Беларусы частавалі сяброў нацыянальнымі прысмакамі: печывам, зефірам, халвой, цукеркамі і г.д. Адбыўся паказ нашых фільмаў, якія мы зрабілі за час майстар-класаў па кадравай анімацыі. Патаньчылі, паразмаўлялі, вядома, не забыліся і пра бельгійку.

Польскія вакацыі з сябрамі

І вось настала раніца, 28 жніўня. Па традыцыі – сняданне з канапкамі, гарбатай. Нас сабралі на развітальную сустрэчу, дзе мы абмяркоўвалі ўсё, чым займаліся. Яшчэ паспелі перад ад’ездам пагуляць у футбол і тэніс. Развітанне, апошнія хвіліны ў кампаніі з новымі сябрамі. Слёзы і смутак. Аднак мы паабяцалі адзін аднаму, што будзем падтрымліваць сувязь праз фэйсбук.

У Беластоку ў нас была магчымасць зрабіць у краме пакупкі (не менш важная частка летніка!). А ўжо ў 9 гадзін вечара нас чакаў электравік да Гародні. Там нас забраў кіроўца, які адвёз да Мінску. У сталіцы ўсё і скончылася, было вельмі сумна развітвацца з сябрамі.

Яніна Юркова

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email