"Убачылі ўсе межы зямлі
Збаўленне Бога нашага.
Усклікай Пану, уся зямля,
Радуйцеся, спявайце і грайце."
Пс. 98
Набліжаецца радаснае хрысціянскае свята – Божае Нараджэнне!
Ад свайго імя і ад імя ўсяго духавенсва Магілёўскага рэгіёну Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі скіроўваю самыя сардэчныя віншаванні з Нараджэннем Хрыстовым і Новым 2017 годам!
У радасныя дні Божага Нараджэння ў нашых сэрцах гучаць словы прадвеснікаў Добрай Навіны аб вялікай і неспасцігальнай любові Бога да свайго стварэння: "Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан..." (Лк 2, 11). Гэтыя словы ажыўляюць нашую надзею і нагадваюць яшчэ раз пра тое, што Езус Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жадае нарадзіцца і ў нашых сэрцах.
Няхай урачыстасць Божага Нараджэння адорыць кожнага з нас моцаю Бога, які прыходзіць да нас у cваім Сыне. Як жа патрабуе сёння гэтай моцы сучасны чалавек, які часта не ўсведамляе сэнсу свайго жыцця і надзеі, які турбуецца толькі пра сваю часовую будучыню. Менавіта Езус праз сваё нараджэнне прыносіць нам сілу, радасць і святло. Няхай струмень ласкаў нованароджанага Збаўцы напоўніць нашыя сэрцы гэтым каштоўным насеннем. Няхай з гэтага насення народзіцца новы чалавек, створаны "паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды" (Эф 4, 24).
Святочнай радасці ў Пану, Ягонага супакою і ласкі жадаю таксама на надыходзячы Новы 2017 год.